Top.Mail.Ru
137

Дэвізам было і застаецца «Сваіх не кідаць». У Магілёве ўшанавалі памяць воінаў-інтэрнацыяналістаў

Сёння ў Магілёве адбыўся тэатралізаваны мітынг, прысвечаны 37-й гадавіне вываду савецкіх войскаў з Афганістана. Ля помніка на набярэжнай ракі Дняпро сабраліся прадстаўнікі абласнога і гарадскога выканаўчых камітэтаў, упраўленняў і ведамстваў, сілавых структур, дэпутаты, воіны-інтэрнацыяналісты, іх родныя і блізкія, гараджане і моладзь, паведаміла БелТА.



Ушанаваць памяць таварышаў па службе прыйшлі ўдзельнікі баявых дзеянняў у Афганістане. Сярод іх — Анатоль Пынцікаў. Сёння ён — намеснік старшыні Магілёўскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане». Успамінаючы сваю службу ў той далёкай краіне, мужчына з цяжкасцю стрымлівае слёзы.

«Я быў прызваны ў шэрагі Савецкай арміі ў 1981 годзе, першыя паўгода праходзіў службу ў вучэбным падраздзяленні ў Самаркандзе. Скончыў з адзнакай і быў накіраваны для далейшага праходжання службы ў Афганістан, — падзяліўся ён. — Мне было 19 гадоў. Дзе я тады мог вайну бачыць? Ведалі толькі, як нашы бацькі, дзяды і прадзеды ваявалі. Вось і нас закранула — трэба было выконваць свой інтэрнацыянальны абавязак».


Служба, кажа мужчына, была вельмі няпростай: гарачы клімат, горы. Без сур’ёзнай фізічнай падрыхтоўкі папросту не справіцца. «Але дзякуй Богу, многія з нас засталіся жывыя. Наш самы галоўны дэвіз тады быў «сваіх не кідаць», — расказаў Анатоль Пынцікаў. — 118 нашых магілёўскіх хлопцаў так і не вярнуліся. З іх 23 — жыхары Магілёва. Але мы шануем іх памяць і ніколі не забудзем іх імёны».

Нягледзячы на тое, што прайшло ўжо некалькі дзясяткаў гадоў з тых падзей, ветэраны баявых дзеянняў працягваюць падтрымліваць адзін аднаго і не страчваюць сувязі з аднапалчанамі. «Гэта святое. Калі сустракаемся, заўсёды ўспамінаецца. Здаецца, колькі б гадоў ні прайшло, усё стаіць перад вачыма: тая вайна, тыя паўтара года, што мы былі ў Афгане, — адзначыў ветэран. — Беларусы сумленна выканалі свой інтэрнацыянальны абавязак і вярнуліся дадому».

Сёння на ветэранах баявых дзеянняў ляжыць сур’ёзная адказнасць — быць прыкладам для моладзі, вучыць яе смеласці, стойкасці і патрыятызму. І для кожнага з іх сапраўдны гонар, калі сучасныя маладыя людзі выбіраюць для сябе ваенную прафесію, апранаюць форму і становяцца сапраўднай апорай для людзей і Радзімы.

Ушанаваць памяць загінулых воінаў-інтэрнацыяналістаў і выказаць словы падзякі ветэранам, якія цяпер жывуць, прыйшла моладзь горада. У іх ліку — курсант 4-га курса Магілёўскага абласнога кадэцкага вучылішча імя Героя Савецкага Саюза Яўгена Нікалаенкі Арсеній Чубкоў. Малады чалавек абраў для сябе ваенную прафесію, хоча служыць у будучыні ва ўнутраных войсках. Прыкладам для яго стаў прадзед Андрэй Арцёмавіч Пускаў. Ён прайшоў усю Вялікую Айчынную вайну, дайшоў да Берліна і вярнуўся дадому жывым. А яшчэ, падзяліўся малады чалавек, прыкладам для яго сталі і воіны-інтэрнацыяналісты, якія выканалі свой абавязак з гонарам, годнасцю і заўсёды заставаліся вернымі прысязе. Служыць сваёй краіне не дзеля званняў і ўшанаванняў, а па загадзе душы — так разважае курсант. 

Аддаць даніну памяці прыйшоў сёння да помніка і кіроўца МГКУ «ДМП» Яўген Маруніч разам з працоўным калектывам. Мужчына прайшоў Афганістан, але ўспамінаць пра тыя падзеі не хоча — дагэтуль яны аддаюцца болем у душы і сэрцы.

«Сёння дзень, калі мы ўспамінаем загінулых таварышаў і аднапалчан. Дзень, калі сустракаемся з тымі, з кім служылі бок аб бок, каб успомніць разам сваю маладосць, — дзеліцца мужчына. — Прыемна, што ў дзень памяці тут заўсёды збіраецца моладзь. І мне здаецца, для іх гэта важны момант выхавання патрыятызму. Без гэтага нікуды. Мы ўсе жывём тут, гэта наш дом, які, калі з’явіцца неабходнасць, трэба будзе абараняць. Мір трэба берагчы».


Звярнуўся да ўдзельнікаў мітынгу старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Аляксандр Гарошкін. Ён падкрэсліў, што падзеі ў Афганістане ніколі не будуць выкраслены з памяці сучасных пакаленняў беларусаў. Яны назаўсёды застануцца ў нашай гісторыі сведчаннем доблесці, сімвалам стойкасці і гераізму. І сёння перад грамадствам стаіць сур’ёзная задача — фарміраванне грамадзянскай супольнасці, патрыятычнае выхаванне моладзі, прывіццё ёй любові да спорту і здаровага ладу жыцця. «Гэта найважнейшы ўклад у сучаснасць і будучыню нашай краіны», — адзначыў ён.

Па словах Аляксандра Гарошкіна, цяперашнія падзеі ў свеце штодня нагадваюць пра каштоўнасць міру і надаюць усё большую значнасць захаванню памяці аб мужнасці і гераізме ветэранаў вайны ў Афганістане. «Вы здолелі даказаць, што вас аб’ядноўвае не толькі агульная радасць перамог або горыч страт, але і ўменне працаваць, падтрымліваць адзін аднаго і, самае галоўнае, — дапамагаць сваёй дзяржаве будаваць моцную, незалежную і квітнеючую краіну», — падсумаваў ён.

Завяршыўся мітынг урачыстым маршам калоны парадных разлікаў воінаў Магілёўскага гарнізона. А пасля гэтага ўсіх удзельнікаў запрасілі на святочны канцэрт.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю