У Беларусі за мінулыя суткі ліквідавалі дзевяць лясных пажараў, паведамляе БелТА.
Так, чатыры лясныя пажары адбыліся на тэрыторыі Брэсцкай вобласці, па два — у Гродзенскай і Мінскай абласцях, адзін — у Гомельскай. Агонь прайшоў па 4,6 га. Для ліквідацыі лясных пажараў прыцягваліся 21 адзінка тэхнікі і 67 чалавек, з іх — восем адзінак тэхнікі і 25 работнікаў МНС. Таксама зафіксаваны 44 пажары травы і кустоў на агульнай плошчы 7,5 га.
Працягваюцца работы па ліквідацыі ляснога пажару ў Пінскім лясгасе, выяўленага 23 красавіка каля аграгарадка Новы Двор. Пажар лакалізаваны. Пройдзеная агнём плошча, са слоў кіраўніцтва лясгаса, складае каля 116 га. Больш дакладныя даныя будуць атрыманы пасля ліквідацыі па выніках інструментальнай здымкі.
Акрамя таго, 25 красавіка каля 17.00 паступіла паведамленне аб выяўленні ляснога пажару на землях Пухавіцкага лясгаса каля вёскі Галенберг. Усяго для ліквідацыі пажару былі задзейнічаны 15 адзінак тэхнікі і 55 чалавек, з іх шэсць адзінак тэхнікі і 16 работнікаў МНС. Пажар лакалізаваны. Агонь прайшоў прыкладна па 3 га, з іх плошча ляснога пажару — 0,2 га.