Свой прафесійны шлях Эла Барысава пачынала ў сістэме адукацыі. У 2011 годзе прыйшла працаваць ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Чэрвеньскага райвыканкама. Праз два гады ёй прапанавалі паспрабаваць сябе ў тагачасным Доме-інтэрнаце для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Яна хутка пагадзілася і ні на секунду не сумняваецца ў правільнасці свайго рашэння.
Як дырэктар Чэрвеньскага дзіцячага сацыяльнага пансіяната «Ігуменскі» Эла Барысава адказная за жыццё і развіццё 296 пражываючых там: з іх 83 — дзеткі да 18 гадоў, астатнія паўналетнія. Усе яны — дзеці-інваліды і маладыя інваліды з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

— У кожным трэба ў першую чаргу бачыць чалавека, — пераканана жанчына.
За сваё добрае сэрца і працаздольнасць у лютым яна стала пераможцай у рэспубліканскім конкурсе «Жанчына года — 2025». Аднак гэту ўзнагароду дырэктар лічыць заслугай усяго калектыву.
«Мы вартыя быць першымі»
Так пачынае расказваць пра заслугі ўстановы наша суразмоўніца.
— Мы стараемся, каб пра нас ведалі. Шмат працуем, хочам скокнуць вышэй за галаву, зрабіць больш, здавалася б, чым дазваляюць нашы магчымасці. Мяне часам пытаюць пра адчуванні ад гэтай работы. Заўсёды гавару праўду: я тут быццам усё жыццё. Я мясцовая, чэрвеньская, страху працаваць ніколі не было. Эла Барысава тэлефон з рук амаль не выпускае, бо ў любы момант можа спатрэбіцца яе дапамога на рабоце. За ўвесь час, які мы правялі ў пансіянаце, склалася такое адчуванне, што тут жыве адна вельмі-вельмі вялікая і згуртаваная сям’я.
Пры ўваходзе нас якраз і сустрэла фігура сям’і: на ёй выяўлены мама, тата і дзеці, якія моцна трымаюцца за рукі. Для тых, хто пражывае ў пансіянаце, сям’ёй сталі яго работнікі, гаворыць дырэктар.

— Сёння ў нас працуюць 282 спецыялісты. Ва ўсіх даволі вялікая загружанасць, таму што нашы выхаванцы маюць парушэнні ў развіцці, ёсць у іх інтэлектуальная недастатковасць і фізічныя парушэнні рознай ступені.
72 чалавекі знаходзяцца на пасцельным рэжыме, 32 лічацца маючымі патрэбу ў паліятыўным доглядзе, гэта значыць, людзьмі з вычарпаным жыццёвым патэнцыялам. Пражываюць дзеці, у якіх устаноўлены гастрастомы, ёсць і тыя, у каго ўстаноўлены трахеастомы. Менавіта таму людзі, якія працуюць у нашым пансіянаце, павінны мець пэўны склад характару — без гэтага ў нас затрымацца не зможаш. Калі ў цябе няма спагады да людзей, працаваць будзе проста немагчыма. На шчасце, тут мноства чулых людзей і добрых спецыялістаў. Многія нашы дзеткі не могуць самі сябе апрануць, памыць, пакарміць — ім дапамагаюць няні, санітаркі, выхавальнікі. Але мы спрабуем развіваць у іх здольнасці і ўменні. Ёсць у нас дзеці, якія пачынаюць хадзіць ва ўзросце 6-7 гадоў. Новыя ўменні — найлепшая ўзнагарода, таму што ад гэтага залежыць якасць жыцця.
Самаму малодшаму пражываючаму ў пансіянаце 5 гадоў, самаму даросламу, Сашу Сячко, споўнілася 37. Дырэктар пансіаната ведае асабістую, месцамі цяжкую гісторыю амаль кожнага дзіцяці. Дарэчы, усіх, нават ужо дарослых дзядзечак, яна называе «дзеткамі».
— У Сашы цяжкая сардэчная паталогія, — працягвае жанчына. — Калісьці ўрачы казалі, што ён не пражыве больш за 16 гадоў. А ён пражыў ужо 20, уяўляеце? Саша жыве ў нас з 7-гадовага ўзросту — прыехаў задоўга да мяне. Калі я ўладкавалася сюды на работу, ён ужо быў маладым чалавекам. Нам прапаноўвалі перавесці яго ў іншы пансіянат, дзе пражываюць дарослыя людзі, але мы яго не аддалі — разумеем, што змена акружэння і персаналу, тых людзей, з якімі ён прывык жыць у сваёй групе, як у сям’і, можа прывесці да трагічнага зыходу.
Сістэма выбудаваная
Дзень у пражываючых у пансіянаце вельмі насычаны, падкрэслівае дырэктар.
— Усё ў нас адладжана! Хаос непазбежны, калі не выбудаваць дакладную сістэму. Дзеці прачынаюцца, з імі праводзяць гігіенічныя працэдуры. Далей традыцыйна змена бялізны. Потым ранішняя зарадка і сняданак. Да абеду дзеці да 18 гадоў вучацца. Мы абавязкова ўдзяляем увагу кожнаму: тыя, у каго вычарпаны жыццёвы патэнцыял, праходзяць сэнсарнае навучанне.
Затым прадугледжана прагулка, адводзіцца і свабодны час. Працуюць таксама дзве майстэрні, дзе моладзь займаецца творчасцю. У сталярнай майстэрні — работа з дрэвам у хлопчыкаў. Ёсць таксама дэкаратыўна-прыкладная, якая бліжэй дзяўчынкам. Яны вышываюць крыжыкам, малююць карціны па нумарах, вяжуць шкарпэткі.

