Усё добрае рана ці позна заканчваецца. Вось і чарговы сезон хакейнага клуба «Дынама-Мінск» у Кантынентальнай хакейнай лізе падышоў да завяршэння. Як звычайна напрыканцы думаецца, што ўсё можна было зрабіць лепш і больш. І тут варта адразу акрэсліць, што гэта найлепшы сезон «зуброў» у КХЛ. Ніколі раней балельшчыкі не хадзілі на матчы ў сярэдзіне красавіка. А сёлета дынамаўцы падарылі ім такую магчымасць, калі прайшлі ў другі раўнд плэй-оф Кантынентальнай хакейнай лігі. Упершыню ў гісторыі!
Выхад, прычым заўчасны, клуба ў стадыю плэй-оф нечаканасцю не стаў. Апошнія пяць сезонаў мінскія хакеісты стабільна даходзілі да гэтай стадыі. І гэтак жа стабільна не праходзілі далей першага раўнда. Тройчы іх не пускала туды СКА. А ў сезоне 2023/2024 мінскія дынамаўцы ў першым раўндзе спаборнічалі з маскоўскімі аднаклубнікамі і прайгралі ў 1/8 фіналу. У гэтым сезоне сапернікам «Дынама-Мінск» у першым раўндзе плэй-оф стаў маскоўскі ЦСКА. Упершыню ў гісторыю выступленне ў плэй-оф «зубры» пачалі дома. На роднай арэне яны ўпэўнена выйгралі дзве гульні. У Маскве дзве гульні прайгралі. Пасля дома паказалі неверагодныя 7:0, ведалі б тады аматары і хакеісты, што іх чакае наперадзе. І замацавалі поспех перамогай у Маскве.
З вынікам у серыі 4:2 «зубры» прарваліся ў другі раўнд плэй-оф. А там іх чакаў чакаў чалябінскі «Трактар» — бронзавы прызёр КХЛ сезона 2023/2024, лідар Усходняй канферэнцыі. Каманда загадзя мацнейшая, але і дынамаўцы «хлопчыкамі для біцця» ў гэтай серыі не былі. Зусім не былі, хоць і вынік у серыі 4:1. У кожным матчы хакеісты «Дынама-Мінск» змагаліся да апошняга, біліся па максімуме сіл і магчымасцяў. Праўда, не без памылак, але ж не памыляецца той, хто нічога не робіць. А іх адзіная перамога ў гэтым супрацьстаянні, здабытая на лёдзе «Мінск-арэны» з вынікам 8:0, — найбуйнешая перамога ва ўсёй гісторыі каманды. І гэта адзін з рэкордаў хакеістаў «Дынама-Мінск» у гэтым сезоне. І за гэта спартсменам і трэнерам варта сказаць вялікі дзякуй.
«Лічу, што серыя ў цэлым выйшла роўнай. Два першыя матчы ў гасцях мы выдатна адыгралі, але не ўтрымалі перамогі. У чацвёртай гульні дома таксама не дацярпелі. У гэтым сезоне мы зрабілі вялікі крок наперад, падрасла добрая моладзь. На жаль, у плэй-оф крыху не хапіла вопыту», — адзначыў капітан каманды Андрэй Стась пасля апошняй гульні з «Трактарам».
«Давайце будзем аб’ектыўныя: „Трактар“ — вельмі майстарская каманда, якую многія эксперты з самага пачатку называлі галоўным прэтэндэнтам на Кубак Гагарына ў гэтым сезоне. Я асабліва рады за нашу моладзь — Віталь Пінчук, Вадзім Мароз, Ягор Борыкаў узялі на сябе ролю лідараў і паказалі выдатны прагрэс. Гэты сезон атрымаўся дастойным не толькі для „Дынама“, але і для ўсяго беларускага хакея», — заўважыў старшыня Федэрацыі хакея Беларусі Аляксандр Багдановіч.
У гэтым сезоне «зубры» паказалі свой патэнцыял. А ён большы, чым можа падацца на першы погляд, бо нават у тых матчах, якія скончыліся паражэннем, яны выглядалі дастойна. Проста, як заўважыў галоўны трэнер Дзмітрый Квартальнаў, ёсць моманты, якія сапернік рэалізуе лепш.
«Гэты сезон паказаў нам сілу мінскага „Дынама“, сілу шчырай падтрымкі балельшчыкаў, сілу хатняй арэны, зладжанай працы каманды, мудрасці трэнерскага штаба. А самае важнае — гэты сезон паказаў нам, што мы на правільным шляху, і далей — больш. Разам мы паставілі не адзін рэкорд: гульні, ачкі, аншлагі. Зайшлі так далёка, дасягнулі пастаўленай мэты і рэалізавалі мару даўжынёй у 17 сезонаў. Апетыт прыйшоў падчас ежы, і мы былі гатовыя здзейсніць прарыў. Годна гулялі супраць лідара Усходняй канферэнцыі. І, нягледзячы ні на што, напісалі самую слаўную старонку ў гісторыю нашага клуба», — падсумаваў генеральны дырэктар клуба Арцём Каркоцкі.
Гэты сезон яшчэ будуць абмяркоўваць і аналізаваць, рабіць высновы і выпраўляць памылкі. Яго будуць памятаць вельмі доўга. А пакуль хочацца проста падзякаваць камандзе за эмоцыі, якія яны падарылі. За тое, што кожны матч на трыбунах «Мінск-арэны» больш за 15 тысяч чалавек і яшчэ сотні тысяч аб’яўдноўваліся ў адным звяне каля тэлевізараў. Такое магчыма толькі ў спорце. Дзякуй за гэта, «зубры».
Фота ХК «Дынама-Мінск»