Якія тэхнічныя работы ў бліжэйшы час будуць праводзіцца ў пацярпелым ад выбуху жылым доме па вуліцы Касарава, абмеркавалі на пасяджэнні рабочай групы па ліквідацыі наступстваў надзвычайнай сітуацыі ў Гомельскім аблвыканкаме.
Як адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама Андрэй Бараноўскі, у самы бліжэйшы час будзе завершана падсыпка асновы для ўстаноўкі спецтэхнікі, якая будзе выкарыстана для дэмантажу пашкоджаных канструкцый жылога дома. У выхадныя дні тэхніку для правядзення запланаваных работ даставяць у Гомель.
Дэмантаж секцыі дома будзе праведзены канкрэтна на пашкоджаных участках дома. Як патлумачыў Андрэй Бараноўскі, правядзенне дэмантажных работ па такой тэхналогіі — практыка для Гомеля не новая. Яна прымянялася пры разборы доўгабуда па вуліцы Братоў Лізюковых.
Як падкрэслілі на пасяджэнні рабочай групы, жыхарам не пацярпелых пры выбуху кватэр не варта хвалявацца за сваю бяспеку і ўласнасць.
— Што тычыцца маёмасці грамадзян з пацярпелых пры выбуху кватэр, то праведзены поўны вопіс маёмасці. Калі ў далейшым пры разборы канструкцый будзе пашкоджана якая-небудзь маёмасць, то ўсе выдаткі грамадзянам кампенсуюцца, — адзначыў намеснік кіраўніка вобласці.
У нядзелю плануецца пачаць мантаж тэхнікі для далейшага разбору пацярпелых участкаў жылля.
— Прапрацавана пытанне адсялення на момант правядзення дэмантажных работ жыхароў з пад’езду суседняга дома па адрасе Касарава, 5, шосты пад’езд. Гэта ў першую чаргу тычыцца жыхароў кватэр з шостага па дзясяты паверх. Усім будзе прапанавана магчымасць часова перасяліцца, каб пазбегнуць любых магчымых рызык, — звярнуў увагу Андрэй Бараноўскі.
Што тычыцца той часткі дома па вуліцы Касарава, 3, якая не пацярпела ад выбуху, то пасля абследавання ўстаноўлена, што ў адсяленні грамадзян няма неабходнасці.
— Працуем у планавым парадку. Ніякіх збояў у рабоце па ліквідацыі наступстваў няма. Працуе тэлефон даверу, праблемных пытанняў грамадзяне не абазначаюць, — падкрэсліў Андрэй Бараноўскі. — Дапамога аказана ўсім. Дадаткова выйшлі ў тыя сем’і, дзе выхоўваюцца дзеці. Адзначу, што людзі з разуменнем ставяцца да сітуацыі, бачаць, што ўсе неабходныя работы па ліквідацыі наступстваў надзвычайнай сітуацыі выконваюцца.
Намеснік старшыні аблвыканкама звярнуў асаблівую ўвагу, што высновы аб далейшым лёсе пацярпелага дома эксперты змогуць зрабіць толькі пасля поўнага завяршэння дэмантажных работ.
Нагадаем, што ў пад’ездзе, пацярпелым ад выбуху, пражывала 78 чалавек, з іх 11 дзяцей. Чацвёра жыхароў пажылога ўзросту, якім прадпісаны пасцельны рэжым, перададзены ў арганізацыі аховы здароўя. Усім, хто мае патрэбу, прадастаўлены месцы для часовага пражывання.
Наталля КАПРЫЛЕНКА,
фота аўтара і ТК «Гомельшчына афіцыйна»