Top.Mail.Ru

Дзе і як маладому аўтару шукаць свайго чытача

«Лесвіцы» росту для пачаткоўцаў

Маладому літаратару даводзіцца прабіваць сабе шлях у культурнай прасторы, дзе ўвага чытача згубленая, а канкурэнцыя расце. Але гэтае поле заўсёды адкрытае для тых, хто гатовы быць бачным, актыўным і паслядоўным.

Прасоўванне пачынаецца з уключэння ў літаратурныя супольнасці — жывыя клубы, творчыя аб’яднанні, дыскусійныя пляцоўкі, моладзевыя ініцыятывы пры ВНУ і культурных цэнтрах. Асаблівае месца тут займае Саюз пісьменнікаў Беларусі — найважнейшая пляцоўка, якая аб’ядноўвае аўтараў розных пакаленняў, падтрымлівае маладыя галасы і адкрывае ім доступ да прафесійнай супольнасці. Поруч з Саюзам пісьменнікаў Беларусі працуе і «Майстэрня пісьменніка» — прастора, дзе маладыя аўтары вучацца пісаць, аналізаваць тэксты, атрымліваюць зваротную сувязь і знаходзяць аднадумцаў. Гэта ўваход у асяроддзе, дзе літаратар становіцца бачным для сваіх і пачынае фарміраваць уласны голас.

«Лесвіцы» росту для пачаткоўцаў

Спрыяюць папулярызацыі маладога аўтара друкаваныя медыя, якія застаюцца важным інструментам легітымацыі і прафесійнай прысутнасці. Публікацыя ў «Маладосці», «Полымі», «ЛіМе» або іншых літаратурных выданнях — гэта знак якасці, які бачаць рэдактары, арганізатары фестываляў і выдавецтвы. Важную ролю адыгрываюць і буйныя агульнанацыянальныя СМІ: напрыклад, газета «СБ. Беларусь сегодня», дзе выходзіць рубрыка «Книжная полка» з лепшымі навінкамі сучаснікаў айчыннай літаратуры. Іншыя газеты выдавецкага дома «Беларусь сегодня»

таксама рэгулярна звяртаюць увагу на новыя кнігі і імёны. На сайце sb.by часта выходзяць матэрыялы пра творцаў, іх кнігі, прэзентацыі і культурныя падзеі — гэта дае аўтару шырэйшую аўдыторыю і магчымасць быць заўважаным па-за літаратурным колам.

І тым больш прыкра, што некаторыя раённыя і абласныя выданні адмаўляюцца ад сваіх літаратурных старонак або друкуюць іх на платнай аснове за грошы аўтараў. Між тым гэтыя літаратурныя старонкі спрадвеку служылі апірышчам для маладых і сталых літаратараў. 

Вялікае значэнне мае публічная прысутнасць. У Беларусі ёсць шэраг традыцыйных культурных падзей, дзе літаратар можа быць пачуты шырокай аўдыторыяй. Гэта і Фестываль нацыянальнай песні і паэзіі ў Маладзечне, які штогод збірае паэтаў, музыкаў і аматараў беларускай культуры; Дзень беларускага пісьменства, што ператварае чарговае мястэчка ў вялікую літаратурную сцэну; свята ў Ляўках, дзе гучыць спадчына Купалы; Купалле ў Вязынцы і Александрыі, якое аб’ядноўвае фальклор, паэзію і жывы кантакт з аўдыторыяй; творчы фестываль у Ракуцёўшчыне памяці Максіма Багдановіча. Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш — асобная старонка яркай літаратурнай прасторы. Удзел у такіх падзеях — магчымасць стаць часткай нацыянальнай культурнай традыцыі. Не менш важнымі лічу і выступленні аўтараў у бібліятэках — ад сталічных да раённых. Гэта самыя адкрытыя і даступныя пляцоўкі, дзе пісьменнік можа сустрэцца з жывой аўдыторыяй. 

Быць бачным

Значная ў плане папулярызацыі асабістая прысутнасць маладых пісьменнікаў у сацыяльных сетках. 

На маю думку, сучаснай Беларусі патрэбна паўнавартасная інтэрнэт-пляцоўка — так званы нацыянальны корпус беларускай літаратуры, дзе можна было б прачытаць фрагменты кніг, скачаць электронныя выданні класікаў і сучасных аўтараў, у тым ліку і платна. Такая платформа стала б натуральным працягам традыцыі і адначасова крокам у будучыню, дзе беларуская літаратура даступная кожнаму — ад школьніка да даследчыка. Пэўным правобразам такой сістэмы ўжо выглядае «Чытанка» — выдатная ініцыятыва Міністэрства інфармацыі і Саюза пісьменнікаў Беларусі, дзе гучаць аўдыёкнігі айчынных аўтараў. 

Заявіць аб сабе ўпершыню

Літаратурныя конкурсы дапамагаюць маладым аўтарам заявіць пра сябе. Асабліва прыкметнай стала ініцыятыва Міністэрства інфарма-

цыі — конкурс стартапаў LitAP, дзе, напрыклад, упершыню загучаў голас Вікторыі Кляўко — аўтара цудоўнага вясковага рамана «Вырай», выдадзенага ў выдавецтве «Мастацкая літаратура». Побач з гэтым творчым спаборніцтвам важную ролю адыгрывае і конкурс для маладых літаратараў імя Міколы Мятліцкага, які стаў сапраўднай школай росту для пачынаючых аўтараў і даў магчымасць многім з іх упершыню заявіць пра сябе на нацыянальным узроўні. Маладыя літаратары маюць магчымасць паказаць свае творы шырэйшай аўдыторыі пры дапамозе спаборніцтва «Першацвет» пад эгідай Міністэрства інфармацыі і трапіць у поле зроку рэдактараў і выдавецтваў. Такія ініцыятывы становяцца стартам для тых, хто гатовы працаваць з тэкстам і шукаць свой шлях у літаратуру.

Рухацца ў літаратурны свет

Калі ж тэксты ў маладога літаратара ўжо гатовыя да больш сур’ёзнага этапу, можна выходзіць на супрацоўніцтва з выдавецтвамі — пачынаючы са зборнікаў, дзе ўдзельнічаюць некалькі аўтараў, і рухаючыся да ўласнай кнігі. Цудоўнай ініцыятывай у сэнсе выдання першай кнігі выступае серыя «Мінскія маладыя галасы», заснаваная Мінскім гарадскім аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі. Выдатна было б, каб пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі была заснавана спецыяльная серыя для выданняў маладых аўтараў — кшталту першай кнігі пісьменніка, якая акрыліць пачаткоўца і дапаможа яму больш пераканаўча рухацца ў літаратурны свет.

Алена БАСІКІРСКАЯ, старшыня Савета па рабоце з моладдзю Саюза пісьменнікаў Беларусі

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю