Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Дзмітрый Крутой у эфіры тэлеканала «Беларусь 1» расказаў аб беларускіх прапановах для расійскага рынку.
Паводле яго слоў, апошняя сустрэча лідараў дзвюх краін паказала, што, нягледзячы на тое, што агульны тавараабарот таварамі і паслугамі складае амаль 60 мільярдаў долараў, яму ёсць куды расці, і магчымасці вялікія.
— У нас нядрэнная сітуацыя ў банкаўскай сферы, сітуацыя з фінансамі і бюджэтам. Мы можам пераразмеркаваць частку рэсурсаў на добрыя экспартныя кантракты, — адзначыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, выказаўшы пажаданне, каб гэтыя кантракты былі доўгатэрміновыя. — Тры і больш гадоў, але калі ёсць выгадныя кантракты, як кажуць, тут і цяпер (нават гадавыя), то трэба такія праграмы прапаноўваць.
Ён растлумачыў, што ў расійскага боку на рынку цяпер дастаткова высокія працэнтныя стаўкі, а аб’ём субсідый, лізінгавых праграм значна сціснуты.
— Таму ў нас ёсць магчымасці, ёсць рэсурсы гэту нішу заняць і падтрымаць нашых вытворцаў.
Дарэчы, Дзмітрый Крутой адзначыў, што паказчык тавараабароту з некаторымі расійскімі рэгіёнамі вышэйшы за сярэднія лічбы.
— Мы хацелі б выйсці на лічбы 103-105 % тавараабароту. Я цяпер кажу канкрэтна па таварах, таму што ў сферы паслуг лічбы нядрэнныя — гэта транспартныя, будаўнічыя, ІT-паслугі. Там усё якраз развіваецца нядрэнна, і там трэба проста загружаць адпаведныя прадпрыемствы і маштабавацца — з адных рэгіёнаў Расіі пераходзіць у іншыя. На самай справе сітуацыя вельмі простая.
Ён дадаў, што па традыцыйных прамысловых таварах бакі праселі, але гэта кампенсавана прадуктамі харчавання, металургіяй, часткова лёгкай прамысловасцю.
— Таму і агульныя сярэднія лічбы на сённяшні дзень выглядаюць дастаткова прымальна, — рэзюмаваў Дзмітрый Крутой.