На сесіі Палаты прадстаўнікоў абмяркоўвалі бюджэт і задачы, пастаўленыя кіраўніком дзяржавы на нарадзе з кіраўніцтвам Адміністрацыі Прэзідэнта.
Перад пачаткам пасяджэння Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар СЕРГЯЕНКА засяродзіў увагу дэпутатаў на актуальных задачах іх дзейнасці. Ён нагадаў, што 12 чэрвеня кіраўнік дзяржавы правёў нараду з кіраўніцтвам Адміністрацыі Прэзідэнта, на якой быў абмеркаваны шэраг значных пытанняў.
— Тэмы, якія абмяркоўваліся на нарадзе, датычацца дзейнасці ўсіх дзяржаўных органаў, у тым ліку дэпутацкага корпуса. Прашу ўсіх уважліва вывучыць матэрыялы і выкарыстоўваць іх у сваёй рабоце, — заявіў спікер, звяртаючыся да парламентарыяў
Старшыня Палаты прадстаўнікоў падкрэсліў, што ў ліку тэм, якія абмяркоўваліся на нарадзе ў Прэзідэнта, было і пытанне, якое датычыцца работы са зваротамі грамадзян.
Ігар Сергяенка адзначыў, што тут павінен быць сістэмны падыход, а пры разглядзе кожнага звароту трэба паглыбляцца ў праблематыку ўзнятых пытанняў. Вырашаць іх на месцах, а не цягнуць наверх, вывучаць ва ўзаемадзеянні са сваімі калегамі з профільных камісій, выключыўшы неабгрунтаваную перапіску і фармалізм. Іншымі словамі — у рабоце са зваротамі грамадзян павінен быць сістэмны падыход.
- Другое пытанне — работа з дзяржпраграмамі. Як адзначыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў, дзяржаўныя праграмы не павінны існаваць самі па сабе, яны павінны быць дзейсным інструментам дасягнення пастаўленых мэт па паляпшэнні якасці жыцця ў рэгіёнах. Ігар Сергяенка звярнуў увагу, што 11 чэрвеня на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў было разгледжана пытанне аб рэалізацыі дзяржаўных праграм (падпраграм), у тым ліку аб ацэнцы эфектыўнасці іх рэалізацыі ў 2021 — 2024 гадах. Аналіз паказаў, што не ўсе праграмы забяспечылі чаканыя вынікі. Часта адсутнічае значны сацыяльна-эканамічны эфект ад іх, нават прытым што ход рэалізацыі планаў у цэлым ацэньваецца станоўча.
Цяпер вядзецца работа па фарміраванні дзяржаўных праграм на 2026–2030 гады, накіраваных на рэалізацыю задач наступнай пяцігодкі. Спікер акцэнтаваў, што пастаянным камісіям неабходна ў чэрвені — першай палове ліпеня прааналізаваць сумесна з профільнымі міністэрствамі бягучыя праграмы, якія ўжо завяршаюцца, каб пры фарміраванні новых пазбегнуць дапушчаных памылак.
- Яшчэ адна важная тэма — работа па рэалізацыі мерапрыемстваў у рамках Года добраўпарадкавання. Ігар Сергяенка адзначыў, што з 16 да 20 чэрвеня дэпутаты будуць працаваць у выбарчых акругах і неабходна прадоўжыць работу па рэалізацыі мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі, азеляненні, падтрыманні ў чысціні тэрыторый і населеных пунктаў.
* * *
Падчас пасяджэння сесіі дэпутаты ў адным чытанні прынялі праект закона «Аб зацвярджэнні справаздачы аб выкананні бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь за 2024 год».
Згодна з дакументам, даходы бюджэту фонду за 2024 год склаліся ў суме 30 638 млн рублёў, што складае 108,5% да зацверджанага законам плана і 99,8% да ўдакладненага плана, і павялічыліся ў параўнанні з 2023 годам на 20,9%. Асноўная крыніца даходаў бюджэту фонду (92,5%) — уклады на дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне. Найбольшую ўдзельную вагу ў выдатках бюджэту фонду складаюць выплаты пенсій (79,8%) і дапамог (19%).
У 2024 годзе працоўныя пенсіі ў сувязі з ростам сярэдняй заработнай платы работнікаў у краіне пераразлічваліся двойчы: з 1 лютага — на 10%, з 1 кастрычніка — на 5%. Акрамя таго, у сувязі з павелічэннем бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, якое адбылося чатыры разы (у лютым, маі, жніўні і лістападзе), павышаліся мінімальныя працоўныя пенсіі, сацыяльныя пенсіі, надбаўкі і павышэнні да іх, даплаты пенсіянерам, старэйшым за 75 гадоў
Фінансаванне ўсіх вызначаных заканадаўствам расходаў за кошт сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання ў 2024 годзе забяспечана своечасова і ў поўным аб’ёме. Такім чынам, бюджэт фонду ў 2024 годзе збалансаваны і выкананы з прафіцытам у суме 2357 млн рублёў.
- Дэпутацкі корпус таксама прыняў праект закона «Аб зацвярджэнні справаздачы аб выкананні рэспубліканскага бюджэту за 2024 год».
- У другім чытанні дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі праект закона «Аб змяненні законаў па пытаннях выканаўчай вытворчасці».
Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў таксама прынялі шэраг законапраектаў, якія датычацца міжнародных адносін.
Паводле прэс-службы Палаты прадстаўнікоў.