У Ніжнім Ноўгарадзе 26 чэрвеня пачнецца дзелавая праграма XII Форума рэгіёнаў Беларусі і Расіі, перадае БелТА.
Форум пачаў працаваць напярэдадні, але асноўная праграма стартуе менавіта сёння. Форум рэгіёнаў павінен умацаваць гандлёва-эканамічныя, навукова-адукацыйныя і культурныя сувязі паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй. Ён накіраваны на пашырэнне дзелавых кантактаў і развіццё перспектыўных напрамкаў двухбаковага супрацоўніцтва.
- Як чакаецца, на форуме будзе падпісана больш за 100 кантрактаў на больш як Br700 млн. А за 11 гадоў форумаў, якія праходзілі ў нашых краінах, падпісана каля 1 тыс. рознага роду пагадненняў, кантрактаў на больш за $8 млрд. Што датычыцца дакументаў, якія будуць вызначаць двухбаковае супрацоўніцтва (рознага роду пагадненні, дагаворы), — іх будзе падпісана больш за 140.
На працягу двух дзён у рамках форуму разгорне работу выстава дасягненняў народнай гаспадаркі рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Тут будуць прадстаўлены перадавыя распрацоўкі і тэхналогіі беларускіх і расійскіх кампаній, асноўныя дасягненні арганізацый Беларусі і Расіі ва ўсіх галінах эканомікі.
Акрамя таго, сёння пройдзе сумеснае пасяджэнне кіруючых органаў Палаты маладых заканадаўцаў пры Савеце Федэрацыі і Маладзёжнага савета пры Савеце Рэспублікі. У гэты ж дзень адбудуцца пасяджэнні сямі секцый ХII Форума рэгіёнаў. Таксама ў гэты дзень пройдзе сесія Падліковай палаты Расіі і Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі «Сацыяльная падтрымка насельніцтва: роля інстытутаў знешняга дзяржаўнага аўдыту». На сесіі выступяць намеснік старшыні КДК Андрэй Лабовіч, кіраўнікі камітэтаў дзяржкантролю Брэсцкай, Гомельскай і Магілёўскай абласцей. На палях форуму таксама запланавана падпісанне шэрагу пагадненняў аб супрацоўніцтве паміж абласнымі камітэтамі дзяржкантролю Беларусі і кантрольна-злічальнымі органамі суб’ектаў Расіі.
Адбудзецца таксама сумеснае мерапрыемства гандлёва-прамысловых палат Беларусі і Расіі «Перспектыўныя праекты дзелавога супрацоўніцтва рэгіёнаў Расіі і Беларусі — аснова дабрабыту будучых пакаленняў».
Сустрэча старшыні Савета Федэрацыі Валянціны Мацвіенкі і старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай з прадстаўнікамі моладзі Расіі і Беларусі таксама запланавана на 26 чэрвеня.
Завершыць сённяшні дзень канцэртная праграма, якая аб’яднае артыстаў дзвюх краін розных пакаленняў. На сцэне прагучаць любімыя песні беларусаў і расіян — у дуэтным выкананні, дзе артысты стануць сімваламі культурнага дыялогу і дружбы паміж нашымі народамі. Асаблівую атмасферу створыць візуальнае афармленне, натхнёнае народнымі промысламі, традыцыйнымі арнаментамі і этнаграфічнымі матывамі — вядомымі сімваламі дзвюх краін, якія пераплятаюцца ў адзіным мастацкім кодзе.Пленарнае пасяджэнне ХII Форума рэгіёнаў Расіі і Беларусі «Моладзь Беларусі і Расіі — спадчыннікі Вялікай Перамогі і будучыня Саюзнай дзяржавы» запланавана на 27 чэрвеня.