Абласное дзіцячае свята і баль для пажылых — у Мінскай вобласці да традыцыйных навагодніх акцый «Нашы дзеці» і «Ад усёй душы» падрыхтаваны шэраг цікавых мерапрыемстваў. Пра гэта БелТА паведамілі ў прэс-службе Мінскага аблвыканкама.
Старт акцыі «Нашы дзеці» ў Мінскай вобласці будзе дадзены ў Стаўбцоўскім раёне 15 снежня. Кіраўніцтва вобласці, структурных падраздзяленняў, абласных арганізацый у ходзе акцыі, якая працягнецца да 14 студзеня, павіншуюць выхаванцаў дзіцячых інтэрнатных устаноў, прыёмных і малазабяспечаных сем’яў, сем’яў, дзе выхоўваюцца дзеці-сіроты, дзеці-інваліды і інш.
Абласное навагодняе свята пройдзе ў Салігорску, куды запросяць хлопчыкаў і дзяўчынак з усіх куткоў Мінскай вобласці.
Акцыя «Ад усёй душы», накіраваная на падтрымку пажылых людзей, ветэранаў ВАВ і працы, доўгажыхароў, адзінокіх пажылых людзей, у цэнтральным рэгіёне пройдзе з 23 снежня па 14 студзеня. Урачыстае адкрыццё яе адбудзецца ў Клецку. А 9 студзеня ў Салігорску пажылых людзей запросяць на Калядны баль.