Top.Mail.Ru

Дзе растуць кастрычніцкія падасінавікі?

Другі месяц восені радуе надвор’ем, каларытнымі пейзажамі і ... грыбамі. Але не ўсе знаходзяць іх. Часам справа тут зусім не ў лесе і ў колькасці праведзеных у ім гадзін. Як сцвярджаюць вопытныя грыбнікі: галоўнае — уменне бачыць, адчуваць лясныя скарбы. Мы пагаварылі з грыбніком з вялікім стажам і даведаліся, ці шмат цяпер у лесе грыбоў, а таксама дзе знайсці тыя самыя ўраджайныя месцы.



Знаёмцеся: магіляўчанка Ірына Філіпава — заўзятая аматарка ціхага палявання з маленства. За дарамі лесу яна заўсёды ездзіць на малую радзіму, да сваёй бабулі ў Глускі раён. З захапленнем расказвае пра грыбныя прыгоды, дзеліцца фотаздымкамі ў сацсетках і адзначае: сёлетні год асабліва шчодры на грыбы, такога ўраджаю не было ўжо даўно!

— Днямі мы набралі некалькі кошыкаў грыбоў. Ехалі дадому з поўным багажнікам. Цяпер у лесе вельмі шмат падасінавікаў, падбярозавікаў, зялёнак. Баравікі ўжо адыходзяць, — расказвае жанчына.

— Падбярозавікі знаходзіла цэлымі кучамі, па 10, па 20 штук. А крыху раней на адным месцы сабралі адразу 50 баравікоў. Грыбы восеньскія яшчэ будуць, калі застанецца цёпла, а калі пройдзе дождж, то іх стане ў разы больш, — упэўнена гаворыць Ірына Міхайлаўна. 

— Вельмі шмат грыбоў у лясах нашага раёна. А вось у іншых рэгіёнах вобласці яны не ўсюды ёсць, патрэбны дождж. Людзей, вядома, цяпер у лесе вельмі шмат. Відаць, усе едуць да нас, у Глускі раён. Заўважала, што хтосьці ходзіць з пустымі вёдрамі, а хтосьці — з поўнымі. Адразу становіцца відавочным: хто з іх сапраўдны грыбнік! Так што трэба ведаць не толькі грыбныя мясціны, а яшчэ і адчуваць грыбы, быць пільным — гэта важна.

— Нягледзячы на тое, што на календары кастрычнік, і змеі па прыкметах павінны былі ўжо адправіцца ў спячку, я сустрэла вужа. Таму хочацца папярэдзіць грыбнікоў, каб былі ўважлівыя, апраналіся ў лес правільна, — дае рэкамендацыі жанчына.


Шчаслівы кошык

Расказваючы пра свае грыбныя рэкорды і прыгоды, Ірына можа ўспомніць нямала гісторый і запэўнівае, што з грыбамі ў яе асаблівая кармічная сувязь. Яшчэ ў жанчыны ёсць даўняя прыкмета — у лес абавязкова трэба браць свой шчаслівы лазовы кошык.

— Аднойчы з мамай за дзень сабралі 34 кілаграмы лісічак. Цікава, што гэта далёка не першы наш грыбны рэкорд. Напрыклад, на свой дзень нараджэння знайшла 400 баравікоў за адну раніцу. Паважаю лес і адчуваю грыбы. Ведаю многія віды. Кожны раз шчыра дзякую лесу за ўсе дары, якімі ён са мной падзяліўся. Добра арыентуюся ў акрузе, магу паказаць, дзе які грыб расце, — кажа аматарка ціхага палявання

Ірына Філіпава — педагог па адукацыі. Працуе настаўнікам-дэфектолагам у сярэдняй школе № 11 Магілёва. Летам свой вялікі адпачынак праводзіць у вёсцы і літаральна жыве ў лесе. А калі пачынаецца праца, то таксама знаходзіць час, каб як мага часцей бываць у лесе і атрымаць больш станоўчых эмоцый.

Традыцыйна ў выхадны дзень з самай раніцы Ірына едзе ў родныя мясціны, туды, дзе спявае яе душа. Яе вёсачка Вільча гасцінна і шчодра сустракае зямлячку. І гэта любоў — узаемная.

Таццяна ПАДЛІПСКАЯ
Фота аўтара і з архіва Ірыны Філіпавай


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю