Спаборніцтвы, прымеркаваныя да 110-годдзя беларускай міліцыі, сталі яркай падзеяй для жыхароў і гасцей горада.
На працягу некалькіх дзён на дзвюх лядовых арэнах горада праходзілі адборачныя паядынкі, у якіх удзельнічалі 11 каманд з усіх рэгіёнаў краіны. Вырашальны матч наведаў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў. Ён адзначыў, што правядзенне хакейнага турніру становіцца новай міліцэйскай традыцыяй:
— Хакей — гэта від спорту, дзе няма месца баязліўцам. Хакеістам уласцівыя тыя ж рысы, што і вартавым парадку, — смеласць, рашучасць, мэтанакіраванасць. А галоўнае — у міліцыі немагчыма без згуртаванасці і каманднага духу! — падкрэсліў міністр, паведамляецца ў тэлеграм-канале МУС Беларусі.
Іван Кубракоў таксама звярнуў увагу на вялікую колькасць моладзі на трыбунах. Сярод гледачоў былі ліцэісты, курсанты і выхаванцы ваенна-патрыятычных клубаў. Міністр падтрымаў імкненне маладога пакалення да заняткаў спортам, пажадаў ім удачы, здароўя і поспехаў.

Удзельнікаў турніру па відэасувязі прывітаў член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Дзмітрый Баскаў:
— На лёдзе нашы вартавыя парадку такія ж бескампрамісныя, як і ў барацьбе са злачыннасцю. Ад імя і па даручэнні Прэзідэнта нашай краіны хачу аб’явіць аб яшчэ адной узнагародзе для пераможцаў — вас чакае таварыскі матч з хакейнай камандай кіраўніка дзяржавы!
Гонару будзе ўдастоена каманда Дэпартамента аховы МУС, якая атрымала перамогу на турніры. Падчас яго, дарэчы, для гасцей былі арганізаваны інтэрактыўныя і забаўляльныя пляцоўкі. Наведвальнікі маглі азнаёміцца з выставамі сучаснай і рэтратэхнікі, прымерыць экіпіроўку байцоў спецпадраздзяленняў, узяць удзел у тэматычных конкурсах па бяспецы. Для ўсіх ахвотных працавала палявая кухня. Кожны, ад выхаванцаў ваенна-патрыятычных клубаў да прадстаўнікоў старэйшага пакалення, знайшоў сабе занятак па душы.

Аміна НАЗАРАВА
Фота з тэлеграм-канала МУС Беларусі