Час святкавання невыпадкова супадае ў календары з днём нараджэння славутага палесцінскага паэта Махмуда Дарвіша, чые творы, пакладзеныя на музыку, перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Яны прысвечаны пытанням дружбы, міжкультурнаму ўзаемадзеянню, поўняцца глыбокай павагай да роднай зямлі і гістарычнай спадчыны.
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Дзяржавы Палесціна ў Рэспубліцы Беларусь Камаль Ал-шахр заўважыў, што Палесціна імкнецца супрацьстаяць усялякім спробам пазбавіць яе гэтай жыццядайнай спадчыны.
Майстры культуры Палесціны, адлюстроўваючы складаную сітуацыю ў сваёй краіне, з’яўляюцца часткай народнай дыпламатыі. Таму вельмі сімвалічна прагучалі на гэтым вечары палесцінскія вершы ў перакладзе Заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Міколы Мятліцкага. Мова культуры зразумелая для ўсіх народаў — гэта яшчэ раз пацвердзілі выступленні маладых выканаўцаў са школы ўсходняга танца «Тамазур», тэатральнай студыі «Акцёр» СШ № 218 Мінска, сталічнай дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 10.
Удзел ва ўрачыстым мерапрыемстве прымалі прадстаўнікі сталічных устаноў і дзяржаўных арганізацый, замежнага дыпламатычнага корпуса, актывісты таварыства дружбы «Беларусь — Палесціна».