Top.Mail.Ru

Для карысці, зручнасці і задавальнення

На тэрыторыі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля з’явіўся першы аўтамат для выдачы правільнага і здаровага корму для вавёрак і птушак. На прыладзе знаходзіцца карысная інфармацыя, чым паласаваць паркавых любімцаў, каб яны былі здаровымі і лягчэй перанеслі халодны сезон. 


Адкрыццё новай экалагічнай ініцыятывы ў Гомельскім парку якраз выпала на самы марозны для гораду дзень з пачатку зімы. Новая паслуга ў парку цяпер выдатная магчымасць падтрымаць дзікіх мясцовых насельнікаў.

Як звяртаюць увагу спецыялісты, каб захаваць здароўе і жвавасць вавёрак, іх варта карміць несалёным і нясмажаным фундуком, грэцкімі і кедравымі арэшкамі, несалёным і нясмажаным насеннем сланечніку, гарбуза, жалудамі, а таксама садавіной, ягадамі і гароднінай, напрыклад, яблыкамі, грушамі, малінай або морквай, кабачком, а таксама грыбамі (акрамя шампіньёнаў і вешанак).

Зараз у аўтамаце для выдачы правільнага і здаровага корму для вавёрак даступны для набыцця фундук (кошт — 2 рублі за 50 грамаў сапраўднага ласунку для рудахвостых). У бліжэйшы час асартымент папоўніцца і кедравымі арэшкамі — 2,5 рубля за такую ж порцыю. Корм у аўтаматах будзе рэгулярна папаўняцца, каб зацікаўленыя госці парку заўсёды маглі знайсці частаванне для звяркоў.


Працаўнікі, якія займаліся мантажом і наладкай апарата, падзяліліся, што цікаўныя да ўсяго новага вавёркі ўжо заўважылі смачную лакацыю. А хутка навучацца пазнаваць нават здалёк характэрны гук карыснай прылады і імкнуцца да яе. 

— Так, адны з самых улюбёных насельнікаў парка, што прыцягваюць і мясцовых жыхароў з дзецьмі, і шматлікіх турыстаў, — гэта менавіта нашы вёрткія вавёркі. Іх вельмі любяць. І менавіта для іх карысці, а таксама для зручнасці і задавальнення нашых гасцей, мы ўстанавілі гэтыя спецыяльныя аўтаматы для выдачы корму, які вавёркі любяць і які для іх найбольш карысны, — расказала інжынер садова-паркавай гаспадаркі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Ганна Рэдчыц. — На жаль, вельмі часта наведвальнікі частуюць звяркоў тым, што знаходзіцца пад рукой — печывам, цукеркамі або іншымі непрыдатнымі для іх стравамі. Гэта строга супрацьпаказана і можа прывесці да хвароб і нават гібелі жывёл. 

Першым пратэсціравала, як працуе аўтамат з правільным кормам для вавёрачак, пакарміла рудахвостых вёрткіх жывых сімвалаў Гомельскага парку, — кіраўніцтва Камітэта ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама.

Як было адзначана, у далейшым плануецца ўстанавіць яшчэ тры падобныя аўтаматы ў цэнтральнай частцы парку, каля зімовага саду, каб кожны ахвотны ў любой частцы Палацава-паркавага ансамблю і паркавай тэрыторыі без лішніх клопатаў мог пачаставаць жывёл не толькі сабе на радасць, але і з сапраўднай карысцю для дзікіх насельнікаў.

— Адзін з аўтаматаў з кормам будзе прызначаны спецыяльна для птушак — для нашых грацыёзных лебедзяў і качак. Бо і ім часта наведвальнікі таксама кідаюць непрыдатную ежу: булкі, тое ж печыва або нават чыпсы. Гэта шкодзіць здароўю птушак. У аўтамаце ж будзе збалансаваны, спецыяльны корм. Гэта будзе зручна і проста, бо не трэба хвалявацца, што ўзяць з сабой з дому. Упэўнена, што такая магчымасць спадабаецца ўсім, асабліва дзецям. Прыходзьце і радуйцеся сустрэчы з прыродай! — заклікала інжынер садова-паркавай гаспадаркі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля.

Наталля КАПРЫЛЕНКА, 

фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю