Top.Mail.Ru

Доларавая ліхаманка: амерыканская валюта дэманструе горшы вынік за апошнія чатыры гады

Долары распрадаюць чацвёрты дзень запар у сусветным маштабе. Учора Bloomberg зафіксаваў рэкорднае з сакавіка 2022 года зніжэнне амерыканскай грашовай адзінкі ў дачыненні да асноўных валют краін, якія з’яўляюцца гандлёвымі партнёрамі ЗША. У выніку спотавы індэкс долара Bloomberg Dollar Spot Index (BBDXY), які разлічваецца агенцтвам, у аўторак страціў 0,4 %. 


Індэкс Bloomberg адсочвае дынаміку ў адносінах да долара валют 12 найбуйнейшых гандлёвых партнёраў ЗША: еўра, ена, канадскі долар, фунт стэрлінгаў, мексіканскае песа, юань, швейцарскі франк, аўстралійскі долар, паўднёвакарэйская вона, індыйская рупія, сінгапурскі долар і новы тайваньскі долар. І практычна ўсе яны ўмацаваліся ў адносінах да амерыканскага субрата. Такі трэнд адлюстроўвае як комплексныя праблемы ў доларавай фінансавай сістэме, так і асцярожнасць інвестараў у моманце. Іх моцна бударажаць разнапланавыя заявы Дональда Трампа па шырокім спектры пытанняў. Не падабаюцца ўладальнікам капіталу прэтэнзіі Вашынгтона на Грэнландыю. Таксама кіраўнік Белага дома неаднаразова рэзка выказваўся ў адрас палітыкі ФРС за занадта, на яго думку, жорсткую манетарную палітыку. Эксперты адзначаюць: на чарговым пасяджэнні вялікая верагоднасць, што ФРС не паддасца палітычнаму ціску і захавае стаўку на ранейшым узроўні, кіруючыся фінансавай логікай і прагматызмам. Але гэта можа абвастрыць узаемаадносіны рэзервовай сістэмы і Дональда Трампа. Канфлікт тым больш трывожны, што ў маі ў цяперашняга кіраўніка ФРС Джэрома Паўла заканчваюцца паўнамоцтвы. 

І закручваецца інтрыга: хто зойме гэту пасаду і якую палітыку будзе праводзіць. Фармальна ФРС — не залежны ад выканаўчай улады орган. Але ўзаемаадносіны фінансавага рэгулятара з выканаўчай уладай больш складаныя. Федэральнай рэзервовай сістэмай кіруе Савет кіраўнікоў з 7 членаў. Тэрмін іх паўнамоцтваў — 14 гадоў без права падаўжэння. Прызначае іх амерыканскі прэзідэнт. Але толькі аднаго члена Савета раз на два гады і з адабрэння сената. Такім чынам, кожны прэзідэнт можа замяніць толькі 2 членаў за адзін тэрмін кіравання. Прэзідэнт жа прызначае з членаў Савета яго старшыню. У маі Джером Паўл сыходзіць. І эксперты задаюцца пытаннем: каго Дональд Трамп прызначыць на гэту важную пазіцыю? І як члена Савета і як яго кіраўніка. 

Улічваючы пераменлівы характар галоўнага амерыканскага палітыка, версій пра кандыдата будучага патрона ФРС шмат. Але многія сыходзяцца ў тым, што гэту пазіцыю зойме паплечнік Дональда Трампа, які цалкам падзяляе яго эканамічную палітыку. А сваё гледжанне кіраўнік Белага дома неаднаразова выразна артыкуляваў — трэба зніжаць уліковую стаўку. Як бізнесмен, ён, несумненна, прыхільнік танных грошай. Мабыць, у нейкай ступені адбіваецца і любоў сучаснай амерыканскай кіруючай эліты да крыптавалют, якіх у сваіх кашальках яны назапасілі нямала. Нізкая стаўка робіць даступнымі крэдыты, долары ў велізарных колькасцях паступаюць на фінансавыя рынкі, і гэтыя актывы пачынаюць расці. Таксама крыптавалюты. Танныя грошы абуджаюць апетыт да рызыкоўных аперацый і спекуляцый. І на іх вельмі нядрэнна зарабляюць моцныя гэтага свету.

Джэром Паўл упарта супраціўляўся пажаданням палітычнай улады і ўпарта трымаў стаўку на ўзроўні 3,5-3,75 %, лічачы, што можна пайсці на паслабленні, калі інфляцыя надзейна ўпішацца ў мэтавы калідор у 2 %. У мінулым годзе яна вар’іравалася ў калідоры 3 — 2,7 %. Наогул у кіраўніка выканаўчай улады ёсць паўнамоцтвы звольніць непажаданага кіраўніка ФРС. Так некалі паступіў Дональд Рэйган. Але Дональд Трамп, мабыць, вырашыў стрымаць свой тэмперамент, папросту дачакаўшыся натуральнага сыходу Паўла. Хоць расследаванне супраць яго распачаў. 

Перспектыва нацыянальнай валюты нервуе інвестараў. Верагоднасць мяккай манетарнай палітыкі можа зноў раскруціць спіраль інфляцыі. З усімі негатыўнымі наступствамі. І долар на міжнародных фінансавых рынках губляе свае каціроўкі. А яго ключавая альтэрнатыва — золата, наадварот, даражэе. Днямі была пабіта чарговая псіхалагічная планка — 5000 долараў за тройскую ўнцыю. Дынаміка фенаменальная: год таму яна каштавала каля 2700 долараў. 

Зрэшты, паслабленне нацыянальнай валюты гуляе ў вароты Белага дома. Слабы долар павышае канкурэнтаздольнасць амерыканскіх тавараў, а імпартных — зніжае. А менавіта перамагчы адмоўны знешнегандлёвы баланс блакітная мара дзеючага прэзідэнта. Але танны долар спараджае іншую праблему — абцяжарвае рэфінансаванне вялізнага амерыканскага доўгу. Казначэйскія аблігацыі становяцца менш прывабнымі для інвестараў. І яны альбо іх зусім не купляюць, альбо патрабуюць дадатковую прэмію за рызыку, што робіць запазычанні даражэйшымі для ўрада. Гэта вельмі непрыемны дадатак да інфляцыі. Хоць ці палохае ён Трампа? 

Дынамічныя цэны з’яўляюцца вялікай непрыемнасцю для спажыўцоў, а таксама для зберажэнняў. У тым ліку і тых, якія захоўваюцца ў пенсіённых фондах. Але з пункту гледжання дзяржаўнага доўгу высокая інфляцыя хутчэй карысць, чым праблема: яна з’ядае і дзяржаўны доўг, які ў ЗША прыблізна на 70 % — унутраны. Іншымі словамі, прыбіць высокую запазычанасць можна праз збядненне насельніцтва. Вядома, у адкрытую такую стратэгію прэзентаваць наўрад ці хтосьці вырашыцца: можна справакаваць сацыяльны выбух. Аднак фінансавая схема, як той казаў, рабочая. Таму чым скончыцца эпоха долара? Перспектыва вельмі неадназначная. Але канцэпцыя падтрымання попыту на долар у мінулым годзе прынцыпова змянілася. Замест падтрымання даверу да сваёй валюты, Штаты ў апошнія месяцы ўсё часцей пагражаюць прымяненнем сілы ў тым ці іншым фармаце супраць тых, хто рызыкне адмовіцца ад іх грашовай адзінкі ў міжнародных плацяжах. А гэта ўжо сур’ёзны сігнал падумаць аб укладаннях у зялёную грашовую адзінку. 

Аляксей КЛІМАЎ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю