Top.Mail.Ru

Для кожнай жанчыны вялікая спакуса — павялічыць вейкі і імгненна зрабіць вочы больш выразнымі і прыцягальнымі

Аднак штучныя вейкі нясуць з сабой і некаторыя пагрозы для органа зроку. Аб чым трэба памятаць, каб імкненне да прыгажосці не павярнулася непрыемнасцямі для здароўя? Разабрацца ў гэтым дапамагае загадчык аддзялення мікрахірургіі № 1 ГКБ № 3 імя Я. У. Клумава, урач года — 2024 у намінацыі «Урач-хірург» Міхаіл ПАНЕС.



— Міхаіл Аляксандравіч, ці даводзіцца вам сёння мець справы з пацыенткамі, чые непрыемнасці выкліканы нашэннем штучных веек? Якія праблемы сустракаюцца ў гэтай катэгорыі часцей за ўсё?

— Звароты жанчын, якія падоўгу носяць накладныя або нарошчаныя вейкі, сёння не рэдкасць. Часцей за ўсё яны скардзяцца на сухасць вачэй, пастаянны сверб у вобласці павекаў, пякоту, слёзацячэнне, пачырваненне, зніжэнне і «туманнасць» зроку, выпадзенне ўласных веек.

— З-за чаго з’яўляюцца гэтыя праблемы?

— Вейкі — гэта такі элемент прыдаткавага апарата органа зроку, які выконвае ахоўную функцыю, змахвае дробныя часціцы, стварае бар’ер для пылу і іншых непрыемных іншародных элементаў навакольнага асяроддзя. У тоўшчы ніжняга і верхняга павекаў размяшчаюцца вывадныя пратокі меймабіевых залоз: яны выпрацоўваюць тлушчападобны сакрэт, які ўтварае вонкавы пласт слёзнай плёнкі, абараняючы вока ад высыхання і забруджвання. Нарошчаныя вейкі (а гэта пластыкавыя, палімерныя валокны) часта ствараюць умовы да закаркоўвання вывадных пратокаў меймабіевых залоз, з-за чаго развіваюцца мейбаміт (ячмень) і блефарыт — запаленне гэтых залоз і, як вынік, саміх павек. Выпадзенне ўласных веек з-за працяглага нашэння штучных тлумачыцца тым, што натуральныя валасяныя фалікулы (не разлічаныя на такую нагрузку) папросту з часам атрафіруюцца. Алергічную рэакцыю можа выклікаць клей, з дапамогай якога нарошчваюцца вейкі.

— Ці ўяўляюць гэтыя непрыемнасці пагрозу для здароўя вачэй?

— Калі жанчыны, якія адчуваюць дыскамфорт з-за штучных веек, своечасова не звяртаюцца да спецыялістаў, то запушчаныя працэсы могуць прывесці, напрыклад, да кератыту — запалення рагавой абалонкі, пасля якога можа з’явіцца памутненне на рагавіцы, знізіцца вастрыня зроку. Некаторыя запаленні ўвогуле ўяўляюць пагрозу органу зроку і патрабуюць аперацыі.

— Якія правілы трэба выконваць, каб звесці да мінімуму праблемы ад выкарыстання штучных веек?

— Перш за ўсё трэба выконваць б’юці-працэдуры ў кваліфікаваных спецыялістаў, якія прымяняюць якасныя матэрыялы. Накладныя вейкі для кароткатэрміновага прымянення — больш беражлівы варыянт для вачэй у параўнанні з нарошчанымі. Але ў любым выпадку штучныя вейкі патрабуюць рэгулярнага догляду, захавання гігіены. І вядома, часам вейкам трэба адпачываць ад усякай нагрузкі. Нават ад тушы.

— Ці ёсць абсалютныя супрацьпаказанні для б’юці-працэдур з вейкамі?

— Гэта хранічныя або вострыя захворванні верхніх і ніжніх павекаў, а таксама парушэнні слізістай абалонкі вока. Як лекар я не раіў бы рабіць штучныя вейкі ўсім, хто працуе ва ўмовах, дзе шмат пылу і бруду.

— Міхаіл Аляксандравіч, ці не ствараюць нейкіх нязручнасцяў нарошчаныя вейкі пры правядзенні аперацый на вачах?

— Не, яны не перашкаджаюць хірургічнаму ўмяшанню. Але я памятаю, як аперыраваў жанчыну з нагоды катаракты, і за час маіх маніпуляцый у яе выпалі практычна ўсе вейкі — і нарошчаныя, і ўласныя, якія з-за працяглай нагрузкі сталі вельмі ломкімі. Калі пад мікраскопам глядзіш вочы пацыентак, то пры вялікім павелічэнні штучныя вейкі — вельмі страшная карціна.

— Спытаю вас наконт каляровых кантактных лінзаў. Часам жанчыны звяртаюцца да іх не толькі з мэтай карэкцыі зроку, але і проста для змены колеру вачэй. На думку афтальмолага, гэта не стварае праблем зроку?

— Нічога супраць іх не маю. Але ўсім, хто іх носіць, трэба абавязкова выкарыстоўваць увільгатняльныя кроплі для вачэй і выконваць усе правілы гігіены 

і карыстання.

— Ці «сябруюць» паміж сабой штучныя вейкі і кантактныя лінзы?

— Цалкам. Але калі жанчыны носяць і кантактныя лінзы, і штучныя вейкі, то павінны правільна і рэгулярна даглядаць іх.

— Міхаіл Аляксандравіч, а маглі б падзяліцца чыста мужчынскім поглядам на штучныя вейкі, на жанчын, якія іх носяць? Вам гэта падабаецца?

— Асабіста мне нешта відавочна штучнае, іншароднае на жаночым твары не здаецца прывабным. Вядома, не ўсім ад прыроды дадзены вялікія пышныя вейкі. Але сучасныя медыцынскія магчымасці дазваляюць зрабіць іх прыгажэйшымі і без б’юці-працэдур. Калі ўсё ж звяртацца да паслуг індустрыі прыгажосці, то лепш выбраць умераныя, гарманічныя штучныя вейкі. Не перагінаць. Не губляць пачуццё меры.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ, 

фота дадзена суразмоўцам.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю