Пытанні, якія паступілі на прамую лінію, тычыліся добраўпарадкавання, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, будаўніцтва жылля, выдалення старых дрэў, атрымання спадчыны, падзелу зямельнага ўчастка паміж двума ўласнікамі, пераносу прыпынку грамадскага транспарту. Таксама былі скаргі на шум ад суседзяў.
Жыхар аднаго з дамоў на вул. М. Багдановіча турбаваўся наконт добраўпарадкавання тэрыторыі ў раёне вуліц М. Багдановіча і Куйбышава пасля завяршэння работ па будаўніцтве метро. У прыватнасці, мужчына казаў пра аднаўленне пешаходных сувязей і тратуарнай пліткі, газонаў і кветнікаў, высадку кустоў.
— Сапраўды, у «Мінскметрабуда» вялікі аб’ём работы, ідзе перакладка сетак, не заўсёды будаўнікі своечасова паспяваюць прывесці тэрыторыю ў парадак. Мінгарвыканкам рэгулярна звяртае ўвагу на падтрыманне чысціні і парадку на тэрыторыі аб’ектаў, якія будуюцца, і вакол іх, — адзначыў А. Чарнікоў.
Заяўнік з вул. Маскоўскай звярнуў увагу кіраўніцтва Мінгарвыканкама на тое, што пасля нядаўняга рамонту пуцеправода абмежаванне хуткасці пазначана толькі на разметцы дарогі, а адпаведны дарожны знак у гэтым месцы не ўстаноўлены. А. Чарнікоў паабяцаў пракантраляваць гэтае пытанне.
Усе звароты, якія паступілі на прамую лінію, разгледзяць, службам Мінгарвыканкама, у чыю кампетэнцыю ўваходзіць іх вырашэнне, будуць дадзены адпаведныя даручэнні.