У Беларусі 8 сакавіка адзначаюць Дзень жанчын і Міжнародны жаночы дзень. Гэта свята лічыцца днём вясны, жаночай прыгажосці, пяшчоты, цеплыні і ўвагі да жанчыны, незалежна ад яе ўзросту і статусу. У гэты дзень у адрас прыгожай паловы чалавецтва гучаць віншаванні і словы ўдзячнасці за іх стваральную працу, любоў, душэўную шчодрасць і натхненне, якое яны дораць.
Рашэнне аб штогадовым святкаванні Міжнароднага жаночага дня было прынята на другой Міжнароднай канферэнцыі сацыялістак у Капенгагене ў 1910 годзе. Ініцыятарам выступіла Клара Цэткін. Першапачатковая назва гучала так — Дзень міжнароднай салідарнасці жанчын у барацьбе за эканамічнае, сацыяльнае і палітычнае раўнапраўе. Упершыню яго адзначылі ў 1911 годзе ў Германіі, Аўстрыі, Швейцарыі і Даніі. Прычым у розных краінах урачыстасці праходзілі ў розныя чыслы сакавіка.