Выхаванцы міліцэйскага ВПК «Спадчыннікі Фрунзэ», які быў створаны ў снежні 2023-га, актыўна займаюцца па спецыяльнай праграме: вывучаюць асновы страявой, юрыдычнай і агнявой падрыхтоўкі, знаёмяцца з прыёмамі самаабароны і іншае. Штотыдзень для хлопцаў і дзяўчат арганізоўваюць розныя мерапрыемствы, а запрошаныя спікеры праводзяць карысныя ўрокі.
Чарговыя тэарэтычныя заняткі аб гісторыі міліцыі Беларусі і практычныя заняткі па прыёмах самаабароны для «спадчыннікаў Фрунзэ» правёў намеснік начальніка Фрунзенскага РУУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні падпалкоўнік міліцыі Яўген ІОСЬКА. Афіцэр расказаў падлеткам пра гісторыю беларускай міліцыі, традыцыі і рытуалы, а таксама пра спецыфіку службовай дзейнасці падраздзяленняў органаў унутраных спраў.
Пасля тэорыі, хлопцы і дзяўчаты прыступілі да практычнай часткі асваення прыёмаў самаабароны. Намеснік начальніка Фрунзенскага РУУС правёў для школьнікаў спартыўную трэніроўку на базе аддзела. Дзеці ўдзельнічалі ў розных гульнях і асвоілі базавыя навыкі самаабароны.
«Спорт спрыяе не толькі падтрыманню здароўя, але і фарміраванню дысцыпліны і каманднага духу, — адзначыў Яўген Іоська. — Наша задача заключаецца ў тым, каб навучыць падлеткаў быць актыўнымі, моцнымі і здольнымі абараніць сябе».
Акрамя таго, афіцэр правёў тлумачальную гутарку са школьнікамі аб правілах бяспекі. Ён нагадаў навучэнцам аб правільных спосабах пераходу дарогі і растлумачыў, чаму небяспечна гуляць паблізу праезнай часткі. Таксама была ўдзелена асаблівая ўвага пытанням інфармацыйнай бяспекі ў інтэрнэце. Яўген Іоська растлумачыў, чаму не трэба адказваць на званкі з незнаёмых нумароў, пераходзіць па падазроных спасылках і перадаваць асабістыя даныя або фатаграфіі незнаёмым людзям.
Падобныя заняткі ўжо сталі традыцыйнымі і нязменна выклікаюць у дзяцей цікавасць.
Вераніка КАНЮТА
Фота прэс-службы Фрунзенскага РУУС