Мінскія дынамаўцы засталіся без ачкоў у выязной серыі ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі, паведамляе БелТА.
«Зубры» ўпершыню ў сезоне сустрэліся з лідарам Усходняй канферэнцыі магнітагорскім «Металургам». Гаспадары выйшлі наперад на сёмай хвіліне матчу, а за некалькі секунд да перапынку падвоілі перавагу. У другой трэці адставанне дынамаўцаў скараціў Віталь Пінчук, які рэалізаваў выхад «адзін на адзін». 24-гадовы форвард стаў першым беларусам у гісторыі КХЛ, які дабраўся да адзнакі ў 50 ачкоў за адзін рэгулярны чэмпіянат.
Па ходзе перыяду Сяргей Кузняцоў схапіў вялікі штраф за ўдар саперніка локцем. Мінчане доўга трымалі абарону ў меншасці, але аднойчы ўсё ж прапусцілі. У заключнай трэці Пінчук закінуў у другі раз і зноў падцягнуў «зуброў» на адлегласць аднаго гола, аднак затым хакеісты «Металурга» вызначыліся двойчы запар. Незадоўга да фінальнай сірэны дубль аформіў Станіслаў Галіеў, але часу на выратаванне ў «бела-блакітных» ужо не засталося.
Вынік гульні — паражэнне «Дынама» з лікам 4:5. Гэтая няўдача стала для падапечных Дзмітрыя Квартальнава трэцяй запар, у двухматчавым гасцявым турнэ «зубры» не ўзялі ніводнага ачка. Сталічны клуб застаўся на трэцім месцы ў табліцы Заходняй канферэнцыі з 66 баламі ў актыве. Наперадзе ў дынамаўцаў хатні паядынак з піцерскім СКА, сустрэча на «Мінск-Арэне» пройдзе 3 лютага.