У Баранавічах 59-гадовая жанчына перавяла ашуканцам больш за Br16 тыс., паведамляе БелТА са спасылкай на УУС Брэсцкага аблвыканкама.
Жыхарка Баранавічаў адказала ў месенджары на званок з невядомага нумара. Суразмоўца ёй прадставіўся работнікам «Водаканала» і паведаміў пра неабходнасць тэрмінова замяніць лічыльнікі вады. Паводле яго слоў, абанентам рассылаюць СМС з кодам, які і з’яўляецца нумарам лічыльніка. Яго патрабавалася прадыктаваць, што і зрабіла жанчына.
Пазней ёй зноў патэлефанавалі. На гэты раз незнаёмец выдаў сябе за супрацоўніка Дэпартамента фінансавых расследаванняў. Ён шакіраваў жанчыну паведамленнем, што на яе імя ашуканцы аформілі рахунак для незаконных пераводаў і яна стала фігуранткай крымінальнай справы. Затым зносіны перайшлі ў рэжым відэазванка. Зламыснікі заявілі, што для пазбягання вобыску і канфіскацыі ўсіх каштоўнасцяў, трэба задэклараваць грошы, гэта значыць перавесці іх на нібыта бяспечныя рахункі. Пры гэтым аферысты пераканалі жыхарку Баранавічаў, што раскрываць інфармацыю нельга, паколькі гэта сакрэт следства.
«Напалоханая жанчына перавяла больш за Br16 тыс. на прадастаўленыя рэквізіты. Затым, каб перавесці яшчэ больш, заклала ў ламбард усе свае каштоўнасці. На шчасце, пільны дырэктар ламбарда западозрыла нядобрае і дапамагла пацярпелай звярнуцца ў праваахоўныя органы. Распачата крымінальная справа паводле ч. 3 арт. 209 (махлярства, учыненае ў асабліва буйным памеры) КК», — расказалі падрабязнасці ва УУС Брэсцкага аблвыканкама.
Праваахоўнікі звяртаюць увагу, што супрацоўнікі дзяржаўных органаў ніколі не патрабуюць перавесці грошы на якія-небудзь рахункі для выратавання або дэкларавання. Яны не просяць паведаміць коды з СМС, даныя банкаўскіх карт, паролі ад інтэрнэт-банкінгу. Спецыялісты далі некалькі рэкамендацый, каб не стаць ахвярай махляроў. «Паўза — галоўная зброя. Атрымаўшы трывожны званок, пакладзтце трубку, не паддавайцеся паніцы. Самастойна знайдзіце афіцыйны тэлефон арганізацыі, ад імя якой тэлефануюць, і перазваніце, каб удакладніць інфармацыю. Абавязкова парайцеся з роднымі, блізкімі або знаёмымі. Ашуканцы баяцца гэтага больш за ўсё. Ніколі і нікому не паведамляйце канфідэнцыйную фінансавую інфармацыю», — параілі ва УУС Брэсцкага аблвыканкама.