Top.Mail.Ru

Дзень беларускіх студатрадаў адсвяткуюць у Мінску 1 жніўня. Што ў праграме фестывалю?

У Мінску 1 жніўня, у Дзень беларускіх студэнцкіх атрадаў, пройдзе гарадскі фестываль студатрадаў «Праца на карысць сталіцы!». Аб гэтым БелТА паведамілі ў прэс-службе Мінскага гарадскога камітэта БРСМ.


Насычаная праграма аб’яднае больш за 1,5 тыс. байцоў студатрадаў з усіх раёнаў горада, ветэранаў руху і пачэсных гасцей. Мерапрыемствы будуць прысвечаны папулярызацыі студатрадаўскага руху, яго гісторыі і сучасным дасягненням.

Мерапрыемствы фестывалю пачнуцца з цырымоніі ўскладання кветак ля стэлы «Мінск — горад-герой». «Ініцыятыва ўскладання кветак ішла ад самой моладзі: кожны атрад носіць імя героя Савецкага Саюза, і гэты жэст стане сімвалам павагі да гістарычнай памяці і пераемнасці пакаленнняў. Акрамя гэтага, моладзь ушануе памяць герояў мінутай маўчання», — расказалі ў арганізацыі.

На адкрытым дыялогу «Пераемнасць пакаленняў», які пройдзе на базе Тэатра-студыі кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм», ветэраны руху і байцы студатрадаў разам з намеснікам старшыні Мінгарвыканкама Андрэем Стрыгельскім і начальнікам галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама Аляксандрам Лук’янавым абмяркуюць развіццё руху, яго каштоўнасць і ролю ў жыцці сучаснай моладзі, паглядзяць імерсіўны спектакль.

Завершыць чараду мерапрыемстваў плогінг-забег «Чыстая сталіца!» у лесапарку Мядзвежына. «Спартыўна-экалагічны квест аб’яднае каманды па восем байцоў атрадаў ад кожнага раёна Мінска. Удзельнікам трэба будзе праявіць трываласць, хуткасць і камандны дух, сумяшчаючы бег са зборам смецця. Гэта падзея стане яркім прыкладам адказнага стаўлення да прыроды і здаровага ладу жыцця», — падкрэслілі арганізатары.

У Мінскай гарадской арганізацыі БРСМ усяго працаўладкавана больш за 17 тыс. маладых людзей. Колькасць атрадаў і байцоў значна павялічылася ў параўнанні з папярэднім годам, што сведчыць аб усё большай цікавасці да руху. Самымі папулярнымі напрамкамі застаюцца сэрвісны і педагагічны.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю