У Бярозе на Брэстчыне прайшлі памятныя мерапрыемствы, прысвечаныя адной з самых змрочных старонак судовай і карнай сістэмы ХХ стагоддзя. Гэты горад на Брэстчыне стаў усебеларускім месцам памяці ахвяр польскай акупацыі.
На працягу ўсяго дня людзі розных узростаў і прафесій прыносілі кветкі да мемарыяла вязням канцлагера «Бяроза-Картузская». Вядома, асноўная ўвага ў дзень смутку (напярэдадні Дня народнага адзінства) была скіравана да месца каля Чырвоных Казармаў, дзе ў 1934–1939 гадах функцыянаваў канцлагер. У гэты дзень наведаць экспазіцыю музея, дзе захоўваецца памяць пра тыя падзеі, маглі мясцовыя жыхары і госці горада — іх было шмат. Ужо не першы год сюды прыязджаюць госці з Мінска (усходу Беларусі) і Брэста (захаду), дарэчы, разам з удзельнікамі рэспубліканскага аўтапрабегу, які сімвалічна яднае ўсіх у Бярозе. Палітычных і грамадскіх дзеячаў, прадстаўнікоў дзяржаўных органаў кіравання, гісторыкаў, маладзёжных актывістаў сустракаюць мясцовыя жыхары — ветэраны працы, актыўныя грамадзяне, моладзь, школьнікі.
Зусім побач — у музеі — маглі паглыбіцца ў атмасферу цяпер ужо далёкіх часоў і на свае вочы пабачыць рэальную камеру і карцар. Эмоцыі ўзмацняліся словамі-сведчаннямі і красамоўнымі вобразамі: працавала літаратурная пляцоўка «Памяць, якую нельга падзяліць», а таксама мастацкі пленэр, прысвечаны Беларусі. Быў арганізаваны гістарычны квіз для моладзі: добра ведаць сваё мінулае — гэта значыць асэнсавана ствараць будучыню сваёй краіны.
Гаворка пра неабходнасць асэнсавання драматычных старонак гісторыі Заходняй Беларусі і значэння ўз’яднання беларускага народа ў 1939 годзе вялася з настаўнікамі, якія выкладаюць гісторыю, і з вучнямі раёна падчас інтэрактыўнай віктарыны і кніжнай выстаўкі «Беларусь: адзінства лёсу». Але больш шырокая грамадская супольнасць сабралася на дыскусійнай пляцоўцы «Адкрытыя веды» з удзелам экспертаў на пляцоўцы Духоўна-патрыятычнага комплексу — унікальнага мемарыяльнага ансамбля з храмам Архістратыга Міхаіла (нябеснага апекуна воінаў) у Старым парку горада. Адсюль рушыла шэсце да мемарыяла вязням канцлагера «Бяроза-Картузская», дзе адбыўся мітынг-рэквіем з удзелам кіраўніцтва Брэсцкага аблвыканкама, прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў і духавенства. Удзельнікі мітынгу нагадалі, што дзень 17 верасня не толькі адчыніў камеры лагера, пасля чаго ён спыніў існаванне, але гэта яшчэ і момант ажыццяўлення гістарычнай справядлівасці, калі беларускі народ, падзелены ў 1921 годзе Рыжскім мірным дагаворам, зноў стаў адзіным. Прысутныя ўшанавалі памяць закатаваных у лагеры хвілінай маўчання і ўсклалі кветкі да памятнага знака.
Дзень смутку ў Бярозе — гэта не проста даніна мінуламу, гэта жывы напамін пра цану, якую прыйшлося заплаціць беларускаму народу за права быць адзіным, размаўляць на роднай мове і жыць на сваёй зямлі. Таму 17 верасня ў Бярозе — свята: з народным ускладаннем кветак і канцэртам творчых калектываў Брэстчыны. Ва ўмовах сучаснасці «Бяроза-Картузская» застаецца важным напамінам пра тое, як няпроста здабывалася і якой цаной аплачана наша незалежнасць у розныя часы, чаму яе варта абараняць сёння.
Ларыса ЦІМОШЫК