Top.Mail.Ru

Догляд буйналістых раслін у хатніх умовах

Ужо які год цэнтральнае месца ў кветкавых калекцыях займаюць расліны з буйным лісцем. І іх папулярнасць толькі расце. Яны ўпрыгожаць сваім раскошным відам кожны інтэр’ер: і як салісты, і ў групе з іншымі відамі. Дапамогуць размежаваць зоны ў пакоі і ажывяць пусты кут. Таму, калі ў вас дазваляе месца, можна смела заводзіць «вялікамеры».


АЛАКАЗІЯ

Трапіканцы супрацьпаказаны нізкія тэмпературы і халодныя скразнякі. Расліна не любіць сухога паветра і прамых сонечных прамянёў.

  • Аптымальнае месца — на ўсходніх і заходніх падаконніках.
  • Паліваюць алаказію, не дапускаючы застою вільгаці і перасушкі землянога кома.

ДЫФЕНБАХІЯ

Каб расліна адчувала сябе камфортна, неабходна выбраць для яе светлае і цёплае (не ніжэй +18–23 °С) без скразнякоў месца. Пры нізкіх тэмпературах запавольваецца рост і яна становіцца ўразлівай для хвароб і шкоднікаў. Асабліва небяспечнае пераахаладжэнне каранёў.

Дыфенбахіі патрэбна лёгкае зацяненне. Пры недахопе святла яна выцягваецца, ліст драбнее, ствол фарміруецца тонкі, скрыўляецца і хутка агаляецца.

  • Расліна можа прыстасавацца да нізкай вільготнасці паветра. 

МАНСТЭРА далікатная (прывабная)

Расліна не пераносіць вільгаці і холаду (тэмпература павінна быць не ніжэй за +18 °С). Выбірайце цёплае месца з яркім рассеяным святлом, хоць манстэра ценевынослівая (стракалістыя формы больш патрабавальныя да асвятлення). Таксама яна добра пераносіць нізкую вільготнасці паветра. Узімку трымайце расліну далей ад батарэй і беражыце ад скразнякоў. Для павышэння вільготнасці апырскваць лепш не лісце, а паветраныя карані. 

  • Буйныя расліны можна перасаджваць раз у пяць гадоў, штогод змяняючы верхні пласт грунту на свежы і мульчыруючы паверхню субстрату сфагнумам.

СТРЭЛІЦЫЯ МІКАЛАЯ

Цвіце ў студзені-лютым. Для закладкі бутонаў неабходны перыяд спакою ў лістападзе—снежні пры 14–16° С. У гэты час паліў скарачаюць, даючы грунту амаль цалкам прасохнуць, і не падкормліваюць.

  • Перад цвіценнем тэмпературу ўтрымання паступова паднімаюць да 22 °С і аднаўляюць паліў — без перасушкі і пераўвільгатнення.

ФІЛАДЭНДРАН

Баіцца прамых сонечных прамянёў, таму лепш паставіць бліжэй да акна ці нават у глыбіні пакоя, можна побач з крыніцай штучнага святла.

  • Аптымальная тэмпература вырошчвання — +16–25 °С, (не ніжэй за +12 °С).
  • Узімку паліў трэба абмежаваць, але не дапушчаць поўнага перасыхання грунту.

Пры занадта сухім паветры на кончыках і баках пласцінак з’яўляюцца карычневыя плямы, лісце пачынае ападаць. Ад недахопу святла яно драбнее і становіцца больш бляклым.


КАЛАТЭЯ ўпрыгожаная (арната)

Аддае перавагу яркаму рассеянаму святлу. Пры недахопе асвятлення ліст драбнее, расліна выцягваецца і губляе яркасць афарбоўкі, краі пласцінак чарнеюць, ніжнія лісты хутчэй адміраюць. Зімой лепш дасвечваць.

Калатэя цеплалюбівая. Пры тэмпературы ніжэй за +15 °С спыняе рост, а пры +10 °С дробныя карэньчыкі, якія ўсмоктваюць ваду, перастаюць функцыянаваць і паступова адміраюць, лісце жоўкне і ападае. На халодным падаконніку пакладзіце пад вазон драўляную, коркавую, або пенапластавую падстаўку. 

Ад сухога паветра падсыхаюць кончыкі і краі лісця, таму трэба павышаць яго вільготнасць: апырскваць прастору вакол, ставіць расліну на паддон з вільготным керамзітам, выкарыстоўваць пакаёвыя фантанчыкі, спецыяльныя прыборы і г. д.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю