Top.Mail.Ru

Дырэктыва №12. Поўны тэкст

Дырэктыва Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 12


Аб рэалізацыі асноў ідэалогіі беларускай дзяржавы

Рэспубліка Беларусь адбылася як дзяржава, пабудаваная на прынцыпах народаўладдзя, гуманізму, сацыяльнай справядлівасці, роўнасці правоў і магчымасцяў, гістарычнай пераемнасці.

Павышэнню ўзроўню нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, умацаванню сацыяльнай салідарнасці, грамадзянскага міру і згоды садзейнічалі прынятыя меры па фарміраванні ідэалагічнай вертыкалі, рэгуляванні ідэалагічнай сферы. Напрамкі яе развіцця на сучасным этапе прадугледжваюць удасканаленне сістэмы ідэалагічнай работы, вывучэнне і ўлік рэальных інтарэсаў і запытаў насельніцтва, арыентаванасць на канкрэтныя сацыяльныя групы ў правядзенні дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі і забеспячэнне эфектыўнай камунікацыі ўлады і грамадства.

У сувязі з неабходнасцю абагульнення і сістэматызацыі назапашанага вопыту, уніфікацыі падыходаў да арганізацыі ідэалагічнай работы ў краіне, актуалізацыі нарматыўнай прававой базы, якая рэгулюе ідэалагічную сферу, зыходзячы са змяненняў у сацыяльна-эканамічным, палітычным, духоўным жыцці, а таксама ў мэтах рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі і развіцця ўсіх сфер жыцця грамадства:

1. Зацвердзіць Асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы (прыкладаюцца).

2. Забяспечыць павышэнне эфектыўнасці арганізацыі ідэалагічнай работы. Пры гэтым:

2.1. пад ідэалагічнай работай разумець мэтанакіраваную дзейнасць па практычнай рэалізацыі ідэалогіі беларускай дзяржавы;

2.2. мэтай ідэалагічнай работы вызначыць пабудову сацыяльна справядлівага грамадства праз фарміраванне ўсебакова развітой асобы, якая адстойвае нацыянальныя інтарэсы;

2.3. асноўнымі задачамі ідэалагічнай работы лічыць:

тлумачэнне і практычнае прымяненне ідэалогіі беларускай дзяржавы;

дасягненне разумення і шырокай падтрымкі насельніцтвам беларускай мадэлі грамадскага развіцця;

прапаганду дасягненняў Рэспублікі Беларусь;

умацаванне ў грамадстве адзінства, грамадзянскага міру, імкнення да стваральнай працы, узаемнага даверу дзяржавы і грамадства;

выхаванне патрыятызму, у тым ліку як гатоўнасці кожнага грамадзяніна абараняць інтарэсы дзяржавы, яе канстытуцыйны лад і тэрытарыяльную цэласнасць;

умацаванне нацыянальна-дзяржаўнай ідэнтычнасці, захаванне самабытнасці і забеспячэнне пераемнага развіцця;

стымуляванне актыўнага ўдзелу грамадзян у захаванні гістарычнай памяці і нацыянальных каштоўнасцяў;

павышэнне прававой, палітычнай, асабістай культуры і сацыяльнай адказнасці грамадзян;

зацвярджэнне высокіх маральных пачаткаў, справядлівасці, законнасці;

выхаванне маральна-псіхалагічных якасцяў, якія матывуюць на вырашэнне задач паспяховага развіцця краіны;

уцягванне ў працэс кансалідацыі грамадства ўсіх суб’ектаў рэалізацыі ідэалогіі беларускай дзяржавы;

забеспячэнне эфектыўнай камунікацыі ўлады і грамадства;

фарміраванне стваральнай павесткі ў грамадстве і яго абарону ад негатыўнага інфармацыйнага ўздзеяння;

умацаванне станоўчага міжнароднага іміджу краіны;

2.4. арганізаваць ідэалагічную работу з апорай на прынцыпы:

адзінства тэорыі і практыкі ідэалагічнай, кіраўнічай, гаспадарчай і арганізатарскай дзейнасці;

прызнання ўнікальнасці беларускай мадэлі грамадскага развіцця;

комплекснасці, сістэмнасці і навуковасці ў ажыццяўленні ідэалагічнай работы органаў дзяржаўнага кіравання ўсіх узроўняў, арганізацый усіх форм уласнасці, грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый;

датычнасці грамадзян да працэсу прыняцця рашэнняў, якія закранаюць іх інтарэсы, на ўзроўні арганізацыі, рэгіёна, галіны, дзяржавы;

прафесіяналізму і кампетэнтнасці ідэалагічных работнікаў.

3. У якасці суб’ектаў рэалізацыі ідэалогіі беларускай дзяржавы вызначыць:

дзяржаўныя органы, у тым ліку мясцовыя Саветы дэпутатаў, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы;

установы адукацыі, культуры, навукі, спорту, аховы здароўя, сацыяльнай абароны і іншыя грамадскія інстытуты;

юрыдычныя асобы, на якія ўскладзены функцыі рэдакцый сродкаў масавай інфармацыі;

грамадскія аб’яднанні і палітычныя партыі;

іншыя суб’екты гаспадарання.

Прыярытэтнымі сферамі, у якіх ідэалагічная работа знаходзіцца пад асаблівым кантролем дзяржавы, з’яўляюцца адукацыя, культура, навука, спорт, этнаканфесійныя адносіны, а таксама сямейная, маладзёжная, інфармацыйная і гістарычная палітыка.

Суб’ектам рэалізацыі ідэалогіі беларускай дзяржавы неабходна:

3.1. забяспечыць арганізацыю ідэалагічнай работы праз:

інфармацыйную дзейнасць — сістэму мерапрыемстваў па распаўсюджванні ўнутры краіны і за яе межамі інфармацыі ў інтарэсах беларускай дзяржавы для стварэння спрыяльнай інфармацыйнай абстаноўкі, якая адпавядае мэтам і задачам развіцця Рэспублікі Беларусь. Складнікамі інфармацыйнай дзейнасці з’яўляюцца:

інфармацыйна-прапагандысцкая работа — распаўсюджванне і растлумачэнне палітычна значнай інфармацыі шляхам правядзення аператыўнага, бягучага і тэматычнага інфармавання аб актуальных праблемах, абстаноўцы ў краіне і за мяжой;

контрпрапагандысцкая работа — комплекс мер па прадухіленні або мінімізацыі негатыўнага інфармацыйнага ўплыву і распаўсюджвання ў грамадстве дэструктыўных ідэй, інфармацыі і ідэалогіі праз выступленні ў працоўных калектывах, сустрэчы з насельніцтвам, а таксама па рэалізацыі іншых інфармацыйных мерапрыемстваў, у тым ліку з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі, інтэрнэт-рэсурсаў;

выхаваўчую дзейнасць — сістэму мерапрыемстваў па ўздзеянні на свядомасць, светапогляд, волю і пачуцці грамадзян у мэтах фарміравання ідэйна-маральнай асобы. Выхаваўчая дзейнасць уключае грамадзянска-патрыятычнае, сямейна-бытавое, духоўна-маральнае і прафесійнае выхаванне;

сацыяльна-культурную дзейнасць — сістэму мерапрыемстваў, накіраваных на павышэнне ўзроўню агульнай культуры насельніцтва, яго далучэнне да нацыянальных каштоўнасцяў, здаровага ладу жыцця, прафілактыку негатыўных сацыяльных праяў. Сацыяльна-культурная дзейнасць рэалізуецца праз сацыяльную падтрымку, прававую асвету, а таксама праз правядзенне культурна-масавых, спартыўных мерапрыемстваў, арганізацыю вольнага часу, калектыўнага адпачынку, развіццё мастацкай самадзейнасці;

3.2. укараняць і выкарыстоўваць наступныя кірункі ідэалагічнай работы:

фарміраванне і падрыхтоўка ідэалагічнага актыву, навучанне формам і метадам камунікацыі з грамадствам, калектывам і грамадзянамі;

вывучэнне грамадскай думкі;

укараненне і распаўсюджванне розных форм камунікацыі ўлады і грамадства, у прыватнасці адзіных дзён інфармавання, справаздач улады перад насельніцтвам, дыялогавых пляцовак, грамадскіх прыёмных, сустрэч з працоўнымі калектывамі і па месцы жыхарства грамадзян, грамадскіх абмеркаванняў;

распаўсюджванне і растлумачэнне грамадска значнай інфармацыі ў адпаведнасці з асноўнымі задачамі ідэалагічнай работы з дапамогай установы і арганізацыі дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі і інтэрнэт-рэсурсаў;

стварэнне інфармацыйных і метадычных матэрыялаў, твораў літаратуры і мастацтва, аказанне паслуг, накіраваных на захаванне і папулярызацыю беларускай мадэлі грамадскага развіцця;

падтрымка, у тым ліку фінансавая, праектаў у галіне патрыятычнага выхавання, захавання і папулярызацыі гісторыка-культурных каштоўнасцяў і самабытнасці беларускага народа;

узаемадзеянне з рэлігійнымі арганізацыямі, зарэгістраванымі ў Рэспубліцы Беларусь, у пытаннях духоўна-маральнага выхавання насельніцтва, захавання традыцыйных каштоўнасцяў, прафілактыкі сацыяльнай неўладкаванасці, процідзеяння дэструктыўным рэлігійным плыням;

ацэнка мастацкай прадукцыі, рэкламы, інфармацыйнага, публіцыстычнага і забаўляльнага кантэнту на прадмет адпаведнасці асновам ідэалогіі беларускай дзяржавы;

арганізацыя і правядзенне мерапрыемстваў, прысвечаных дзяржаўнай сімволіцы, дзяржаўным святам, святочным дням і памятным датам;

3.3. рэалізоўваць кірункі ідэалагічнай работы з улікам спецыфікі вырашальных задач і існуючай абстаноўкі, а таксама на аснове вынікаў праведзеных навуковых і сацыялагічных даследаванняў.

4. У мэтах далейшага ўдасканалення ідэалагічнай работы ў працоўных калектывах устанавіць, што:

4.1. ідэалагічная работа ў працоўных калектывах накіравана на падтрымку ўнутранай і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь, умацаванне спрыяльнага маральна-псіхалагічнага клімату, фарміраванне ў членаў працоўнага калектыву светапогляду, заснаванага на пачуцці патрыятызму, грамадзянскай сталасці, усведамленні прыналежнасці да беларускага народа, прафесійнай і асабістай адказнасці за дасягненне высокіх вынікаў у працы;

4.2. арганізацыя ідэалагічнай работы ў працоўных калектывах ускладаецца на кіраўніка арганізацыі, непасрэдная каардынацыя ідэалагічнай работы — на аднаго з яго намеснікаў. У выпадку неабходнасці дадаткова ўводзіцца пасада намесніка кіраўніка арганізацыі па ідэалагічнай рабоце;

4.3. арганізацыі ўсіх форм уласнасці:

выбудоўваюць сваю дзейнасць на аснове сацыяльнай адказнасці перад дзяржавай, грамадствам, працоўным калектывам і асобным грамадзянінам;

удзельнічаюць у вырашэнні грамадска значных пытанняў, у тым ліку шляхам рэалізацыі навукова-даследчых, адукацыйных, спартыўных, дабрачынных, экалагічных, гуманітарных і іншых праектаў;

забяспечваюць умовы для ўдзелу работнікаў у дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў, прафесійных саюзаў на аснове патрабаванняў заканадаўства;

арганізуюць з членамі працоўнага калектыву інфармацыйную работу па разглядзе актуальных пытанняў развіцця арганізацыі, галіны, рэгіёна, дзяржавы і вырашэння праблем, што ўздымаюцца грамадзянамі.

5. Павысіць якасць ідэалагічнай работы ў краіне. У гэтых мэтах вызначыць наступнае:

5.1. каардынацыя і аналіз эфектыўнасці, маніторынг арганізацыі і правядзення ідэалагічнай работы ў краіне, забеспячэнне ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў і іншых арганізацый у сферы ідэалогіі беларускай дзяржавы ўскладаюцца на Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;

5.2. каардынацыя ідэалагічнай работы ў галінах (сферах дзейнасці), у тым ліку вызначэнне комплексных падыходаў да яе рэалізацыі ў падведамасных арганізацыях, узаемадзеянне з галіновымі прафсаюзамі, іншымі грамадскімі аб’яднаннямі, ускладаецца на ўпраўленні (аддзелы, сектары) ідэалагічнай работы дзяржаўных органаў. Гэта работа ажыццяўляецца сумесна з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі;

5.3. каардынацыя ідэалагічнай работы на адпаведнай тэрыторыі, у тым ліку вызначэнне комплексных падыходаў да яе рэалізацыі ў арганізацыях усіх форм уласнасці, а таксама дзейнасці арганізацыйных структур грамадскіх аб’яднанняў ускладаецца на камітэты (галоўныя ўпраўленні, упраўленні, аддзелы) ідэалагічнай работы і па справах моладзі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў;

5.4. прызначэнне на пасады, вызваленне ад пасад і падаўжэнне кантрактаў*:

намеснікаў старшынь рай- , гарвыканкамаў, за выключэннем Мінскага гарвыканкама, намеснікаў кіраўнікоў адміністрацый раёнаў у гарадах, якія каардынуюць ідэалагічную работу, старшынь камітэтаў, начальнікаў галоўных упраўленняў (упраўленняў, аддзелаў), загадчыкаў сектараў ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкамаў (Мінскага гарвыканкама), рай-, гарвыканкамаў, адміністрацый раёнаў у гарадах, намеснікаў кіраўнікоў, якія каардынуюць ідэалагічную работу ў арганізацыях, падпарадкаваных Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь, установах вышэйшай адукацыі, установах адукацыі і арганізацыях, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы навукова арыентаванай адукацыі, а таксама асоб, адказных за работу са сродкамі масавай інфармацыі ў дзяржаўных органах, узгадняюцца з Адміністрацыяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;

галоўных рэдактараў дзяржаўных рэспубліканскіх сродкаў масавай інфармацыі, а таксама сродкаў масавай інфармацыі, заснавальнікамі якіх у рэгіёнах з’яўляюцца аблвыканкамы (Мінскі гарвыканкам), мясцовыя Саветы дэпутатаў абласнога ўзроўню, у галінах (сферах дзейнасці) — адпаведныя дзяржаўныя органы і арганізацыі, узгадняюцца з Міністэрствам інфармацыі і Адміністрацыяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;

* Акрамя пасад, уключаных у кадравыя рэестры кіраўніка дзяржавы і Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;

намеснікаў кіраўнікоў, якія каардынуюць ідэалагічную работу ў дзяржаўных і іншых арганізацыях з колькасцю работнікаў 600 чалавек і больш, установах адукацыі (за выключэннем названых у абзацы другім гэтага падпункта), якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы прафесійна тэхнічнай адукацыі, установах сярэдняй спецыяльнай адукацыі, узгадняюцца з аблвыканкамамі (Мінскім гарвыканкама);

намеснікаў кіраўнікоў, якія каардынуюць ідэалагічную работу ў дзяржаўных і іншых арганізацыях з колькасцю работнікаў да 600 чалавек, установах агульнай сярэдняй адукацыі, узгадняюцца з рай-, гарвыканкамамі, адміністрацыямі раёнаў у гарадах;

кіраўнікоў дзяржаўных рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі, заснавальнікамі якіх з’яўляюцца рай-, гарвыканкамы, мясцовыя Саветы дэпутатаў базавага ўзроўню, узгадняюцца з аблвыканкамамі і Міністэрствам інфармацыі;

5.5. для выканання функцый па каардынацыі ідэалагічнай работы Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь задзейнічае:

Нацыянальную акадэмію навук Беларусі, Міністэрства адукацыі, Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь — для навуковага, навукова-метадычнага суправаджэння ідэалагічнай работы;

Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў, Нацыянальную акадэмію навук Беларусі — для экспертна-аналітычнага і сацыялагічнага суправаджэння ідэалагічнай работы;

Міністэрства інфармацыі — для інфармацыйнага суправаджэння ідэалагічнай работы;

рэспубліканскае дзяржаўна-грамадскае аб’яднанне «Беларускае таварыства «3нание» — для інфармацыйна-метадычнага суправаджэння ідэалагічнай работы.

6. Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дзяржаўным органам, у тым ліку мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, праводзіць на сістэмнай аснове ацэнку эфектыўнасці ідэалагічнай работы.

7. Ускласці персанальную адказнасць за стан ідэалагічнай работы:

у працоўным калектыве — на кіраўніка арганізацыі;

у рамках асобнай галіны (сферы дзейнасці) — на кіраўніка адпаведнага дзяржаўнага органа;

на тэрытарыяльным узроўні — на кіраўніка мясцовага выканаўчага і распарадчага органа.

8. Дзяржаўным органам і іншым арганізацыям забяспечыць:

штогадовае планаванне ідэалагічнай работы;

належную арганізацыю ідэалагічнай работы асобамі, адказнымі за яе правядзенне. Прымаць меры па павышэнні прафесійнага ўзроўню адказных асоб.

9. Дзяржаўным органам, у тым ліку мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, забяспечыць:

разгляд на калегіях (саветах, пасяджэннях) пытанняў, якія датычацца розных аспектаў арганізацыі ідэалагічнай работы, не радзей як адзін раз у год;

прыцягненне суб’ектаў грамадзянскай супольнасці да ўдзелу ў рэалізацыі ідэалогіі беларускай дзяржавы.

10. Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь забяспечыць распрацоўку і давядзенне да зацікаўленых крытэрыяў, індыкатараў, перыядычнасці ацэнкі эфектыўнасці ідэалагічнай работы.

11. Асаблівасці арганізацыі ідэалагічнай работы ў дзяржаўных органах (арганізацыях), іх падраздзяленнях, якія ўваходзяць у склад сіл забеспячэння нацыянальнай бяспекі, вызначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

12. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у трохмесячны тэрмін забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з дадзенай Дырэктывай і прыняць іншыя меры па яе рэалізацыі.

13. Кантроль за выкананнем гэтай Дырэктывы ўскласці на Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

14. Прызнаць страціўшымі сілу ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (дадатак).

15. Дадзеная Дырэктыва ўступае ў сілу ў наступным парадку:

пункты 1-11, 13 і 14 — праз тры месяцы пасля афіцыйнага апублікавання дадзенай Дырэктывы;

іншыя палажэнні гэтай Дырэктывы — пасля яе афіцыйнага апублікавання.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр ЛУКАШЭНКА

9 красавіка 2025 г. г. Мінск

Дадатак да Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 12

ПЕРАЛІК указаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія страцілі сілу

1. Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 чэрвеня 2003 г. № 254 «Аб дзейнасці інфармацыйна-прапагандысцкіх груп і аб удзеле кіраўнікоў рэспубліканскіх і мясцовых дзяржаўных органаў і іншых дзяржаўных арганізацый у ідэалагічнай рабоце».

2. Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 жніўня 2003 г. № 369 «Аб унясенні змяненняў ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 чэрвеня 2003 г. № 254».

3. Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 лютага 2004 г. № 111 «Аб удасканаленні кадравага забеспячэння ідэалагічнай работы ў Рэспубліцы Беларусь».

4. Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 10 верасня 2004 г. № 439 «Аб унясенні змяненняў ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 чэрвеня 2003 г. № 254».

5. Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 10 чэрвеня 2005 г. № 269 «Аб унясенні змяненняў ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 чэрвеня 2003 г. № 254».

6. Падпункты 1.37 і 1.45 пункта 1 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 12 студзеня 2007 г. № 23 «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў ва ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, прызнанні страціўшымі сілу некаторых указаў і асобных палажэнняў указаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».

7. Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 мая 2007 г. № 216 «Аб унясенні змяненняў ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 чэрвеня 2003 г. № 254».

8. Пункт 10 дадатку да Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 жніўня 2008 г. № 445 «Аб некаторых пытаннях органаў дзяржаўнай статыстыкі».

9. Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 верасня 2010 г. № 502 «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 чэрвеня 2003 г. № 254».

10. Падпункт 1.8 пункта 1 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 жніўня 2011 г. № 338 «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».

ЗАЦВЕРДЖАНА

Дырэктыва Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 12

Асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы

У Рэспубліцы Беларусь сфарміравана ўласная мадэль грамадскага развіцця, якая стала практычным увасабленнем ідэалогіі беларускай дзяржавы.

Ключавымі дасягненнямі беларускай мадэлі грамадскага развіцця з’яўляюцца:

суверэнны характар унутранай і знешняй палітыкі;

высокі ўзровень грамадскай бяспекі, міжканфесійная і міжнацыянальная згода;

захаванне і мадэрнізацыя рэальнага сектара эканомікі;

высокі ўзровень занятасці насельніцтва, адсутнасць рэзкага сацыяльнага і маёмаснага расслаення;

даступнасць і высокая якасць медыцыны, адукацыі і сацыяльнага абслугоўвання;

стварэнне сучасных і роўных для ўсіх умоў заняцця масавым спортам, далучэння да культурнай і духоўнай спадчыны;

нізкі ўзровень карупцыі, сацыяльна адказны і нацыянальна арыентаваны дзяржаўна-кіраўнічы апарат.

Сучаснае жыццё характарызуецца ўзнікненнем новых відаў і форм занятасці, павышэннем адукацыйнага ўзроўню насельніцтва, змяненнем сацыяльнай структуры грамадства. Развіццё глабальнай камп’ютарнай сеткі Інтэрнэт, сацыяльных сетак, лічбавізацыя садзейнічаюць пераносу часткі грамадскіх адносін на віртуальныя пляцоўкі, з’яўляюцца новыя формы ўзаемадзеяння ўлады і грамадства. Даступнасць транспартнай інфраструктуры і інфармацыйная адкрытасць садзейнічаюць павышэнню мабільнасці насельніцтва, а таксама дыферэнцыяцыі каналаў атрымання інфармацыі. Фарміруецца беларуская грамадзянская супольнасць, якая раздзяляе з дзяржавай адказнасць за лёс краіны і народа.

У той жа час Беларусь сутыкаецца з пагрозай знешняй агрэсіі, якая прымае характар гібрыднага супрацьстаяння: інфармацыйныя войны, барацьба ідэй і сэнсаў, насаджэнне чужой дэструктыўнай ідэалогіі. Разнастайныя каналы давядзення інфармацыі выкарыстоўваюцца недружалюбнымі сіламі ў мэтах дэстабілізацыі палітычнай сітуацыі, нагнятання сацыяльнай напружанасці і дэфармацыі традыцыйных духоўна-маральных каштоўнасцяў. У першую чаргу разбуральнае ўздзеянне накіравана на сям’ю, сістэму адукацыі, традыцыйныя канфесіі, армію, інстытуты дзяржаўнай улады. Робяцца спробы сказіць гісторыю, абясцэніць ролю беларускага народа ў дасягненні перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, адмаўляць яго генацыд з боку нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых, уклад у агульны вынік працы савецкіх пакаленняў, поспехі суверэннага перыяду развіцця Беларусі.

У такіх умовах мабілізаваць грамадства на захаванне народнага адзінства, нацыянальнай ідэнтычнасці, нацэленасці на апераджальнае развіццё дазволяць трывалая ідэйная аснова, глыбокае разуменне грамадзянамі краіны асаблівасцяў беларускай мадэлі грамадскага развіцця.

Асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы распрацаваны ў развіццё палажэнняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і ў мэтах забеспячэння адзінства ідэй, поглядаў і ўяўленняў аб беларускай мадэлі грамадскага развіцця, абароны асобы, грамадства і дзяржавы ад дэструктыўнай ідэйнай і каштоўнаснай экспансіі.

Ідэалогія беларускай дзяржавы — сістэма ідэй, поглядаў і ўяўленняў, якая адлюстроўвае нацыянальна-гістарычныя традыцыі, інтарэсы і каштоўнасці беларускага народа, вызначае мэты развіцця асобы, грамадства і дзяржавы.

Складовымі кампанентамі ідэалогіі беларускай дзяржавы з’яўляюцца:

культурна-гістарычны — комплекс сталых перакананняў аб паходжанні народа, фарміраванні і развіцці яго самасвядомасці ад самабытнай этнічнай супольнасці да нацыі, якая ўсведамляе сваю прыналежнасць да ўсходнеславянскай цывілізацыі;

палітычны — сістэма ўяўленняў народа аб асноўных этапах фарміравання беларускай дзяржаўнасці, умовах станаўлення і асаблівасцях інстытутаў дзяржавы, грамадзянскай супольнасці, ступені іх адпаведнасці традыцыям, сучасным патрэбам і інтарэсам нацыі, напрамках і шляхах далейшага развіцця гэтых інстытутаў, а таксама аб месцы беларускай дзяржавы на міжнароднай арэне, яе мэтах, прынцыпах і прыярытэтах у выбудоўванні адносін з іншымі краінамі;

эканамічны — сістэма поглядаў адносна мадэлі арганізацыі эканамічнага жыцця краіны, якая прадугледжвае разумны баланс розных форм уласнасці і гаспадарання, разуменне ролі дзяржавы ў эканамічных працэсах, уяўленне аб справядлівым размеркаванні нацыянальнага багацця;

сацыяльны — сукупнасць ідэй аб салідарнасці, сацыяльнай справядлівасці, маральнасці, патрыятызме, абавязках, правах і свабодах чалавека, балансе інтарэсаў розных сацыяльных груп.

Асноўныя палажэнні ідэалогіі беларускай дзяржавы.

Культурна-гістарычны кампанент грунтуецца на прыналежнасці беларусаў да ўсходнеславянскага свету, цывілізацыйнай роднасці з рускім і ўкраінскім народамі.

Ядром фарміравання беларускай дзяржаўнасці сталі Полацкае і Тураўскае княствы. Таксама гістарычнымі формамі беларускай дзяржаўнасці, якія належаць і ўсім іншым датычным народам, з’яўляліся Старажытнаруская дзяржава, Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае, Рэч Паспалітая, Расійская імперыя. Пачатак станаўленню нацыянальнай беларускай дзяржаўнасці дала Кастрычніцкая рэвалюцыя. Яе вынік — абвяшчэнне 1 студзеня 1919 г. ССРБ (пасля — БССР), якая ў якасці раўнапраўнага суб’екта выступіла адной з заснавальніц СССР. Рэспубліка Беларусь з 1991 года з’яўляецца правапераемніцай БССР. Рэальны суверэнітэт і незалежнасць беларускай дзяржавы былі дасягнуты ў перыяд пасля ўстанаўлення прэзідэнцкай формы праўлення.

У сілу свайго геаграфічнага размяшчэння на беларускіх землях гістарычна склалася этнаканфесійная разнастайнасць. Верацярпімасць, двухмоўе, мірнае суіснаванне прадстаўнікоў усіх канфесій і этнічных груп сталі найважнейшымі ўмовамі адзінства і згоды ў сучасным беларускім грамадстве.

Размяшчэнне на стыку дзвюх цывілізацый — паміж Усходам і Захадам — зрабіла жыццёва неабходным фарміраванне ў беларусаў такіх якасцяў, як стойкасць, мужнасць, рашучасць, самаахвярнасць. Цэментуючай асновай сучаснага беларускага грамадства выступае памяць аб усенародным супраціўленні нацызму і гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Палітычны кампанент ідэалогіі беларускай дзяржавы будуецца на прынцыпе пераемнасці этапаў грамадска-палітычнага развіцця беларускага грамадства і дзяржавы.

Ключавымі асновамі, якія садзейнічаюць устойлівасці беларускай палітычнай сістэмы, з’яўляюцца народаўладдзе, прэзідэнцкая рэспубліка як найбольш аптымальная форма праўлення, а таксама моцная дзяржаўная ўлада.

Дзяржаўны суверэнітэт — залог росквіту беларускага народа і тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы. У сваю чаргу роўнасць усіх перад законам, грамадзянская згода і адзінства нацыі выступаюць галоўнымі ўмовамі рэалізацыі беларускай мадэлі грамадскага развіцця.

Рэспубліка Беларусь з’яўляецца дзяржавай — заснавальнікам ААН, раўнапраўным суб’ектам міжнародных адносін, які выступае за прызнанне разнастайнасці шляхоў устойлівага развіцця.

Беларусь адданая агульнапрызнаным прынцыпам міжнароднага права, перш за ўсё суверэннай роўнасці дзяржаў, непарушнасці граніц, мірнага ўрэгулявання спрэчак, неўмяшання ва ўнутраныя справы іншых краін, непадзельнасці бяспекі.

Знешняя палітыка краіны накіравана на падтрыманне міру, выключэнне этнічнай, нацыянальнай, рэлігійнай і іншай варожасці, фарміраванне і ўмацаванне шматпалярнасці ў сферы міжнародных адносін, узаемавыгаднае і раўнапраўнае супрацоўніцтва з іншымі краінамі і народамі, павагу права выбару імі свайго шляху.

У рамках эканамічнага кампанента дзяржава праводзіць сацыяльна арыентаваную эканамічную палітыку, мэтай якой з’яўляецца забеспячэнне сацыяльнай справядлівасці і дабрабыту грамадзян праз прадастаўленне кожнаму роўных магчымасцяў, справядлівае размеркаванне даброт, падтрыманне годнага ўзроўню жыцця.

Гарантыяй дасягнення пастаўленай мэты выступае наяўнасць у дзяржавы прыродных, матэрыяльных, духоўных, інтэлектуальных рэсурсаў, якія маюць агульнанацыянальнае значэнне, у тым ліку прызнаных грамадствам унікальнымі.

Беларуская эканамічная мадэль грунтуецца на працавітасці і прафесіянаналізме як універсальных мерках сацыяльнага поспеху і грамадскага прызнання, удзеле членаў працоўных калектываў у кіраванні арганізацыямі для павышэння эфектыўнасці іх працы і паляпшэння ўзроўню жыцця народа.

Беларуская эканамічная мадэль прадугледжвае дзяржаўнае рэгуляванне эканамічнай дзейнасці ў інтарэсах чалавека і грамадства, збалансаванае развіццё матэрыяльнай вытворчасці і сферы паслуг, шырокае выкарыстанне перадавых дасягненняў айчынных і замежных навукі і тэхнікі, беражлівыя адносіны да прыроды і руплівае выкарыстанне рэсурсаў.

Павышаная ўвага з боку дзяржавы ўдзяляецца забеспячэнню эканамічнай бяспекі, асабліва энергетычнай і харчовай.

Сацыяльны кампанент ідэалогіі беларускай дзяржавы вызначаецца зацвярджэннем і культываваннем у грамадстве традыцыйных духоўных каштоўнасцяў, духоўных і маральных арыенціраў, гуманнасці і салідарнасці, сацыяльнай справядлівасці і недапушчэння расслаення і дыскрымінацыі.

Міжасобаснае ўзаемадзеянне, заснаванае на добразычлівасці, памяркоўнасці, узаемапавазе, разважлівасці, дазваляе розным сацыяльным і нацыянальным групам выбудоўваць раўнапраўны і канструктыўны дыялог.

Кансалідацыі беларускага грамадства садзейнічае калектывізм як форма жыццядзейнасці, якая прадугледжвае прыхільнасць грамадзян да агульнай справы, гатоўнасць аказваць дапамогу адзін аднаму ў дасягненні агульных стваральных мэт.

Беларусы застаюцца вернымі традыцыйным сямейным каштоўнасцям, што абумоўлівае гарманічнае фарміраванне маральнай, інтэлектуальнай і фізічна развітой асобы.

Адносіны чалавека, грамадства і дзяржавы заснаваны на вяршэнстве права, балансе інтарэсаў, сацыяльным аптымізме, узаемных клопаце, адказнасці і абавязацельствах.

Гатоўнасць абараняць канстытуцыйны лад, суверэнітэт і незалежнасць Рэспублікі Беларусь, фарміраванне пазітыўнага вобразу сваёй краіны, умацаванне міжпакаленчых сувязяў, захаванне і папулярызацыя ўласных культурных традыцый і духоўных каштоўнасцяў — свяшчэнны абавязак кожнага беларуса.

Рэалізацыя асноў ідэалогіі беларускай дзяржавы будзе садзейнічаць захаванню дзяржаўнага суверэнітэту, забеспячэнню нацыянальнай бяспекі, развіццю беларускага народа як унікальнай гістарычнай супольнасці, самарэалізацыі чалавека ў гармоніі з грамадскімі патрэбамі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю