Каля 600 мігрантаў прайшлі ацэнку ведаў адной з дзяржаўных моў Беларусі з канца верасня. Пра гэта БелТА паведаміў начальнік Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Пішчоў.
«Пачынаючы з 30 верасня, прайшло ўжо тры экзамены на веданне дзяржаўнай мовы. У тэсціраванні прынялі ўдзел каля 600 чалавек, з іх каля 80 % яго паспяхова здалі, атрымалі адпаведныя пратаколы, якія дазваляюць ім працаўладкавацца па тых прафесіях, на якія яны прэтэндуюць. Працэнт тых, хто здаў, кажа пра тое, што замежныя грамадзяне добра рыхтуюцца да іспытаў і валодаюць ведамі ў тым аб’ёме, які неабходны для прафесійнай дзейнасці па вызначаным пераліку спецыяльнасцяў», — расказаў Сяргей Пішчоў.
У спіс пунктаў правядзення экзамену ўключаны дзве новыя пляцоўкі — гэта Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт і Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. «Гэтыя ВНУ ўключаны ў пералік пунктаў правядзення экзамену з мэтай стварэння больш камфортных умоў праходжання іспытаў для замежных грамадзян. Таксама мы клапоцімся пра камфорт арганізатараў, якія праводзяць гэта тэсціраванне. Таму з’явіліся дзве новыя пляцоўкі — гэта БНТУ і БДТУ. Яны ў найбліжэйшы час пачнуць таксама прымаць заяўкі на ўдзел у экзамене і забяспечваць правядзенне тэсціравання», — праінфармаваў прадстаўнік Мінадукацыі.
Наступны экзамен на веданне дзяржмовы адбудзецца 17 лістапада. У цяперашні момант вядзецца ўся неабходная падрыхтоўчая работа. У апошнім выпрабаванні прынялі ўдзел каля 340 замежных грамадзян. У бліжэйшым тэсціраванні новыя пункты правядзення ўдзельнічаць яшчэ не будуць, але, па словах Сяргея Пішчова, з наступнага разу таксама пачнуць сваю работу.