Жыхарка Полацка стала ахвярай махляроў і перавяла ім амаль 139 тысяч беларускіх рублёў. Пра гэта паведаміла БелТА са спасылкай на Следчы камітэт.
4 лютага 60-гадовай жанчыне патэлефанаваў мужчына, які прадставіўся супрацоўнікам «Водаканала». Пад выглядам падаўжэння дагавора водазабеспячэння ён атрымаў яе пашпартныя звесткі. Неўзабаве прагучаў другі званок — ужо ад «супрацоўніка праваахоўных органаў». Ілжэахоўнік паведаміў, што папярэдні суразмоўца быў ашуканцам і на імя жанчыны нібыта аформлены крэдыты. Пад выглядам дапамогі ў затрыманні махляроў ён пераканаў яе ў неабходнасці пераводзіць грашовыя сродкі на пэўныя рахункі.
Пад кіраўніцтвам зламыснікаў пенсіянерка на працягу дзевяці дзён выконвала іх указанні: зняла з рахунку $35 тыс. і на таксі прывезла грошы ў Віцебск, дзе перадала кур’еру. Пасля яна аформіла пазыкі ў банках і пералічыла атрыманыя сродкі, а разам з імі і асабістыя зберажэнні — усяго 38,3 тыс. бел. рублёў — на названыя рахункі. Так жанчына пазбавілася амаль 139 тыс. бел. рублёў. 14 лютага пенсіянерка зразумела, што стала ахвярай падману, і на наступны дзень звярнулася ў праваахоўныя органы.
Следчыя дапыталі пацярпелую і агледзелі яе мабільны тэлефон. Выяўленая перапіска з ашуканцамі далучана да матэрыялаў крымінальнай справы. Распачата крымінальная справа па ч. 4 арт. 209 (махлярства, здзейсненае ў асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Праводзяцца следчыя дзеянні і аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы для выяўлення злачынцаў.
«Калі ў дачыненні да вас здзейснена злачынства, трэба неадкладна звяртацца ў праваахоўныя органы. Гэта дапаможа ўстанавіць зламыснікаў па гарачых слядах і не даць ім вывесці грошы з краіны. Не трэба пераводзіць свае грошы трэцім асобам, прадастаўляць свае персанальныя звесткі: супрацоўнікі праваахоўных органаў і банкаўскіх устаноў ніколі не будуць тэлефанаваць з просьбай аформіць пазыкі і перавесці сродкі на пэўныя рахункі. Важна расказаць пра ашуканцаў сваім родным і блізкім», — нагадалі следчыя.