Урачыстасць адбудзецца па благаславенні Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. Можна сказаць, што гэта свята асветніцтва — ужо традыцыйнае для краіны. Яно дазваляе ўспомніць пра тое, што калісьці першыя кнігі на нашай зямлі з’яўляліся праз пашырэнне хрысціянства, кніга сапраўды несла святло — душы, веры. Спачатку кнігі перапісвалі ад рукі, а пасля сталі друкаваць (дарэчы, першыя выданні Францыска Скарыны мелі духоўны змест, а сёлета мы адзначым 500 гадоў з выхаду яго «Апостала»). Быў час, калі вучыцца чытаць і пісаць пачыналі менавіта па гэтых кнігах. І сёння духоўная літаратура запатрабаваная ў грамадстве, таму што дапамагае людзям умацаваць каштоўнасці, спрыяе развіццю асобы, дае адказы на шмат якія жыццёвыя пытанні.
— Дзень праваслаўнай кнігі, які адбудзецца 21 лютага, — гэта мерапрыемства рэспубліканскае, яно праходзіць ужо амаль 15 гадоў. Мэтай з’яўляецца папулярызацыя праваслаўнай літаратуры, духоўнай літаратуры, — адзначыў протаіерэй Алег Кунцэвіч, старшыня Выдавецкага савета Беларускай Праваслаўнай Царквы. — Сёлета святкаванне прысвечана шэрагу юбілейных дат, якія маюць вялікае значэнне для нашай царквы і грамадства наогул. Найперш гэта 900-годдзе заснавання Спаса-Ефрасіннеўскага жаночага манастыра ў Полацку, а таксама 800-годдзе Свята-Елісееўскага манастыра ў Лаўрышаве і 555 гадоў з’яўлення абраза Божай Маці Жыровіцкай. Ёсць і іншыя адметныя даты, пра якія варта нагадваць падчас запланаваных імпрэз. У рамках Дня праваслаўнай кнігі будуць прэзентаваныя выданні Беларускай Праваслаўнай Царквы, якія датычацца гісторыі нашай краіны, утрымліваюць шмат архіўных дакументаў, маюць краязнаўчую скіраванасць. Яны будуць прадстаўлены і прапанаваныя Міністэрству адукацыі і іншым профільным ведамствам для выкарыстання ў выхаваўчым працэсе.
Урачыстае адкрыццё, якое адбудзецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, дасць пачатак серыі мерапрыемстваў па ўсёй краіне. Пройдзе канферэнцыя «Асвета беларускіх зямель праз праваслаўную кнігу. Юбілейныя даты Беларускай Праваслаўнай Царквы». У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі таксама прадставяць экспазіцыю кніг па гісторыі праваслаўя на беларускіх землях.
Як адзначыла Ірына Сушчэня, дырэктар выдавецтва Свята-Елісавецінскага манастыра, аднаго з найстарэйшых праваслаўных выдавецтваў Беларусі, тэматыка кніг можа быць розная але прызначэнне адно — дапамагчы людзям наблізіцца да Бога, зразумець сэнс праваслаўнай веры і захаваць духоўныя традыцыі. Таму важным кірункам лічыцца выданне дзіцячай праваслаўнай літаратуры: каб адцягнуць дзяцей ад смартфонаў і дастукацца да іх сэрцаў. І адным днём усё не абмяжуецца. У прыватнасці, з 23 да 28 лютага шляхі тых, хто шукае добрую кнігу духоўнага зместу, накіруюцца ў духоўна-асветніцкі цэнтр «Каўчэг» Свята-Елісавецінскага манастыра ў Мінску, шо наладзіць выстаўку «Горад, які чытае». Наведвальнікам абяцаюць цікавыя сустрэчы з пісьменнікамі, прэзентацыі кніг, літаратурныя гульні і актыўнасці, майстар-класы нават па развіцці пісьменніцкіх здольнасцяў!..
Куратар выстаўкі «Горад, які чытае» Таццяна Ціханава патлумачыла:
— Ініцыятарам і адным з арганізатараў выстаўкі з’яўляецца Свята-Елісавецінскі манастыр. Мы паспрабавалі зрабіць яе жывой, адкрытай для наведвальнікаў розных узростаў. Адна з мэт — яшчэ раз паразмаўляць з дзецьмі і іх бацькамі аб карысці добрых кніг, якія выдаюцца менавіта ў папяровым варыянце, таму мы падрыхтавалі некалькі разнапланавых экспазіцый. «Узнікненне кнігі на Русі» зверне да гісторыі, «У гасцях у казкі» прадставіць цікавыя факты пра тое, як казачныя сюжэты прасочваюцца ў Евангеллі. Экспазіцыя «Мой слоўнікавы запас» прапануе наведвальнікам пашукаць адпаведнікі замежных слоў, якіх мы сталі выкарыстоўваць зашмат, напрыклад, «Ок» — а мы ведаем як мінімум дзесяць варыянтаў замены. Яшчэ адна экспазіцыя — «Улюбёныя кнігі герояў» — раскажа пра тое, што чыталі пісьменнікі, урачы, касманаўты, прэзідэнты. Гэтыя выданні можна будзе патрымаць, адкрыць, пачытаць. «Чамадан кніг» дазволіць падабраць варыянт у дарогу, каб хутка прачытаць і з карысцю для душы. Інтэрактыўная гульня «Кніжнае кафэ» прапануе меню, дзякуючы якому кожны можа выбраць нейкую страву, якая сустракаецца ў літаратуры, а за правільныя адказы на пытанні атрымаць салодкі пачастунак. Новая выстава «Воінства зямное і нябеснае» раскажа пра святых асоб і герояў нашага часу. Спадзяёмся, што ў нас будзе шмат работ у конкурсе макетаў літаратурных персанажаў паводле вершаў і казак Маршака. Усяго за гэтыя дні пройдзе каля 50 мерапрыемстваў. Будуць гутаркі са студэнтамі і выкладчыкамі літаратуры дзеля таго, каб іх натхніць на работу з дзецьмі, якіх трэба ўмець заахвоціць чытаннем. Выкладчыкам «Асноў праваслаўнай культуры» дапаможам з метадычнымі матэрыяламі і пастараемся натхніць іх на працу.
А ва ўсіх, хто пажадае, будзе магчымасць напісаць дыктоўку па рускай і беларускай мовах.
Галоўная мэта правядзення Дня праваслаўнай кнігі — развіццё цікавасці да чытання духоўнай літаратуры, асабліва ў маладога пакалення. Яно можа для сябе адкрыць такі род кніг, якія падкажуць адказы на розныя, нават вельмі складаныя, пытанні жыцця. Пра іх важна даведацца своечасова, каб разумець, што багаты досвед шматлікіх пакаленняў нашых папярэднікаў, пакутнікаў, малітвеннікаў і святых асоб, якія жылі з верай у сэрцы, дапамог назапасіць мудрасці для нашчадкаў.