У 2022 годзе ў паўночным рэгіёне з’явіўся новы хлебны сімвал — цёмны бохан пад прыгожай назвай «Каравай Прыдзвіння». Ідэя стварэння такой візітнай карткі вобласці прыйшла кіраўніку рэгіёна Аляксандру Субоціну, падтрымаў ініцыятыву гендырэктар ААТ «Віцебскхлебпрам» Міхаіл Рог. Двухкілаграмовы духмяны бохан хутка знайшоў папулярнасць не толькі ў жыхароў, але і ў шматлікіх замежных гасцей Віцебшчыны. А ў 2025 годзе хлеб «Каравай Прыдзвіння» атрымаў самую высокую ўзнагароду — Дзяржаўны знак якасці.
Менавіта гэты від хлеба адзначаны на ўзроўні краіны невыпадкова: на яго падрыхтоўку патрэбна больш за 20 гадзін. Для каравая выкарыстоўваюць тры віды мукі і некалькі відаў заварак (гэта калі муку заварваюць). Кожны са складнікаў будучага хлеба павінен дайсці за пэўны час да патрэбнага стану, і толькі потым пачынаецца замес цеста. У працэсе вытворчасці такога хлеба віцебскія прафесіяналы спяшацца не любяць — трэба, каб кожная з заварак настаялася і перадала гатоваму прадукту ўнікальны смак, якога няма ні ў адным з іншых хлябоў.
Хлеб, падобны на той, які раней бабулі-гаспадыні выпякалі ў вясковых печках, цяпер будуць упрыгожваць яшчэ адным адмысловым малюнкам — сімвалам Дзяржаўнага знака якасці.
Па словах галоўнага тэхнолага прадпрыемства Таццяны Каваленка, атрыманая з рук кіраўніка дзяржавы ўзнагарода — самая высокая і значная ацэнка для ўсяго калектыву. «Гэта вельмі ганарова і адказна для нашага прадпрыемства. Асабліва прыемна, што Дзяржаўным знакам якасці адзначаны менавіта „Каравай Прыдзвіння“. Выпускаем мы больш за 30 найменняў жытнёва-пшанічных відаў хлеба. Плюс каля 20 найменняў пшанічных відаў, шырокі асартымент здобных булачных вырабаў», — адзначыла галоўны тэхнолаг.
Спыняцца на дасягнутым майстры хлебнай справы паўночнага рэгіёна не збіраюцца: у 2025 годзе «Віцебскхлебпрам» плануе пашырыць лінейку данага хлеба. Распрацавана рэцэптура каравая з ільном. Акрамя таго, у канцы 2024 года на заводзе распрацавалі рэцэптуры лінейкі пшанічных відаў хлеба з кедровымі арэхамі, вішняй і журавінамі, з насеннем «Мікс». Ёсць яшчэ рэцэптуры цікавых хлябоў з морквай і гарбузом.