Top.Mail.Ru

Добраўпарадкаванне — справа кожнага

Азеляненне населеных пунктаў — адно з асноўных мерапрыемстваў, накіраваных на стварэнне і падтрыманне зручнага, бяспечнага, сучаснага і эстэтычна арганізаванага асяроддзя жыццядзейнасці людзей. У сталіцы гэтаму пытанню ўдзяляецца вялікая ўвага. А ў рамках аб’яўленага Прэзідэнтам Беларусі 2025-га Годам добраўпарадкавання такая работа будзе прадоўжана.


Як расказаў на прэс-канферэнцыі старшыня Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Валянцін Шатраўка, узровень азялененасці сталіцы ўжо складае 42,3 % пры нарматыве ў 40 %. Самым зялёным лічыцца Партызанскі раён, а менш за ўсё насаджэнняў — у Кастрычніцкім. Летась у сталіцы было высаджана звыш 59 тыс. дрэў, 342 тыс. кустоў, уладкавана 288 га газонаў. Планы на бягучы год больш маштабныя.

У мэтах захавання біяразнастайнасці таксама пастаянна вядзецца работа па рэгуляванні і абмежаванні распаўсюджвання колькасці такіх інвазійных відаў, як баршчэўнік Сасноўскага і сумнік канадскі. Рост баршчэўніку зафіксаваны мазаічна, агульнай плошчай 14,1 га, а сумніку — 219 га, куды ўваходзіць тэрыторыя ляснога фонду, якая прымыкае да Мінска, — звыш 40 га. Калі раней бюджэтныя сродкі выдзяляліся толькі на барацьбу з баршчэўнікам, то цяпер з мэтай лакалізацыі і ліквідацыі ачагоў распаўсюджвання інвазійных раслін, у рамках рэалізацыі рэгіянальнага комплексу мерапрыемстваў дзяржаўнай праграмы «Ахова навакольнага асяроддзя і ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў», фінансаванне запланавана і на рэгуляванне росту сумніку канадскага.

Прадпрыемствы сістэмы ВКУП «Мінскзелянбуд» у вясновы перыяд плануюць высадзіць у сталіцы больш за 12 тыс. дрэў і каля 100 тыс. кустоў. Падчас добраўпарадкавання паркаў, сквераў, бульвараў і газонаў уздоўж вулічна-дарожнай сеткі будуць высаджаны 1,4 млн аднагадовых і каля 100 тыс. шматгадовых кветак, каля 50 тыс. кустовых руж. Таксама абновяць многія аб’екты малых архітэктурных форм. Паводле слоў намесніка генеральнага дырэктара па добраўпарадкаванні і ўтрыманні аб’ектаў зялёнай гаспадаркі «Мінскзелянгас» Кацярыны Кароткінай, сёлета завершыцца капітальны рамонт у Цэнтральным дзіцячым парку імя М. Горкага і працягнуцца работы ў парку Народнага адзінства і парку імя Уга Чавеса.

Што датычыцца мерапрыемстваў, якія будуць выкананы на дваровых тэрыторыях, то, як растлумачыла намеснік генеральнага дырэктара па добраўпарадкаванні, санітарным утрыманні жыллёвага фонду ДА «МГЖГ» Анастасія Вараб’ёва, яны запланаваны на 880 аб’ектах. З іх у 209 дварах правядуць комплексны бягучы рамонт, які ўключае не менш як пяць відаў работ, такіх як рамонт удасканаленых пакрыццяў праездаў, пешаходных дарожак, догляд аб’ектаў расліннага свету, замена малых архітэктурных форм, дзіцячага гульнявога абсталявання. Працягнуцца мерапрыемствы па ўстаноўцы ў дварах модульных кантэйнерных пляцовак закрытага тыпу. У прыярытэтным парадку іх размесцяць там, дзе ўдзельнікі сумеснага домаўладання дадуць згоду на кансервацыю ствалоў смеццеправодаў у жылых дамах. На гэты год запланавана ўстаноўка больш як 700 такіх пляцовак. 

Пры рамонце дваровых праездаў акцэнт будзе зроблены на поўную замену асфальтабетоннага пакрыцця, калі дэфектная плошча перавысіць 60 %. Усяго плануецца адрамантаваць пакрыцці плошчай звыш 460 тыс. кв. м. Што да азелянення дваровых тэрыторый, то ў планах пасадка 8 тыс. дрэў і 45 тыс. кустоў. Асаблівая ўвага будзе аддадзена новабудоўлям і тым месцам, дзе патрэбна замена пашкоджаных зялёных насаджэнняў.

І ўсё ж, як адзначыў Валянцін Шатраўка, навядзенне парадку не павінна зводзіцца толькі да санітарнай прыборкі. Неабходна ўсвядомленае стаўленне да падтрымання чысціні, да навакольнага асяроддзя. Кожны грамадзянін павінен памятаць, што ён абавязаны захоўваць чысціню і парадак, утрымліваць у належным стане сваю тэрыторыю, выконваць патрабаванні ў галіне аховы навакольнага асяроддзя. Добраўпарадкаванне горада Мінска — справа ўсіх жыхароў сталіцы.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю