Да такой думкі прыйшлі ўдзельнікі круглага стала, які адбыўся ў Смілавіцкім дзяржаўным каледжы. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, выбраныя ад Мінскай вобласці, абмеркавалі пытанні падрыхтоўкі кваліфікаваных рабочых і спецыялістаў сярэдняга звяна для аграпрамысловага комплексу нашай краіны.
Разлік — на актыўнае ўзаемадзеянне
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паставіў шэраг задач у гэтай сферы, нагадаў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка. Так, неаднаразова падкрэслівалася, што неабходна кардынальна палепшыць падрыхтоўку кадраў для АПК, арыентуючыся на мадэрнізаваную вытворчасць.
Самае важнае тое, што Беларусь захавала сістэму прафесійна-тэхнічнай адукацыі, у той час як у іншых дзяржавах постсавецкай прасторы ўжо адчулі вастрыню праблемы, падкрэсліў спікер.
«Мы бачым, што працаваць з новай тэхнікай няпроста, — адзначыў Ігар Сергяенка. — Гэта патрабуе пэўных ведаў і навыкаў, на аснове якіх фарміруецца прафесіяналізм нашых кадраў. Каледжам было даручана вызначыцца з заказчыкамі кадраў, а ўраду — звярнуць увагу на гэту праблему і замацоўваць за каледжамі канкрэтныя гаспадаркі або арганізацыі».
- Для вырашэння названых пытанняў робіцца многае, у тым ліку і з удзелам дэпутацкага корпуса. Адной з задач наведвання Смілавіцкага дзяржаўнага каледжа было паглядзець, як змяненні ў заканадаўстве працуюць на практыцы. А таксама вывучыць, што ў найбліжэйшай будучыні пры карэкціроўцы заканадаўства па разглядаемых пытаннях неабходна будзе ўлічыць, безумоўна, з улікам меркавання правапрымяняльнікаў, мясцовых выканаўчых органаў, кіраўнікоў навучальных устаноў.
Што датычыцца наяўнай заканадаўчай базы, з 2011 года дзейнічае Кодэкс аб адукацыі, які ўключыў у сябе ўсю структуру сістэмы адукацыі. Два гады таму ў яго ўнеслі змены, якія ўступілі ў сілу летась. Істотных змен сістэмы падрыхтоўкі спецыялістаў на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі не адбылося, і гэта сведчыць аб тым, што яшчэ на першапачатковым этапе ўсё было ўлічана.
Акрамя таго, у мінулым годзе былі ўнесены змяненні ў Закон «Аб дарожным руху». Цяпер з 17 гадоў грамадзяне могуць кіраваць трактарамі і рознымі камбайнамі і на перыяд практыкі прымаць удзел у пасяўных і ўборачных работах. Ужо сёлета для папаўнення няхваткі механізатараў у краіне прыцягваюцца 660 выпускнікоў і практыкантаў навучальных устаноў Беларусі.
Старшыня Палаты прадстаўнікоў дадаў, што норма сапраўды працуе на практыцы: шэсцьдзясят выпускнікоў аднаго толькі Капыльскага каледжа могуць працаваць на такой тэхніцы падчас пасяўной. Дарэчы, за круглым сталом прагучала прапанова пашырыць такую практыку — і гэта пытанне будзе прапрацавана.
Нядаўна ўнесены запатрабаваныя жыццём змяненні ў Кодэкс аб адміністрацыйнай адказнасці, якія таксама вырашаюць асобныя пытанні падрыхтоўкі кадраў у АПК.
Дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў таксама быў прыняты ў другім чытанні праект Закона «Аб змяненні законаў па пытаннях нарматворчай дзейнасці», якім заканадаўча замацоўваецца перадача Палаце прадстаўнікоў паўнамоцтваў па ажыццяўленні кантролю за рэалізацыяй заключных палажэнняў прынятых законаў.
«Мы разлічваем на ваша актыўнае садзейнічанне, — звярнуўся Ігар Сергяенка да ўсіх прысутных. — Каб убачыць праблемы, калі закон не працуе».
Каб і ў сельскай мясцовасці жылося добра
У Пасланні Прэзідэнта да беларускага народа і Нацыянальнага сходу ў 2025 годзе адным з прыярытэтаў дзяржаўнай сацыяльна-эканамічнай палітыкі выдзелена тэма замацавання кадраў на сяле. Дэпутацкі корпус таксама падрыхтаваў свае прапановы па пытаннях стымулявання пераезду людзей у сельскую мясцовасць.
Яны датычацца пытанняў заработнай платы ў сельскай гаспадарцы, актуалізацыі сацыяльнай палітыкі ў частцы аказання садзейнічання ў пераездзе ў сельскую мясцовасць, стымулявання развіцця асабістых падсобных гаспадарак грамадзян на тэрыторыі сельскай мясцовасці, уключаючы сялянскія (фермерскія) гаспадаркі.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў адзначыў, што падчас круглага стала прагучаў і шэраг іншых прапаноў — у выступленнях прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання па пытаннях удасканалення падрыхтоўкі кадраў. «Іх неабходна пасля комплекснага вывучэння разгледзець, можа быць, не на ўзроўні законаў — заканадаўчая база выбудаваная, — а на ўзроўні канкрэтных рашэнняў урада або адпаведных міністэрстваў», — падзяліўся меркаваннем з журналістамі Ігар Сергяенка.
Мэтавая падрыхтоўка — адзін з самых актуальных кірункаў узаемадзеяння паміж установай адукацыі, рэальным сектарам эканомікі і маладымі людзьмі. Такім меркаваннем падзяліўся з журналістамі член Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Юрый КОРСІК: «На мой погляд, неабходна праактыўная работа менавіта наймальнікаў у падборы і пошуку кандыдатаў гэтай самай падрыхтоўкі. Не хапае праактыўнай работы кіраўнікоў прадпрыемстваў сельскай гаспадаркі, іх кадравых службаў».
Рэалізацыя ўсіх пастаўленых кіраўніком дзяржавы задач магчыма толькі праз кадравую палітыку, адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі, навукі і кадраў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір САМСАНОВІЧ. «Аграпрамысловы комплекс з’яўляецца стратэгічна важным сектарам эканомікі, — дадаў ён. — З кожным годам ствараюцца новыя вытворчасці, значыць, расце патрэба ў кваліфікаваных кадрах. Каб не адставаць ад тых тэхналогій, якія ёсць у арганізацыях, патрэбна база».
Уладзімір Самсановіч адзначыў, што каля 60 % тых, хто паступае ў аграрныя ўстановы, — моладзь з сельскай мясцовасці, астатнія — жыхары гарадоў: «Наша задача — стварыць максімальныя ўмовы: жыллёвае пытанне, стымулюючыя выплаты. Сёння на ўзроўні дзяржавы дастаткова нарматыўна-прававых актаў, якія спрыяюць замацаванню на сяле».
Яна ВАЛАСАЧ
Фота БелТА