Top.Mail.Ru

Два жаночыя партрэты пэндзля Юдаля Пэна аднавіў віцебскі рэстаўратар

Два жаночыя партрэты сталі завяршальнымі карцінамі з калекцыі знакамітага віцебскага мастака Юдаля Пэна, над якой з 1992 года працаваў мастак-рэстаўратар абласнога краязнаўчага музея Юрый Кегелеў. Майстар расказаў аб тым, у якім стане былі палотны, аб іх асаблівасцях і аб тым, калі іх змогуць убачыць у Мастацкім музеі.



На карцінах адлюстраваны В.Насакіна-Пісарэнка (партрэт напісаны ў 1925 годзе) і невядомая дзяўчына. «Гэтыя два партрэты — завяршальныя ў маёй рабоце над рэстаўрацыяй усёй калекцыі Пэна. У нашым музеі налічваецца яго 160 карцін і 12 графічных работ. Усе яны паступілі да нас у 1992 годзе ў тым выглядзе, у якім былі эвакуіраваны ў 1941 годзе. Практычна ўсе яны знаходзіліся ў аварыйным стане — разрэзаныя, складзеныя ў чатыры столкі, згорнутыя ў трубку, перакладзеныя лістамі паперы.

 

Напрыклад, былі двайныя партрэты, разрэзаныя напалову, каб лягчэй скласці іх і вывезці. Цяпер яны выстаўляюцца ў нас побач як асобныя карціны, але экспертыза паказала, што яны раней складалі адно цэлае. Два гады мне спатрэбілася толькі на тое, каб разабраць гэту калекцыю. Канкрэтна гэтыя жаночыя партрэты былі на арыгінальных палотнах, і мне як спецыялісту было цікава вывучаць і іх адваротны бок», — растлумачыў рэстаўратар.

Ён расказаў, што на многіх карцінах з адваротнага боку знаходзіліся наклейкі галерэі Пэна, дзе яны раней выстаўляліся, і зняць іх было няпроста. «Іх прыклейвалі сталярным клеем, вельмі агрэсіўным па саставе, і некаторыя такія наклейкі адбіваліся на правым баку», — адзначыў Юрый Кегелеў.

 

Спецыяліст падкрэсліў, што пасля рэстаўрацыйнага савета жаночыя партрэты зоймуць сваё месца ў экспазіцыі Пэна ў Мастацкім музеі, дзе якраз і выстаўляюцца работы вядомага жывапісца.

Таксама рэстаўратар анансаваў праект, які плануюць рэалізаваць у час «Славянскага базару ў Віцебску». «Цяпер мы рыхтуем экспазіцыйную залу ўсяго для двух палотнаў — карціны Пэна „Сват“ і адной з вядомых работ Марка Шагала, якая прыедзе з Траццякоўскай галерэі. Яны будуць пераклікацца сюжэтна, а таксама пакажуць сувязь двух вялікіх творцаў — настаўніка і яго вучня, якія праславілі наш горад і беларускае мастацтва», — сказаў Юрый Кегелеў.

 

Дарэчы, да 172-годдзя Пэна рэстаўратар зрабіў павялічанае фота мастака, як мяркуецца, 1912 года. Хутчэй за ўсё, яго зрабіў прыезджы фатограф. На чорна-белым здымку жывапісец пазіруе ў сваёй прасторнай майстэрні. Па правую руку ад яго можна ўбачыць карціну «Развод» і пазнаць герояў, адлюстраваных на вялікім палатне, над аднаўленнем якога таксама працаваў Юрый Кегелеў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю