Раённае свята «Дзень кнігі» адбылося ў Гімназіі горада Дзяржынска. Арганізатарам фестываля, які прыцягнуў увагу сотняў школьнікаў (і нават дашкольнікаў!) і іх бацькоў, усіх кіраўнікоў устаноў адукацыі Дзяржыншчыны, стала ўпраўленне па адукацыі, спорту і турызму Дзяржынскага райвыканкама.
У госці да чытачоў прыехалі кіраўнікі выдавецтваў «Адукацыя і выхаванне», «Беларусь», Саюза пісьменнікаў Беларусі. Былі разгорнуты выстаўкі навінак ад кожнага з выдавецтваў. Удзельнікі свята маглі пазнаёміцца і з часопісамі «Вясёлка», «Буся», іншымі перыядычнымі выданнямі «Адукацыі і выхавання». Пісьменніцы Кацярына Хадасевіч-Лісавая, Зінаіда Багамолава актыўна расказвалі пра сваю творчасць, падпісвалі пакупнікам новыя кнігі — «Сакрэты аднаго каралеўства» і «У свеце загадак». Перад школьнікамі на розных пляцоўках, дзе ўдзельнікі фестываля адгадвалі герояў кніг, знаёміліся з творамі класікаў, выступілі пісьменнікі Сяргей Трахімёнак, Уладзімір Ліпскі, Валянціна Паліканіна, Іна Фралова, Алесь Карлюкевіч.
Наша раённае свята, якое мы прысвяцілі Міжнароднаму дню дарэння кніг, — падзялілася сваімі развагамі начальнік упраўлення па адукацыі, спорту і турызму Дзяржынскага райвыканкама Галіна Уладзіміраўна Гапанькова, — праводзіцца ўжо другі год запар. Галоўная ідэя — паказаць, што папяровая кніга застаецца актуальнай і зараз, без яе нельга вучыцца, атрымліваць веды ў розных галінах, ды і проста атрымліваць асалоду чытання. Вельмі прыемна, што да ўдзелу ў свяце далучаецца ўсё большая колькасць ўдзельнікаў. Мы не толькі запрасілі шмат пісьменнікаў, але і падрыхтавалі падарункі сем’ям найболей актыўных чытачоў. Лічу, што атрымалася сапраўднае свята кнігі.
«Дзень кнігі» прайшоў пры падтрымцы Дзяржынскай раённай цэнтральнай бібліятэкі. Дырэктар установы Валянціна Віктараўна Клімовіч заўважыла, што яшчэ за тыдзень да «Дня кнігі» у раённай бібліятэцы і яе філіялах прайшлі мерапрыемствы да Міжнароднага дня кнігадарэння. «Акцэнт, — расказала Валянціна Віктараўна, — мы зрабілі на тым, каб давесці да чытачоў, наведвальнікаў бібліятэкі саму ідэю кнігадарэння. Пастараліся пазнаёміць дзяцей з кнігамі-размалёўкамі, панарамнымі кнігамі, кнігамі-малюткамі, кнігамі-пазламі, вялі размову пра даведнікі, энцыклапедычныя выданні, пра тое, дзе, у якой кнізе шукаць патрэбныя звесткі на тую ці іншую тэму. У нашых фондах даволі шмат героіка-патрыятычнай літаратуры. У тым ліку — і кніга пра нашага земляка Марата Казея, якую напісаў мясцовы літаратар Барыс Савінаў. Мы і самі, бібліятэчнымі сіламі, на працягу многіх гадоў рыхтуем кнігі пра землякоў, якія не шкадавалі сваіх жыццяў для Вялікай Перамогі».
Усе ўдзельнікі свята «Дзень кнігі» у Дзяржынску былі адзінадушнымі: вопыт правядзення такіх фестываляў унікальны, варта яго развіваць і пашыраць на іншыя рэгіёны краіны.