А вясной і летам хлопцы і дзяўчаты з задавальненнем выходзяць на градкі.
— Мы разам высаджваем расаду, — з гонарам кажа дырэктар. — У нас ёсць тры цяпліцы, паўгектара зямлі занята градкамі. Сёлета ў нас будуць памідоры, агуркі, трошкі перцаў. Ураджай радыскі знялі. Вітамінізуемся!
Да таго ж у пансіянаце працуе вельмі актыўны культарганізатар. Яна рыхтуе з падапечнымі канцэртныя праграмы да розных свят. Моладзь з ахвотай глядзіць фільмы і мульт-фільмы. Тут працуе камп’ютарны гурток, куды моладзь звычайна асабліва спяшаецца. Усе жадаючыя могуць займацца вакалам. Рэгулярна праводзяцца фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы.
— Навучыць асаблівага чалавека танцу няпроста, — тлумачыць Эла Барысава. — Але мы развучваем! Ёсць у нас і тэатр ценяў.
Дарэчы, у пансіянаце прытрымліваюцца прынцыпу арганізацыі рознаўзроставых груп — каб у групе заўсёды заставаўся старэйшы.
— А ці ўспамінаюць дзеткі сваіх бацькоў? — цікавімся мы.
— Так, — адказвае дырэктар. — Добрасумленныя бацькі забіраюць дзетак дадому на канікулы. А дзеці ўсё роўна чакаюць вяртання ў пансіянат. Ведаеце, чаму? Яны тут знаходзяцца ў калектыве сабе падобных, дзе ніхто не кпіць з іх, тут усё ўладкавана такім чынам, каб яны развівалі свае магчымыя таленты на тым узроўні, на якім могуць.

Яны маюць патрэбу ва ўвазе і любові
Ёсць дзеці, расказвае з сумам у вачах Эла Барысава, якія пры іншых абставінах маглі б жыць з роднымі мамай і татам:
— Мы не вельмі вітаем тое, што бацькоўскае дзіця аказваецца ў нас. Таму што, як бы там ні было, згодна з Кодэксам «Аб шлюбе і сям’і», дзіця павінна мець права на тое, каб расці ў сваёй сям’і. Але мы разумеем, зноў жа, што ў сілу нейкіх парушэнняў у інтэлектуальнай і іншых сферах, асабліва калі ў бацькоў ёсць яшчэ малодшыя дзеці, бацькі вымушаны часам прыняць складанае рашэнне.
З аптымізмам наша суразмоўніца паведамляе:
— Але ў нас ёсць чат у месенджары — бацькі многіх нашых дзетак з’яўляюцца яго ўдзельнікамі. Там мы публікуем поспехі нашых жыхароў. Зразумела, што не кожны дзень. Але раз на тыдзень, а то і часцей — можна ўбачыць. І да дзетак сваіх трэба прыходзіць, з імі можна камунікаваць. Яны маюць патрэбу ва ўвазе і любові. Адказным бацькам гэта нават нагадваць не трэба.
Яна ВАЛАСАЧ
Фота Валерыя КАРТУЛЯ