Top.Mail.Ru

Дзеля стварэння дыялогавай платформы

Існуе мноства фактараў, што фарміруюць згуртаванае грамадства, сярод якіх істотнымі з’яўляюцца культурная спадчына нацыі, творчыя ініцыятывы культурных дзеячаў краіны. Днямі ў рамках прэс-канферэнцыі ў Доме прэсы абмеркавалі тыя нацыянальныя мастацкія праекты, якія спрыяюць інтэграцыі розных культурных традыцый, умацаванню міжнацыянальных сувязяў і стварэнню платформы для дыялогу.


Разам — да 30-годдзя інстытута прэзідэнцтва

Старшыня ГА «Беларускі саюз мастакоў» Глеб ОТЧЫК расказаў пра выставу «Разам. Да 30-годдзя інстытута прэзідэнцтва», якая нядаўна адкрылася ў мінскім Палацы мастацтваў. У экспазіцыю ўвайшлі працы каля 70 аўтараў, іх жанравая разнастайнасць вельмі вялікая: жывапіс на самую розную тэматыку, станковая і манументальная скульптура, кераміка, габелены. «Назва адлюстроўвае адзінства ў краіне. Разам з Прэзідэнтам, са сваёй краінай. У экспазіцыі прадстаўлены нашы дасягненні за 30 гадоў», — паведаміў спікер.

Варта адзначыць, што Беларускі саюз мастакоў адзіны на постсавецкай прасторы, які захаваў унітарнае прадпрыемства, работы скульптурнага і мастацкага камбінатаў.

«Калі нядаўна я расказваў пра гэта калегам з Казахстана, яны захапляліся, маўляў, вам добра, мы ўсё гэта даўно страцілі... Паглядзіце, колькі знакавых аб’ектаў рэалізавана за апошнія гады нашымі майстрамі: ад замкаў да залаў Нацыянальнай бібліятэкі, Палаца Незалежнасці, Вярхоўнага Суда, у тым ліку „Ала“, „Трасцянец“ і многія іншыя. Гэта ўсё зроблена пры падтрымцы дзяржавы», — падкрэсліў Глеб Отчык.

Айчынная архітэктура развіваецца

Паводле слоў першага намесніка старшыні Беларускага саюза архітэктараў Вадзіма ДРАЖЫНА, адным з самых яркіх мерапрыемстваў, якія праводзяцца Беларускім саюзам архітэктараў, з’яўляюцца нацыянальныя фестывалі архітэктуры. Шаснаццаты, які адбудзецца сёлета, ужо пачалі рыхтаваць.
Традыцыйна фестываль наcычаны конкурсамі рознай тэхнікі, якія развіваюць практычную сферу дзейнасці, пачынаючы з дзіцячай і студэнцкай творчасці і заканчваючы практыкуючымі архітэктарамі. У праграму фестывалю ўвойдуць рэспубліканскі конкурс на найлепшы праект, пабудову і публікацыю, Мінскі міжнародны біенале маладых архітэктараў «Леанарда», рэспубліканскі конкурс дыпломных праектаў выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, рэспубліканскі мастацкі конкурс дзіцячай творчасці «Архітэктура роднага краю». У яго рамках пройдуць і мерапрыемствы, прымеркаваныя да 80-годдзя Вялікай Перамогі. Персанальныя тэматычныя выставы, мастацкія і сумесныя з іншымі кірункамі мастацкай творчасці, конкурсы па эстэтыцы жыцця чалавека. 

Космас наш!

У апошнія гады музей-запаведнік Юрыя Гагарына таксама актыўна ўдзельнічаў у міжнародных праектах на тэрыторыі Беларусі. Аб гэтым падрабязна расказала куратар міжнародных выставачных праектаў Федэральнай дзяржаўнай бюджэтнай установы культуры «Аб’яднаны мемарыяльны музей-запаведнік Ю. А. Гагарына» Алена ГАГАРЫНА.

Тэма космасу аб’ядноўвае, яна ўсёабдымная і вельмі актуальная. Актуальная ў розных аспектах: палітычным, сацыяльным, культурным. Паміж Беларуссю і Расіяй за гэты час было рэалізавана даволі шмат праектаў, звязаных з космасам. Пачалі з таго, што крыху больш за два гады таму арганізавалі выставу народнага мастака, скульптара Беларусі Івана Міско на радзіме першага ў свеце касманаўта Юрыя Гагарына. Яна называлася «Космас І. Я. Міско». На гэтым не спыніліся. Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Беларусі ў Мінску з удзелам музея-запаведніка Юрыя Гагарына арганізаваў выставу пад назвай «Чакайце нас, зоркі». У 2023 годзе ў Мінску прайшоў першы беларуска-расійскі музейны форум. Ён адкрыўся выставай, прысвечанай Юрыю Гагарыну. Таксама на тэрыторыі мінскага аэраклуба адкрыўся павільён “Космас” — першы і адзіны на тэрыторыі Беларусі. Я пералічыла самыя яркія мерапрыемствы, якія мы сумесна правялі. Гаварыць пра іх можна шмат» .

Дарэчы, на выставе «Мая Беларусь» таксама прадстаўлена тэма космасу. Спадзяёмся, яго асваенне і далей будзе знаходзіць адлюстраванне ў розных культурных аб’ектах і мерапрыемствах.

Сучаснае мастацтва аб’ядноўвае

Лаўрэат Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва, член ГА «Беларускі саюз мастакоў» Усевалад ШВАЙБА расказаў пра дзейнасць Саюза і яго ўнёсак у папулярызацыю сучаснага беларускага мастацтва. «Дзякуючы нашаму Саюзу было ажыццёўлена шмат нацыянальных праектаў. Хачу згадаць таксама міжнародны гуманітарны праект „Мінская ініцыятыва“, паўдзельнічаць у якім у 2021 годзе запрасілі мяне і яшчэ некалькіх беларускіх і расійскіх мастакоў. У рамках гэтага праекта стартавала мастацкая мультымедыйная акцыя „Масты“. Яны і сталі яе лейтматывам. Масты — быццам аб’яднанне дзяржаў і нацый, людзей цалкам», — падкрэсліў спікер.

Творчасць дзяцей і моладзі

Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Міністэрства адукацыі Беларусі з’яўляецца ініцыятарам і арганізатарам многіх рэспубліканскіх і міжнародных праектаў, якія аказваюць значны ўплыў на фарміраванне грамадзянскасці і патрыятызму ў дзяцей і падлеткаў.

«Намі створана асаблівая сістэма работы — конкурсная. У ёй бяруць удзел усе ўстановы дадатковай адукацыі і не толькі. На працягу шэрагу гадоў мы рэалізуем велізарны рэспубліканскі культурна-адукацыйны праект „Беларускае народнае мастацтва і дзеці“. Туды ўключаны і рэспубліканскія конкурсы праектна-даследчай дзейнасці навучэнцаў, такія як „Нашчадкі традыцый“. Яшчэ адзін цікавы конкурс — „Добры дзень, свет“. Маштабнасць гэтага праекта дзівіць — больш за 150 тысяч таленавітых, адораных дзяцей бяруць у ім удзел», — звярнула ўвагу намеснік дырэктара УА «Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Ганна АВЕРЫНА.

Фота Ларысы ЦІМОШЫК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю