Top.Mail.Ru
124

Дыялог замест спрэчкі: як прафсаюзныя юрысты вырашаюць працоўныя пытанні на месцах

Штомесяц толькі ў рамках прафсаюзных выязных прававых прыёмаў па юрыдычную кансультацыю або дапамогу ў вырашэнні працоўнай спрэчкі да юрыстаў ФПБ звяртаюцца ў сярэднім 500 чалавек.


Такія прыёмы традыцыйна праходзяць у апошні чацвер месяца ва ўсіх рэгіёнах краіны. Азнаёміцца з месцам і часам чарговага выязнога прававога прыёму, які адбудзецца ўжо заўтра, 26 лютага, можна на афіцыйных сайтах абласных (Мінскага гарадскога) аб’яднанняў прафсаюзаў.

Трэба адзначыць, што тэматыка пытанняў, з якімі звяртаюцца грамадзяне, застаецца шырокай. У ліку найбольш распаўсюджаных — прадастаўленне і аплата працоўных водпускаў, прымяненне норм калектыўных дагавораў, заключэнне і змяненне працоўных дагавораў, рэжым працоўнага часу і часу адпачынку, гарантыі і кампенсацыі асобным катэгорыям работнікаў, правамернасць прымянення мер дысцыплінарных спагнанняў і інш.

Практыка паказвае, што знайсці вырашэнне спрэчнай сітуацыі часта ўдаецца прама ў ходзе правядзення прававога прыёму. Так, напрыклад, у мінулым месяцы да прафсаюзнага юрыста ў Клічаўскім раёне звярнулася шматдзетная маці, якая з-за неабходнасці штодня суправаджаць дзяцей у дзіцячы садок перыядычна спазнялася на працу. Лагічна, што такая сітуацыя прывяла да напружанасці ў адносінах з кіраўніцтвам.

Па просьбе работніка юрыст аператыўна звязаўся з наймальнікам і звярнуўся з просьбай аб індывідуальнай карэкціроўцы рэжыму працоўнага часу з улікам сямейных абставін. Наймальнік праявіў гатоўнасць да канструктыўнага дыялогу. У выніку было прынята рашэнне аб ссоўванні пачатку і заканчэння працоўнага дня на 15 хвілін. Гэтае рашэнне дазволіла поўнасцю зняць канфліктную сітуацыю.

Такія прыклады паказваюць, што важны інструмент ва ўрэгуляванні працоўных спрэчак — канструктыўны дыялог, які дазваляе знайсці ўзаемапрымальнае рашэнне.

Як адзначылі ў прэс-службе, выязныя прававыя прыёмы — гэта не проста кансультацыйная практыка, а рэальны інструмент абароны працоўных правоў грамадзян. Мы бачым, што людзі маюць патрэбу не толькі ў растлумачэнні заканадаўства, але і ў падтрымцы пры ўзаемадзеянні з наймальнікамі. Задача прафсаюзаў — забяспечыць выкананне правоў работнікаў, садзейнічаць сацыяльнаму партнёрству і папярэджваць спрэчныя сітуацыі на працоўных месцах.

Нагадаем, звярнуцца па дапамогу да прафсаюзных юрыстаў можна не толькі падчас правядзення прававога прыёму. Задаць сваё пытанне можна па тэлефоне, прыйсці на асабісты прыём, пакінуць пісьмовы зварот ці звярнуцца праз спецыяльны сэрвіс на Інтэрнэт-партале ФПБ. Акрамя таго, працягвае работу Міжгаліновы маніторынгавы цэнтр ФПБ: пракансультавацца са спецыялістамі або паведаміць аб працоўнай спрэчцы можна па адзіным нумары — 8 801 100 1111 (штодня з 8.00 да 20.00).

Алена КРАВЕЦ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю