Першы намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Мікалай Снапкоў прадставіў калектыву дзяржаўнай установы «Нацыянальнае агенцтва па турызме» новага кіраўніка — Кірыла Машарскага, а таксама актуалізаваў задачы па развіцці сферы, перадае БелТА.
Прызначэнне Кірыла Машарскага дырэктарам установы кіраўнік дзяржавы ўзгадніў 15 студзеня. Галіна праходзіць перыяд трансфармацыі. Мэта — павялічыць уклад турызму ў ВУП да 4,5 % да 2030 года.
Мікалай Снапкоў адзначыў значны патэнцыял індустрыі гасціннасці і нацэленасць кіраўніка на дасягненне канкрэтнага выніку. Урад са свайго боку будзе аказваць падтрымку калектыву. Важна, каб у структуры працавалі прафесіяналы, якія разумеюць, аб чым ідзе гаворка, ведаюць, як рэалізаваць турыстычны патэнцыял краіны.

«Турызм уключае ў сябе 55 відаў эканамічнай дзейнасці. Без міжгаліновых балансаў, без узаемасувязі развіццё будзе складаным, — адзначыў Мікалай Снапкоў. — Праведзена вялікая работа па выбудоўванні новай архітэктуры. Мы скасавалі Дэпартамент па турызме, паднялі статус агенцтва — агенцтва падпарадкоўваецца непасрэдна ўраду. Выбудавалі вертыкаль, перафарматавалі ТІЦы (турыстычныя інфармацыйныя цэнтры. — Заўв. БелТА), вызначылі ў аблвыканкамах і райвыканкамах адказных і канкрэтных выканаўцаў».

Па словах першага намесніка Прэм’ер-міністра, цяпер трэба будзе даналадка сістэмы. «Ваша задача — вызначыць доўгатэрміновую філасофію і ідэалогію развіцця турыстычнай галіны, тое, за чым у Беларусь будуць ездзіць удоўгую, што мы можам прапанаваць свету, у чым наша разыначка», — сказаў Мікалай Снапкоў.