Дзейнічаць па поклічу душы
Дзейнічаць па поклічу душы
«Для жанчын няважных пытанняў не існуе. У кожнай з нас у жыцці шмат задач, пачынаючы ад нараджэння дзяцей, працягваючы іх выхаваннем. Ёсць яшчэ работа, грамадскія абавязкі, таму заўсёды вельмі важна сустракацца з такімі спікерамі, ад якіх зараджаешся энергіяй і ў далейшым працуеш яшчэ больш эфектыўна». Такое меркаванне выказала старшыня абласной арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Гомельскай вобласці Людміла Сапега падчас сустрэчы рэгіянальных актывістак жаночага руху са старшынёй Беларускага саюза жанчын Вольгай Шпілеўскай і прэс-сакратаром Прэзідэнта Наталляй Эйсмант.
У Доме БСЖ з пачатку года Вольга Шпілеўская праводзіць сустрэчы з прадстаўніцамі саюза жанчын розных абласцей нашай краіны. У сталіцу ўжо прыязджалі неабыякавыя і актыўныя прадстаўніцы Брэстчыны і Гродзеншчыны. А з Гомельскім рэгіянальным актывам БСЖ сустрэлася Наталля Эйсмант, прэс-сакратар Кіраўніка дзяржавы і актыўны член Беларускага саюза жанчын.
— Нашы ўдзельніцы маглі задаць ёй свае пытанні, цікавіліся закуліссем: як Прэзідэнт прымае рашэнні, з якіх крыніц яму паступае інфармацыя. Жанчыны хочуць, каб Кіраўнік дзяржавы разумеў, што яны ў любы момант таксама гатовыя стаць на абарону інтарэсаў Радзімы. Усе важныя моманты, якія ёсць у нашай краіне, былі сёння абмеркаваны ў сценах Беларускага саюза жанчын. Па тым, якая атмасфера панавала ў зале, можна сказаць, што адказы на ўсе пытанні атрыманы, — падкрэсліла Вольга Шпілеўская.
Год беларускай жанчыны — незвычайны год, акцэнтавала ўвагу лідар жаночага руху Беларусі:
— Мы разумеем, што гэта павінна быць асаблівая актыўнасць. Мы павінны ведаць, што хвалюе нашых жанчын, на якія пытанні яны хочуць атрымаць адказы. Для гэтага мы і збіраемся.
Асаблівыя праекты
— Сёлета грамадскія аб’яднанні ўсіх абласцей будуць працаваць у рамках рэспубліканскага плана, — сказала Людміла Сапега. — Вядома, у Гомельскай вобласці ёсць і асаблівыя праекты. Напрыклад, у нас з’явіцца перадача «Жаночы сакрэт» на тэлебачанні, якая раскажа пра выдатных жанчын, сярод іх — шматдзетныя мамы, жанчыны, якія сваімі рукамі робяць нешта неверагоднае; жанчыны, якія дабіліся поспехаў у кар’еры. Праектаў і канкрэтных спраў у нашай арганізацыі сапраўды шмат, — рэзюміравала старшыня абласной арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Гомельскай вобласці.
Сярод творчых ідэй і яркіх праектаў на Год беларускай жанчыны, якія прапанавалі ўдзельніцы сустрэчы, быў, у прыватнасці, конкурс на мерч Першага — такую прапанову выказала адна з прадстаўніц Калінкавіцкага раёна.
— Мы абавязкова гэта зробім у рамках Беларускага саюза жанчын і даведаемся, якія ў нас яшчэ будуць прапановы, каб пашырыць дадзеную лінейку. Яшчэ адна прапанова датычылася працягу кнігі «Наш Прэзідэнт». Яна вельмі добра, скажам так, зайшла ў народ, і сапраўды вельмі хочацца, каб яна была працягнутая, — расказала кіраўніца БСЖ Беларусі.
Садам — квітнець!
А яшчэ ў гонар Года беларускай жанчыны па ўсёй краіне будуць высаджаны яблыневыя сады.
— Нам важна пакінуць пасля сябе нейкі след. А што можа быць лепш, чым пабудаваны дом або пасаджанае дрэва? У нас адкрыўся Дом беларускай жанчыны — прастора, якая заўсёды гатова прыняць жанчын. І мы вельмі хацелі пасадзіць дрэва, якое застанецца пасля нас. Мы выбралі яблыні, таму што яны прыносяць плады. Гэтыя плады мы плануем збіраць сваімі рукамі і перадаваць тым, хто ў іх мае патрэбу, — сацыяльным прытулкам, дзіцячым дамам, пажылым людзям і дзецям. Гэта стане добрай гісторыяй з працягам, якая закране сэрцы людзей, — патлумачыла Вольга Шпілеўская.