У аўторак кіраўніцтва і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў наведалі Мінскі гарадскі тэхнапарк, на базе якога разгледзелі пытанні аб перспектыўных кірунках інавацыйнага развіцця сталіцы і аб дзейнасці Мінскага гарадскога тэхнапарка, а таксама абмеркавалі далейшыя шляхі ўзаемадзеяння з кіраўніцтвам беларускай сталіцы.
Мінскі гарадскі тэхнапарк — найбуйнейшы тэхнапарк краіны. Ён быў створаны 15 гадоў таму ў рамках Дзяржпраграмы інавацыйнага развіцця. Сёння рэзідэнтамі парка з’яўляюцца больш за 80 кампаній, якія рэалізуюць інавацыйныя праекты ў медыцыне, сельскай гаспадарцы, прыборабудаванні, робататэхніцы, электроніцы, «зялёнай» энергетыцы і іншых сферах.
Шырокія прэферэнцыі для выпуску патрэбнай прадукцыі
Як адзначыў у ходзе пасяджэння Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка, прававыя і арганізацыйныя асновы дзяржаўнай інавацыйнай палітыкі замацаваны ў Законе «Аб дзяржаўнай інавацыйнай палітыцы і інавацыйнай дзейнасці», апошнія змены ў які ўносіліся 4 гады таму. Разам з тым спікер заўважыў, што на дадзены момант, напэўна, яшчэ не наспела неабходнасць уносіць у заканадаўства якія-небудзь змяненні, паколькі дзеючым законам усё ўлічана. Пры гэтым паглядзець, правесці маніторынг гэтага закона неабходна, і пляцоўка Мінскага гарадскога тэхнапарка якраз дэманструе, як дзейнічаюць на практыцы нормы закона і іншых падзаконных актаў.

Паводле слоў спікера, рэзідэнты тэхнапарка займаюцца самымі рознымі кірункамі дзейнасці і вырабляюць высокатэхналагічную прадукцыю, запатрабаваную сёння ў многіх галінах эканомікі. «Адпаведна, дзяржава таксама ўдзяляе значную ўвагу дынамічнаму развіццю гэтай сферы як аднаму з самых паспяховых кірункаў інавацыйнай палітыкі нашай краіны, — канстатаваў Старшыня Палаты прадстаўнікоў. — Створаны для функцыянавання тэхнапарка шырокія прэферэнцыі. Гэта і падатковыя льготы, і льготы па арэндзе, і фінансаванне развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы суб’ектаў інавацыйнай інфраструктуры за кошт бюджэтных сродкаў».
Наведваючы Мінскі гарадскі тэхнапарк, прадстаўнікі дэпутацкага корпуса ўдзялілі ўвагу дзейнасці прадпрыемства з больш чым 80-гадовай гісторыяй — ТАА «Мотавелазавод». Некалькі гадоў таму кіраўнік дзяржавы даручыў ажыццявіць рэнавацыю вытворчай пляцоўкі былога завода «Мотавела». Для гэтага сталічныя ўлады перадалі зямельны ўчастак агульнай плошчай 27,6 га Мінскаму гарадскому тэхнапарку.
Падчас наведвання завода ў сакавіку 2021 года Прэзідэнт даручыў развіваць вытворчасць і павялічваць узровень лакалізацыі. Гэта задача цяпер у прыярытэце ў кіраўніцтва завода.
«Вынікам аналізу зваротаў грамадзян сталі асобныя заканадаўчыя інавацыі»
У ходзе мерапрыемства народныя выбраннікі таксама абмеркавалі з кіраўніцтвам сталіцы вынікі і перспектывы ўзаемадзеяння. Як адзначыў Ігар Сергяенка, такая форма дзейнасці — сустрэчы дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, выбраных ад той ці іншай вобласці і горада Мінска, з кіраўніцтвам адпаведнага рэгіёна — дазваляе павышаць эфектыўнасць супрацоўніцтва парламентарыяў з мясцовай выканаўчай уладай. Старшыня Палаты прадстаўнікоў адзначыў, што дэпутацыя Мінска самая шматлікая ў Палаце прадстаўнікоў.
Гаворачы аб эфектыўнасці работы дэпутацкага корпуса, Ігар Сергяенка прывёў некалькі красамоўных лічбаў. Усяго за мінулы год дэпутатамі прынята 5500 грамадзян, пятая частка з якіх — дэпутатамі-мінчанамі. З 7200 зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб — 1500 паступілі ў адрас дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў ад Мінска. Больш за ўсё мінчане звяртаюцца па пытаннях ЖКГ і жыллёвага будаўніцтва, аховы здароўя, сферы занятасці і аховы працы. У цэлым такія пытанні тыповыя для ўсіх рэгіёнаў краіны. Пры гэтым ён падкрэсліў, што Мінск — люстэрка настрояў грамадства: «Таму важна, каб дэпутаты, якія прадстаўляюць сталіцу, падзяліліся сваім вопытам у вырашэнні гэтых праблем».
Ігар Сергяенка таксама расказаў аб сваім асабістым вопыце ўзаемадзеяння з мясцовымі органамі ўлады пры вырашэнні праблем грамадзян, якія звярталіся да яго на прыём па розных пытаннях функцыянавання гарадской гаспадаркі, і адзначыў, што кіраўніцтва сталіцы вельмі скрупулёзна, уважліва і педантычна падыходзіць да пытанняў, якія ўздымаюць дэпутаты.
У размове з журналістамі Ігар Сергяенка падкрэсліў: «Палата прадстаўнікоў працягвае практыку правядзення сустрэч з кіраўніцтвам рэгіёнаў на канкрэтных аб’ектах, а таксама вывучэння, як працуе дзеючае заканадаўства ў той ці іншай сферы. Сёння прагучалі асобныя ідэі, якія на падставе ўжо пэўнага вопыту функцыянавання можна ў перспектыве сфармуляваць і ўнесці змяненні ў заканадаўства».
Старшыня Палаты прадстаўнікоў аб дзейнасці Мінскага тэхнапарка таксама адзначыў: «Мы ўбачылі, што выбудавана сістэма кантролю за работай суб’ектаў гаспадарання, якія знаходзяцца тут. Гэта сур’ёзны штуршок для развіцця і Мінска, і нашай краіны».
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА