Top.Mail.Ru
213

Духоўны цэнтр у Будславе запрашае на святы

Па прапанове Прэзідэнта ў Беларусі ствараюцца духоўныя цэнтры вядучых канфесій. Канферэнцыя, прысвечаная дзейнасці Рымска-каталіцкай царквы і развіццю адной з галоўных святыняў — Будславу — прайшла ў Доме Прэсы.


Як паведаміў намеснік Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Сяргей Герасіменя, Рымска-каталіцкая царква, якая з’яўляецца другой буйнейшай канфесіяй у нашай краіне, налічвае больш як 440 рэлігійных абшчын, 4 епархіі, 7 манаскіх абшчын, 9 місій. З часоў развалу СССР і набыцця нашай краінай незалежнасці вернікам было перададзена больш як 300 культавых будынкаў, і сёння ў краіне налічваецца 524 касцёлы. Рымска-каталіцкая царква з’яўляецца надзейным партнёрам дзяржавы ў рэалізацыі сацыяльных праграм, рэалізуе асветніцкія, выхаваўчыя і культурныя ініцыятывы. Стварэнне духоўнага цэнтра дазволіць развіваць новыя праграмы, прывіваць духоўныя каштоўнасці. Рашэнне Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў абраць для яго Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Будславе не было нечаканым. Штогод гэтая святыня прыцягвае тысячы паломнікаў і турыстаў з Беларусі.

Прычым пакланіцца цудадзейнаму абразу прыязджаюць людзі рознага веравызнання. І гэта адно з пацвярджэнняў таму, што наша краіна з’яўляецца месцам міжканфесійнага міру і згоды. 

Як нагадаў Сяргей Герасіменя, у жніўні намеснікам Прэм’ер-міністра Наталляй Пяткевіч зацверджаны комплекс мерапрыемстваў па развіцці духоўных цэнтраў. У рамках яго плануецца зрабіць Будслаў, як і іншыя духоўныя цэнтры, больш заўважным на турыстычнай карце. Прычым гэта датычыцца не толькі ўнутранага турызму, цэнтры будуць прэзентавацца і на міжнародных выстаўках. Прадугледжана стварэнне музеяў канфесій, правядзенне чытанняў, выставак.

Неабходна развіваць і інфраструктуру. Яшчэ шмат трэба зрабіць для аднаўлення касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі пасля пажару, але ўжо сёння трэба клапаціцца і пра тое, дзе прымаць шматлікіх гасцей. Усё ж Будслаў — невялікае мястэчка, якое знаходзіцца ў далечыні ад «цывілізацыі». Але гэта святое месца заслугоўвае таго, каб людзі маглі тут затрымацца на некалькі дзён. Пробашч Касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі Аляксей Раманчук расказаў пра зафіксаваныя ў пісьмовых крыніцах цуды, якія адбываліся ў гэтых мясцінах. Яшчэ ў пачатку ХVІ стагоддзя Божая Маці явілася манаху, які ў зіму ў віхуру заблукаў у лесе. Другі раз яе з’яўленне было 2 ліпеня 1588 года падчас службы. А колькі сведчанняў неверагодных збаўленняў ад хвароб звязана з абразам Божай Маці Будслаўскай, пачынаючы з ХVІ стагоддзя і да нашых дзён! Аляксей Раманчук расказаў пра адно з іх, зацверджанае праваслаўнай жанчынай у 2017 годзе. Пасля аўтамабільнай аварыі яна трапіла ў рэанімацыю з траўмамі, несумяшчальнымі з жыццём. Але пасля таго, як ёй паклалі пад падушку абразок Божай Маці Будслаўскай, здарылася незвычайнае: у сне яна ўбачыла выяву з абраза і пачула словы Божай Маці, што ўсё будзе добра. Жанчына пайшла на папраўку. 

Аляксей Раманчук заўважыў, што Будслаў стаў месцам, куды можна прыехаць набрацца сіл, духоўнасці, адчуць Божую прысутнасць. Сюды людзі прыязджаюць не толькі на Будслаўскі фэст, які ладзіцца ў ліпені ў гонар Божай Маці.

Да Сусветнага дня абароны дзяцей Будслаў прымае каля тысячы малых. Гэта вельмі прыгожы фестываль з малітвамі, канцэртам, забавамі і пачастункамі для дзяцей.

Кожную суботу ў мястэчка едуць вернікі з розных куткоў, каб паўдзельнічаць у малітвах, канферэнцыях, сустрэцца з цікавымі людзьмі. 

У чаканні Раства ў Будславе праходзяць ранішнія літургіі. Людзі збіраюцца перад работай і заняткамі ў школе і са свечкамі ў яшчэ паўцемры касцёла ўдзельнічаюць у адмысловай малітве ў гонар Божай Маці. Падрыхтавацца да свята можна па-рознаму: праз духоўныя практыкі, праслухоўванне лекцый, а яшчэ вялікі акцэнт робіцца на міласэрнасць і дабрачыннасць.

Будслаўская парафія дапамагае двум сацыяльным дамам, пад апекай якіх знаходзяцца людзі старэйшага ўзросту, перадае рэчы, у якіх тыя маюць патрэбу. 

Зусім нядаўна пры касцёле нарадзілася новая традыцыя. З розных куткоў Беларусі людзі едуць сюды сустракаць Новы год. Яны прыбываюць позна ўвечары 31 снежня, бяруць удзел у сумеснай літургіі. Калі куранты б’юць 12, вернікі дзякуюць Богу за тое, што атрымалі за мінулы год і просяць блаславення на новы.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ.

Чытайце таксама: Духоўны прыстанак. Усе дарогі вядуць у Будслаў

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю