Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў прыняла рашэнне аб стварэнні духоўнага цэнтра каталікоў на базе касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў аграгарадку Будслаў. Гэта адна з чатырох малых базілік ў нашай краіне. Касцёл вядомы з 1504 года. Будслаўскі абраз Божай Маці — адзін з найбольш шануемых у Беларусі. Фэст, які праводзіцца ў гонар гэтай святыні, унесены ў спіс нематэрыяльных культурных каштоўнасцяў ЮНЕСКА. Штогод сюды прыязджаюць тысячы паломнікаў з розных куткоў Беларусі і замежжа...
Як стварэнне духоўнага цэнтра можа паўплываць на развіццё святыні, расказаў прэс-сакратар Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Юрый Ясевіч:
— У кожнага чалавека ёсць месцы, якія яму дарагія і куды ён імкнецца прыязджаць. Гэта можа быць вёска, дзе ён нарадзіўся, ці адкуль родам яго бацькі. Там знаходзяцца храмы, дзе ён быў ахрышчаны і дзе ўдзельнічаў у духоўным жыцці. У той жа час трэба думаць і пра соцыум, грамадства. Важна мець святыні, якія аб’яднаюць усіх вернікаў, дзе яны будуць адчуваць сябе адной сям’ёй. Будслаў — асаблівае месца для ўсіх каталікоў Беларусі. Яшчэ ў 1998 годзе кардынал Казімір Свёнтэк адзначыў, што гэта нацыянальны санктуарыум. Сёння гэта, вядома, і адзін з папулярных турыстычных аб’ектаў. Тысячы пілігрымаў і турыстаў сюды прыязджаюць таму, што адчуваюць святасць гэтага месца. Тут жыве наша Маці, абраз Найсвяцейшай Дзевы Марыі слыве цудамі з пачатку ХVII стагоддзя. Яны працягваюцца і ў наш час. Пацвярджэнне таму — воты каля абраза. Прымаўку, што ўсе «дарогі ідуць ў Рым», у Беларусі можна перайначыць: тут усе дарогі вядуць у Будслаў. З розных куткоў нашай краіны і з-за мяжы сюды ідуць пілігрымы. Яны пераадольваюць вялікі шлях з малітвамі. Сярод іх — і сем’і з маленькімі дзецьмі на руках. Ёсць пілігрымкі на хлебе і вадзе. З Мінска людзі могуць ісці чатыры дні і ўвогуле нічога не есці. Хіба такая ахвяра — не доказ, што гэта месца асаблівае? Прычым пакланіцца абразу імкнуцца прадстаўнікі розных канфесій. Гэта таксама пацвярджэнне таго, што Будслаў — нацыянальны санктуарыум, месца, якое адкрыта для ўсіх, тут усе будуць пачуты.
— Напэўна пра асаблівае стаўленне беларусаў да Будслава сведчыць і тая падтрымка, якую касцёл атрымаў пасля пажару ў 2021 годзе?
— Бяда паказала салідарнасць народу. Падтрымка была на розных узроўнях, і з боку улад, і ад простых грамадзян з усіх куткоў Беларусі. За вельмі кароткі час была сабрана вялікая сума. Ужо шмат зроблена, накрыты дах, адноўлены фрэскі на купале. Хацелася б, каб загучалі арганы. Сёння вядуцца праектныя работы для правядзення рамонту і рэстаўрацыі. Пасля распрацоўкі праектна-сметнай дакументацыі патрабуецца ўключэнне аб’екта ў Дзяржаўную інвестыцыйную праграму.
— Стварэнне духоўнага цэнтра будзе садзейнічаць таму, каб не толькі святыня, але і землі вакол яе станавіліся яшчэ больш прыгожымі, значнымі?
— Праца па стварэнні духоўнага цэнтра толькі пачынаецца. Мы вельмі шмат павінны зрабіць на будучыню, каб прывабіць як вернікаў, так і турыстаў. Будслаў ужо ўключаны ў шматлікія турыстычныя маршруты, але па дарозе да яго можна заехаць у іншыя мясціны, каб пабачыць не толькі веліч гэтага храма, але і сціплае парафіяльнае жыццё ў вёсках. Важна ствараць інфраструктуру, каб людзям было дзе спыніцца на начлег, каб яны захацелі на больш працяглы час затрымацца ў рэгіёне.
— Побач з касцёлам ў Будславе ёсць тэрыторыя, якую са стварэннем духоўнага цэнтра напэўна таксама можна задзейнічаць?
— Тут мог бы з’явіцца духоўны гарадок. Цудоўна было б стварыць дом пілігрыма, моладзевы і сацыяльны цэнтры, музей. Але сёння трэба працаваць не толькі над добраўпарадкаваннем канкрэтнага месца, але і прасоўваць саму ідэю духоўнага цэнтра. Гэта могуць быць інтэрнэт-курсы, старонкі ў сеціве. У Будславе ужо зараз праходзяць розныя набажэнствы, так званыя навэнны, звязаныя са значнымі падзеямі. Кожную першую суботу месяца канкрэтныя манаскія супольнасці з розных рэгіёнаў рыхтуюць сваю праграму, гэта могуць быць канферэнцыі, навуковыя даклады, малітоўныя набажэнствы. На такія мерапрыемствы прыязджаюць сотні людзей. Як бачыце, ужо сёння Будслаў прымае багата гасцей не толькі на ліпенскі фэст, а на працягу ўсяго года.
— Напэўна, няма беларуса, які б не чуў пра абраз Божай Маці ў Будславе. Стварэнне духоўнага цэнтра будзе садзейнічаць таму, каб людзі больш ведалі і пра іншыя святыні?
— Сапраўды, у нашай краіне многа абразоў, якія не толькі ўшаноўваюцца вернікамі, але і адзначаныя афіцыйнай касцёльнай уладай, каранаваныя каронамі Папы Рымскага. Напрыклад, летась ў Барунах прайшлі ўрачыстасці з нагоды каранацыі абраза Маці Божай Барунскай. Каранаваныя абразы — Тракельская на Гродзеншчыне, у Бярэсці, Жыровічах, Бялынічах. Варта рабіць выстаўкі і мерапрыемствы, дзе людзі могуць даведацца пра абразы, храмы, зацікавіцца імі, вырашыць з’ездзіць у мясціны, дзе яны знаходзяцца.
— Ці можа духоўны цэнтр у Будславе стаць тым месцам дзе людзі змогуць пачуць у тым ліку і пра святыні іншых канфесій?
— Духоўныя цэнтры ствараюцца не толькі для таго, каб паглыбіць сваю веру. Яны адкрыты для ўсіх. Мы ўсе — грамадзяне адной краіны. Цудоўна, што духоўныя цэнтры ўсіх канфесій знаходзяцца у розных гарадах. Трэба стварыць узаемныя праекты, каб людзі розных рэгіёнаў маглі пабачыць, напрыклад, тыя ж выстаўкі святынь. Гэта цудоўны прыклад добрасуседства.
— У чым сакрэт беларускай талерантнасці? Чаму людзі розных канфесій заўсёды на нашай зямлі жылі ў міры?
— Напэўна, усё звязана з добрым выхаваннем і разуменнем каштоўнасці міру. Гэта перадаецца з ДНК. Не павінна быць штучнага раздзялення, мы не проста жывём разам, а накіраваны на стваральную працу. Таму ведаем, што павінны дапамагаць адзін аднаму, а часам і саступаць. Гэта стагоддзямі прывівалася не толькі на ўзроўні сям’і, суседзяў, але і ў грамадстве. Помнік чатыром рэлігіям у Іўі— яскравы прыклад таго, як можна разам жыць у адным мястэчку, адным грамадстве. Ён паказвае, што гэта для нас важна.
— Стварэнне духоўных цэнтраў можа быць адказам на выклік лічбавай эпохі, калі гаджэты замяняюць жывыя зносіны?
— Сёння шмат размоў пра тое, што штучны інтэлект можа замяніць чалавека. Тэхналогіі паляпшаюць жыццё, але важна не забывацца і пра душу. Катэхізіс, увогуле хрысціянскае навучанне, гаворыць што чалавеку дадзены розум, воля і душа. Калі чалавек не насыціць душу, ён не будзе ў паўнаце шчаслівы. Духоўныя цэнтры дазволяць захоўваць традыцыйныя каштоўнасці, садзейнічаць гарманічнаму развіццю сям’і, грамадства. Будслаў павінен стаць месцам спаткання з Богам і з людзьмі. Тут, як і ў іншых духоўных цэнтрах, можна будзе знаёміцца з людзьмі з розных рэгіёнаў, дзяліцца ўласным досведам, выслухоўваць іншых, дапамагаць, разам рабіць добрыя справы.