Гродзенская вобласць лідзіруе па колькасці прададзеных пустых дамоў за II квартал. Пра гэта паведамляе БелТА.
Паводле інфармацыі Нацыянальнага кадастравага агенцтва, з красавіка па чэрвень у Беларусі прададзена 357 пустых дамоў. Амаль у кожным другім выпадку (193 здзелкі) кошт склаў усяго 1 базавую велічыню. Самым выніковым месяцам стаў чэрвень — 147 продажаў.
У Дзяржкаммаёмасці прывялі лічбы па рэгіёнах: Гродзенская вобласць — 96, Мінская — 64, Брэсцкая — 63, Віцебская — 57, Магілёўская — 56, Гомельская — 21. Без таргоў прададзена 217 дамоў, праз аўкцыён — 140 дамоў.
«Цікавасць да таннай загараднай нерухомасці захоўваецца. Пакупнікі шукаюць летнія дачы, зямлю ў цішыні і базу для ўладкавання ўтульнай сядзібы», — расказалі ў камітэце.