Аператыўнікі наркакантролю Магілёўскай вобласці па падазрэнні ў збыце наркотыкаў затрымалі 15-гадовую школьніцу. Пра гэта паведамілі ў МУС.
Праваахоўнікі ўстанавілі, што прапанову аб злачынным заробку дзевяцікласніца знайшла ў Інтэрнэце. Ад куратара яна атрымала спасылку на наркамаркет, прайшла навучанне і «працаўладкавалася» аптова-рознічным кур’ерам. Дзяўчына атрымлівала партыі наркотыку, фасавала і распаўсюджвала праз закладкі ў лясным масіве аблцэнтра.
Непаўналетнюю затрымалі з доказамі злачынства ў момант выканання чарговага задання. Пры ёй, а таксама ў схованках выяўлена і канфіскавана асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва 4-СМС.
Следчыя распачалі крымінальную справу за незаконны абарот наркотыкаў з мэтай збыту. Падлетак «папрацавала» на наркашоп каля месяца. Ёй пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі.
Праваахоўнікі нагадваюць, што адказнасць за падобныя злачынствы надыходзіць з 14-гадовага ўзросту. «У перыяд летніх канікул павялічваецца колькасць выпадкаў уцягвання падлеткаў у злачынную дзейнасць. Бацькі, кантралюйце сваіх дзяцей! Цікаўцеся іх захапленнямі, колам зносін, у тым ліку віртуальным. У дзіцяці з’явіліся грошы невядомага паходжання, гаджэты або іншыя каштоўныя рэчы? Яно вядзе скрытыя перапіскі ў Інтэрнэце? Ёсць падстава насцярожыцца», — падкрэслілі ў МУС.