Top.Mail.Ru

Драйвер росту эканомікі. Як спрацавала будаўнічая галіна ў 2025 годзе

Аб тым, як спрацавала будаўнічая галіна ў 2025 годзе, расказаў журналістам перад пасяджэннем падагульняючай калегіі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь кіраўнік ведамства Аляксандр Студнеў, перадае БелТА.



«Будаўнічы комплекс — драйвер эканомікі па выніках як 2025 года, так і пяцігодкі, — адзначыў Аляксандр Студнеў. — Па выніках 2025 года ўвод агульнай плошчы жылля склаў 4573 тыс. кв. м. Асаблівая ўвага ўдзелена будаўніцтву жылля з дзяржпадтрымкай, арэнднага жылля».

Па выніках пяцігодкі здадзена ў эксплуатацыю 21,7 млн кв. м. Больш за палову аб’ёму забяспечана за кошт індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва. У галіне поўнасцю перайшлі на энергаэфектыўны фармат узвядзення шматкватэрных дамоў. Кошт квадратнага метра з дзяржпадтрымкай на 20 працэнтаў ніжэйшы за сярэднерэспубліканскі ўзровень заработнай платы. Забяспечанасць насельніцтва жыллём склала 30,4 кв. м на чалавека пры плане 28,5 кв. м.


Прадпрыемствы будаўнічай індустрыі ўкладалі сродкі ў абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы, у развіццё. «Па выніках 2025 года колькасць стратных прадпрыемстваў у сістэме Мінбудархітэктуры скарацілася на 16. Спрацавалі з рэнтабельнасцю больш як 5,4 працэнта», — расказаў міністр.

Сярод сфер, якія прадэманстравалі добрыя вынікі, ён назваў цэментную і шкляную галіну. У прыватнасці, выпушчана 5,4 млн т цэменту — рэкорднае значэнне.

Рост дабаўленай вартасці ў будаўніцтве склаў 108 працэнтаў. Доля галіны ў ВУП дасягнула пяцігадовага максімуму — 6,6 працэнта, экспартны патэнцыял па будаўнічых таварах і паслугах — $2,4 млрд. Значна палепшыліся фінансавыя вынікі будаўнічых арганізацый, а тэмп росту заработнай платы стаў стымулам для замацавання спецыялістаў і павышэння прадукцыйнасці працы. Колькасць будаўнікоў вырасла больш як на 4 тыс. і на канец года склала больш як 138 тыс.

Разам з тым, паводле слоў міністра, задача сёння не толькі зафіксаваць поспехі, але і абмеркаваць праблемныя пытанні.

На калегіі асаблівую ўвагу звярнулі на знешнеэканамічны вектар. Экспартныя пастаўкі зніжаюцца. Чарговы раз правалена заданне па керамічнай плітцы. Прызнана нездавальняючай работа па замяшчэнні рынкаў збыту і пашырэнні геаграфіі паставак. «Нам неабходна даць ацэнку і вызначыць, як будзем працаваць у 2026 годзе і ў пяцігодцы», — сказаў міністр.

Не выкананы таксама паказчык па тэмпе росту аб’ёмаў падрадных работ — 109 працэнтаў пры заданні 109,2 працэнта. Не дасягнулі запланаванага ўсе рэгіёны, за выключэннем Мінска і Мінскай вобласці. Горш за ўсіх спрацавалі Віцебская і Магілёўская вобласці.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю