Каля 60 тысяч маладых спецыялістаў — выпускнікі ўзроўню як вышэйшай, так і сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі — пачынаюць працаваць у гэтым годзе ў Беларусі.
Пасля заканчэння сваіх навучальных устаноў большасць з іх ужо адгулялі належны ім водпуск на працягу 31 каляндарнага дня і з пачатку жніўня прыступілі да працы, паведаміў першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр БАХАНОВІЧ. Ён адзначыў, што для маладых спецыялістаў створаны ўсе неабходныя ўмовы:
— Прадугледжаны цэлы пералік бонусаў, вызначаных як дзяржавай, так і галіновымі ведамствамі, прадпрыемствамі і арганізацыямі. Размова ідзе аб кампенсацыі затрат за зняцце жылля, аб прадастаўленні гэтага жылля: арэнднага або любога іншага. Таксама выплачваюцца пад’ёмныя, якія складаюць памер апошняй атрыманай стыпендыі. Гэта і выплата пры пераездзе ў іншую мясцовасць, калі такі адбываецца.
Акрамя таго, цэлы комплекс падтрымкі вызначаюць непасрэдна самі прадпрыемствы: гэта і дадатковыя надбаўкі, заахвочванні, магчымасць прафесійнага росту, замацаванне вопытнага настаўніка, які ўводзіць у курс справы і дапамагае адаптавацца.
— А таксама мы гаворым аб стварэнні камфортных сацыяльна-бытавых умоў, забеспячэнні пытанняў аховы працы і тэхнікі бяспекі. Можна сказаць, што нашы прадпрыемствы і арганізацыі ставяцца да маладых спецыялістаў, як да сваіх дзяцей, — падкрэсліў Аляксандр Бахановіч.
Якія выплаты прызначаны маладым спецыялістам
Як паведамілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, аднаразовую грашовую дапамогу ў памеры адной месячнай стыпендыі ў апошнім семестры малады спецыяліст зможа атрымаць на працягу месяца пасля прыбыцця на першае месца работы. Калі студэнт не атрымліваў стыпендыю, то памер выплаты будзе разлічаны, зыходзячы з памераў сацыяльнай стыпендыі.
Дапамогу за пераезд змогуць атрымаць маладыя спецыялісты, якія былі размеркаваны не па месцы пастаяннага жыхарства (прапіскі). Для выплаты неабходна дакументальна пацвердзіць пераезд у іншы населены пункт. Сума дапамогі будзе роўная адной тарыфнай стаўцы, тарыфнаму або службоваму акладу, праінфармавалі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.
Штомесячныя стымулюючыя выплаты прызначаны выпускнікам, якія прыбылі на работу ў бюджэтныя арганізацыі. Напрыклад, ва ўстановах Мінадукацыі і Мінкультуры такая выплата складзе 20-45 % ад акладу, у Мінспорту — 10-50 % ад акладу, у Мінпрацы і сацабароны — 20 % ад акладу, ва ўстановах Міністэрства аховы здароўя — 20-50 % ад акладу.
Фота sb.by.