Top.Mail.Ru

Другі Міжнародны форум «Вялікая спадчына — агульная будучыня» 21 — 22 чэрвеня адбудзецца ў Брэсце

У Палаце прадстаўнікоў прайшло пасяджэнне арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні другога Міжнароднага форуму «Вялікая спадчына — агульная будучыня». Дадзены старт маштабнаму праекту Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі па захаванні гістарычнай праўды. 


Першы Міжнародны форум Саюзнай дзяржавы «Вялікая спадчына — агульная будучыня» ў канцы красавіка мінулага года прымаў Валгаград. У маштабным мерапрыемстве, падчас якога выступілі лідары Беларусі і Расіі, удзельнічалі 450 чалавек з 20 краін свету. Сярод іх — парламентарыі, вучоныя, грамадскія дзеячы, міжнародныя эксперты. 

Калі мінулагодні форум быў прымеркаваны да 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, то сёлета мерапрыемства праводзіцца з нагоды трагічнай даты ў агульнай гісторыі Беларусі і Расіі — 85-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай. 

Намеснік Старшыні Палаты прадстаўнікоў Вадзім ІПАТАЎ назваў сімвалічным тое, што другі міжнародны форум 21 і 22 чэрвеня адбудзецца ў Брэсце. «Гэта тое месца, якое ведаюць не толькі ў Рэспубліцы Беларусь і ў Расійскай Федэрацыі, а і на прасторах былога Савецкага Саюза, — падкрэсліў віцэ-спікер. — Подзвіг абаронцаў Брэсцкай крэпасці з’яўляецца сімвалам мужнасці і гераізму нашых продкаў, якія прынялі на сябе першы ўдар нацысцкіх полчышчаў. І мы ганарымся гэтым подзвігам». 

Вадзім Іпатаў акцэнтаваў увагу на тым, што форум, які ў мінулым годзе адбыўся ў Валгаградзе, гучна заявіў на ўвесь свет, што і беларусы, і расіяне будуць захоўваць традыцыі, гісторыю, будуць змагацца за тое, каб ніякіх скажэнняў гістарычных фактаў не было. Невыпадкова, па яго словах, галоўнай часткай мерапрыемства стане абмеркаванне гістарычных старонак, якія ў наш час падвяргаюцца шматлікім фальсіфікацыям.  

Плануецца, што работа форуму пачнецца з секцыйных пасяджэнняў. Іх тэматыка — «Гісторыя Вялікай Айчыннай вайны як кансалідуючы фактар інтэграцыйных працэсаў па постсавецкай прасторы», «Духоўна-культурныя асновы Вялікай Перамогі», «Ідэалогія неанацызму як пагроза цывілізаванаму светаўладкаванню ў кантэксце эскалацыі міжнароднай напружанасці».  

У першы дзень форуму таксама адбудуцца пасяджэнне 70-й сесіі Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі, пасяджэнне Камісіі Парламенцкага Сходу па захаванні і абароне гістарычнай памяці і Маладзёжнай палаты пры Парламенцкім Сходзе Саюза Беларусі і Расіі. На другі дзень удзельнікі маштабнага мерапрыемства прымуць удзел у памятных мерапрыемствах на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці і ў пленарным пасяджэнні форуму. У працэсе падрыхтоўкі форуму праграма мерапрыемстваў можа ўдакладняцца.  

Па словах намесніка Старшыні Палаты прадстаўнікоў, моладзь прыцягваецца найперш для таго, каб маладое пакаленне вывучала гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, ведала гістрыю сваёй краіны. «Каб з іх вуснаў гучалі новыя навуковыя даследаванні, новыя факты аб подзвігу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне», — удакладніў ён.


Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю