Гомельская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў запрасіла актывістаў з розных раёнаў рэгіёна разам вучыцца складаць праекты грамадзянскіх ініцыятыў.
Навучальны семінар быў арганізаваны ў Гомелі. Яго ўдзельнікамі сталі старшыні і супрацоўнікі сельвыканкамаў, а таксама юрысты, бухгалтары. Запрошаныя спікеры — прадстаўнікі профільных упраўленняў Гомельскага аблвыканкама — расказалі аб актуальных пытаннях непасрэднага ўдзелу грамадзян у ажыццяўленні мясцовага кіравання і самакіравання, аб прававым рэгуляванні дзяржаўных закупак тавараў, работ, паслуг, а таксама аб бюджэтным фінансаванні праектаў грамадзянскіх ініцыятыў. Актывісты разгледзелі ўдзел грамадзян у мясцовым самакіраванні ў рамках прававога поля, разабраліся ў асаблівасцях арганізацыі інфармацыйна-ідэалагічнай работы з людзьмі. Цікавым досведам стала навучанне эфектыўнай камунікацыі з насельніцтвам. Удзельнікі аналізавалі таксама ўжо рэалізаваныя праекты і ініцыятывы.


На семінары вопытам увасаблення ў жыццё патрыятычнай грамадзянскай ініцыятывы на тэрыторыі Акцябрскага раёна падзялілася старшыня Пратасаўскага сельвыканкама Аксана Галчынская. Менавіта гэты праект стаў адным з пераможцаў у конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў і ў мінулым годзе, і сёлета. Як расказала Аксана Галчынская, іх праект накіраваны на развіццё турызму ў сельскай мясцовасці. Асноўная ідэя — захаванне памяці аб унікальным подзвігу герояў Вялікай Айчыннай вайны — адзінаму ў ваеннай гісторыі танкаваму тарану браняпоезда, які на тэрыторыі Акцябрскага раёна здзейснілі Міхаіл Бахтуеў і Дзмітрый Камароў. Ініцыятыўная група Пратасаўскага сельсавета, дзякуючы перамозе ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў, стварыла сучасную музейную экспазіцыю, прысвечаную гэтаму подзвігу. Падтрымалі ініцыятыву жыхары ўсяго Акцябрскага раёна. Вясковыя актывісты і далей развіваюць свой праект: рыхтуюць ваенную рэканструкцыю таго самага эпізоду бою і ствараюць турыстычны маршрут па месцах баявой славы.


Практыкай работы па рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятыў у частцы бухгалтарскага суправаджэння вопытам дзяліліся кіраўнікі і спецыялісты цэнтраў па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Добрушскага, Ельскага і Акцябрскага раёнаў.
Як падкрэсліла дырэктар Гомельскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў Лілія Шахлянкова, усе раёны вобласці актыўна ўключыліся ў конкурсны працэс, некаторыя прапанавалі па некалькі праектаў грамадзянскіх ініцыятыў.
- — Ужо сёлета ў асацыяцыю было накіравана 120 праектаў-заявак, з якіх 33 прызнаны пераможцамі. На рэалізацыю ініцыятыў у гэтым годзе накіравана больш як 837 беларускіх рублёў, з якіх каля 90 — сродкі грамадзян.
Практыка правядзення конкурсаў паказала на неабходнасць навучання нашых грамадзян, таму асацыяцыя ўдзяляе гэтаму вялікую ўвагу. Арганізавана метадычнае суправаджэнне распрацоўкі праектаў грамадзянскіх ініцыятыў, аказваецца садзейнічанне ў іх рэалізацыі, — падкрэсліла Лілія Шахлянкова.
Як нагадала дырэктар Гомельскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў, у рамках адукацыйнага курса «Школа рэгіянальнага развіцця» асацыяцыяй на Гомельшчыне штогод арганізоўваецца навучанне для прадстаўнікоў усіх раёнаў вобласці.
— Актыўныя жыхары вучацца бачыць актуальную праблему ў сваім населеным пункце, вёсцы, аграгарадку, горадзе, шляхі яе вырашэння. У рамках адукацыйнага курса навучэнцы распрацоўваюць, пішуць і абараняюць канкрэтныя праекты грамадзянскіх ініцыятыў, — звярнула ўвагу Лілія Шахлянкова. — Удзельнікі, якія паспяхова асвоілі праграму навучання, атрымалі пасведчанне аб праходжанні адукацыйнага курса, а на рэалізацыю праектаў, якія сталі пераможцамі ў рамках ІІ Форума грамадзянскіх ініцыятыў, перададзены сертыфікаты ў памеры 10 000 рублёў. Гэта стала магчымым дзякуючы нашым спонсарам і членскім узносам асацыяцыі, і мы працягваем шэраг навучальных семінараў, каб падтрымаць нашых актыўных грамадзян у імкненні развіваць ініцыятыўную дзейнасць, — дадала кіраўнік.
Між тым на Гомельшчыне праведзены ўжо чатыры адкрытыя конкурсныя адборы праектаў грамадзянскіх ініцыятыў.
Як нагадала на адкрыцці навучальнага семінара ў Гомелі старшыня Гомельскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў, старшыня Гомельскага раённага Савета дэпутатаў Вікторыя Ладуцька, сапраўды, вырашаць важныя пытанні для любога населенага пункта ўдаецца тады, калі за справу бяруцца ўсе разам — дэпутаты, актыўныя грамадзяне, установы і арганізацыі, прадпрыемствы, якія могуць падтрымаць людзей.
— Як заўжды матывуе нас наш Прэзідэнт, Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка: чалавек, яго ініцыятыва і імкненне жыць лепш павінны стаць галоўнай рухаючай сілай развіцця краіны на наступныя гады, — падкрэсліла Вікторыя Ладуцька.
Старшыня Гомельскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў, лідар дэпутацкага корпуса Гомельскага раёна, звярнула ўвагу, што часам людзям не хапае матывацыі і ўпэўненасці ў прасоўванні сваёй грамадзянскай ініцыятывы. Але важна памятаць, што і за кожным праектам, прызнаным лепшым у конкурсе, стаялі таксама звычайныя людзі, якія праявілі ініцыятыву і былі гатовыя да канца вырашаць канкрэтныя пытанні па развіцці свайго аграгарадка, вёскі, горада ці раёна.
Наталля Капрыленка,
фота аўтара