Top.Mail.Ru

Духоўны прыстанак: Іўе

У лютым Прэзідэнт выказаў прапанову аб стварэнні кропак прыцяжэння для вернікаў усіх канфесій. Для развіцця духоўнага цэнтра мусульман абрана Іўе — унікальнае мястэчка, дзе стагоддзямі ў міры і згодзе жылі прадстаўнікі розных рэлігій. У горадзе ўсталяваны помнік «Адзінства чатырох канфесій». Таксама тут знаходзіцца ўнікальны Музей нацыянальных культур. У Іўі захаваліся храмы традыцыйных канфесій і па сутнасці ўжо сам горад — ідэальная пляцоўка для стварэння цэнтра прыцягнення вернікаў і дыялогу аб адзінстве народа.



Іўеўская мячэць — найстарэйшая на тэрыторыі Беларусі. Яна пабудаваная ў 1884 годзе. У Іўе захоўваюцца і ўнікальныя элементы культуры беларускіх татар. Традыцыі вырабу мугіроў у 2025 годзе прысвоены статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці. Духоўны жывапіс татар сёння дапамагаюць перадаваць такія майстры як Эмілія Шабановіч і Селім Ільясевіч. 

— У Іўі самая вялікая татарская абшчына (больш за 500 чалавек). Яна змагла захавацца ў складаныя гістарычныя перыяды, перажыла дзве сусветныя вайны, не давала закрыць мячэць нават у савецкія часы, — старшыня савета імамаў Рэлігійнага аб’яднання мусульман Давуд Радкевіч тлумачыць адну з прычын, чаму было абрана гэтае месца. — Акрамя таго татарскае і мусульманскае насельніцтва жыве ў гарадах, якія можна наведаць, накіроўваючыся ў Іўе, — у Ашмянах, Наваградку, Лідзе. Мястэчка мае добры культурны патэнцыял і зручнае размяшчэнне на трасе паміж Гродна і Мінскам. Іўе знаходзіцца ў цікавым гістарычным рэгіёне, дзе ёсць найпрыгажэйшыя замкі і храмы. Тут можна узгадаць і пра Ліпнішкі. Гальшаны. Стварэнне духоўнага цэнтра будзе садзейнічаць, каб у тым ліку рыхтаваць моладзь, якая зможа прэзентаваць гэту спадчыну.

— Атрымліваецца, важны не толькі духоўны цэнтр, але і шлях да яго? Для прадстаўнікоў розных канфесій гэта магчымасць знаёміцца з культурай і традыцыямі вялікага рэгіёна, а не толькі аднаго мястэчка. 

— Прэзідэнт, калі выступіў з ідэяй стварэння духоўных цэнтраў, заўважыў, што добра, каб яны з’явіліся ў рэгіёнах. Важна не толькі разбудзіць духоўны складнік, але і садзейнічаць таму, каб і фізічна вярнуць людзей на іх малую радзіму. Ва ўсіх духоўных цэнтраў ёсць і такая задача, як знаёмства людзей з краінай, рэгіёнам, асяроддзем, у якіх стала магчымым з’яўленне такіх цэнтраў. Так турыстам можна і трэба расказваць, як у Беларусі з’явіліся мусульмане, як інтэграваліся, які гэта важны і ўнікальны прыклад для сучаснага свету. Мусульмане тут жывуць з XIV века, і за больш чым 630 гадоў змаглі захаваць веру, пісьменства. Пра месцы іх рассялення раскажуць назвы населеных пунктаў: Тадуліна, Татарка, Татарцы, Татаршчызна, Асанава, Ардашы, Гамзічы, Касымава, Балобаны ды іншыя. Калі гаворыш, што беларуская мова была прадстаўлена не толькі кірыліцай, лацініцай, але і арабаграфічным пісьмом, гэта выклікае здзіўленне. Унікальна, што ўнутры закрытай у свой час культуры сфарміраваліся такія беражлівыя адносіны да мясцовай мовы. Гэта дазваляе паглядзець, як узаемадзейнічалі народы. Гісторыя Іўеўскай мячэці можа быць цудоўным таму прыкладам. Сродкі на яе будаўніцтва ў канцы ХIХ стагоддзя дала графіня каталічка Эльвіра Замойская. У 1922 годзе грошы на рамонт мячэці дасылалі мусульмане з Амерыкі — група мясцовых татар, якія паехалі туды на заробкі. Гэта паказвае, як важна не забываць мясціны, дзе вырас і адбыўся. Візіт у Іўе дазволіць убачыць міжчалавечае братэрства, з іншага ракурсу паглядзець на сваё жыццё.

— Духоўныя цэнтры могуць стаць тым месцам, куды варта прыехаць, каб даведацца, як прадстаўнікі розных народаў садзейнічалі развіццю нашых гарадоў і краіны ў цэлым?

— Калі мы гаворым пра мусульман Беларусі, у мяне ў памяці ўсплываюць імёны спартсменаў, бізнесменаў пісьменнікаў. Татарскія карані ў кампазітара Дзмітрыя Смольскага, пісьменніка-франтавіка Сцяпана Александровіча, маршала Івана Якубоўскага, Якуба Якубоўскага, які шмат гадоў працаваў у выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя». Беларускую зямлю абаранялі мусульмане. Напрыклад, у Першую сусветную вайну ў царскай арміі было 18 генералаў з Беларусі татарскага паходжання. У Другую сусветную таксама было нямала абаронцаў з татарскімі каранямі. Ад беларусаў татары перанялі сціпласць. Таму мы мала ведаем пра беларускіх мусульман і не толькі. Сёння мы можам здзіўляцца, калі бываем у месцах, дзе нарадзіліся, напрыклад, дзяржаўныя дзеячы Ізраіля ці выдатныя вучоныя. Трэба, каб у краіне ведалі, якіх людзей нараджае наша зямля. Бачылі, што можна стаць вялікім чалавекам, калі атрымаць тут адукацыю. Гэта крыніца натхнення і гонару.

— Што трэба прадбачыць пры стварэнні духоўных цэнтраў, каб яны не ператварыліся проста ў месцы абслугоўвання турыстаў, а маглі выконваць асноўную місію, звязаную з захаваннем каштоўнасцяў? 

— Наша краіна шматнацыянальная, шматканфесійная. Так склалася гістарычна і ўжо некалькі стагоддзяў мы вучымся ўзаемадзейнічаць. Чалавек, які едзе ў Жыровічы, Іўе, Будслаў, з самага пачатку кіруецца туды з пэўным запытам, што яго адрознівае ад шэраговага турыста. Канешне, трэба ўмець прэзентаваць духоўную спадчыну. Напрыклад, у Мінскай мячэці мы гэта рэалізуем дзякуючы музею ісламу. Важна, каб госці ў Іўі, Мінску, Наваградку, Смілавічах, Слоніме знаёміліся не толькі з мячэццю — бо гэта толькі невялікая частка культуры ісламу. Важна, разводзіць патокі людзей. Час экскурсій узгадняецца загадзя, каб не збіраць вялікія групы і каб госці не перашкаджалі вернікам. Трэба прагаворваць асаблівасці паводзін у храмах. Для гэтага ёсць кіраўнікі турыстычных груп, а таксама імамы, старшыні абшчын. Важна рыхтаваць і вернікаў. Мы іх папярэджваем, што побач можа быць госць — не мусульманін, які зайшоў пазнаёміцца з мячэццю. Ад гэтага візіту могуць залежыць яго жыццёвыя арыенціры. Ён альбо прыме іслам, альбо будзе добра ставіцца да мусульман. 

— Мусульманскае рэлігійнае аб’яднанне плануе пабудаваць у Іўі культурна-асветніцкі цэнтр. Якія функцыі і задачы ён можа выконваць?

— Варта падумаць не толькі пра сервіс. Канешне, патрэбны заезджы дом, дзе людзі змогуць адпачыць і выпіць гарбаты. Патрэбны і маладзёжны цэнтр, у якім можна рыхтаваць у тым ліку і рэлігіязнаўцаў, здольных расказаць, чым падобныя і чым розняцца розныя рэлігіі. Тут могуць праходзіць і майстар-класы па рамёствах, курсы па вывучэнню арабскай мовы, на якой гавораць больш 20 краін свету. Духоўны цэнтр можа стаць брэндам, кузняй багаслоўскіх кадраў для ўсёй краіны і нават замежжа (сёння ёсць вялікая патрэба ў імамах). Гэта магла б быць і стартавая пляцоўка для развіцця народнай дыпламатыі. Мусульман рознай нацыянальнасці амаль 2 мільярда. Нават дзякуючы таму, што быў зроблены акцэнт на індустрыю халяль, сёння гэта вялікі сектар эканомікі. Пастаўкі робяцца ў мусульманскія краіны, наша прадукцыя там карыстаецца вялікай папулярнасцю. Добры рэлігіязнаўца, спецыяліст у ісламскіх навуках будзе ведаць, напрыклад, як рэалізуюцца здзелкі ў галіне ісламскага банкінгу.

— Стварэнне духоўных цэнтраў традыцыйных канфесій дапаможа абараніць чалавека ад няправільных уяўленняў аб рэлігіі, каштоўнасцях народа? 

— Калі не вучыць людзей карыстацца інтэрнэтам, крытычна мысліць, мы можам атрымаць новыя неакульты. Пад відам ісламу могуць прыўносіцца добра ўпакаваныя, але абсалютна чужыя для нашых мясцін ідэі. Важна разуменне, што для нас не характэрна. Адарванасць ад каранёў параджае шмат якія праблемы, з якімі мы сутыкаемся. Адхіленні пачынаюцца ад пустаты ў душы і роля любога духоўнага цэнтра, які трымаецца на традыцыі , неацэнная. Мы экскурсіі завяршаем адной думкай: «Вы дзеці розных народаў, перакананняў, але ў кожнага з вас ёсць уяўленні аб ідэальным, вера ў справядлівасць, роўнасць, братэрства, адзінства. Давайце не будзем спрачацца, а жыць у міры». У Каране гаворыцца: «Няхай людзі спаборнічаюць у добрых справах».

Духоўны прыстанак: Жыровічы

Духоўны прыстанак: Бабруйск

Духоўны прыстанак. Усе дарогі вядуць у Будслаў

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю