Як мы ўжо паведамлялі, днямі ўрад зацвердзіў рэспубліканскі план мерапрыемстваў па правядзенні ў 2026-м Года беларускай жанчыны. Несумненна, народныя выбраннікі далучацца да іх не словам, а справай. Прадстаўнікі ўсіх узроўняў заканадаўчай улады падзяліліся сваімі планамі на гэты год.
«Падтрымаць тых, хто будуе сучаснасць, і натхніць тых, ад каго залежыць будучыня»
«Аддаць даніну павагі жаночаму шляху ў гісторыі, падтрымаць тых, хто будуе сучаснасць, і натхніць тых, ад каго залежыць будучыня. Усе гэтыя ініцыятывы — частка вялікай дзяржаўнай работы па ўмацаванні статусу жанчыны ў нашым грамадстве», — так пазначыла задачы на 2026-ы старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Наталля Паўлючэнка.
Паводле яе слоў, Савет Рэспублікі ў Год беларускай жанчыны зробіць акцэнт на праектах, якія аб’ядноўваюць гісторыю, міжнароднае супрацоўніцтва і сацыяльную падтрымку. Сярод ініцыятыў Савета Рэспублікі — стварэнне лічбавай платформы «Тварам да гісторыі: жаночы шлях Беларусі». На працягу года будзе створаны маштабны анлайн-архіў, прысвечаны біяграфіям, дасягненням і ўнёску беларускіх жанчын у развіццё краіны. Вялікая ўвага будзе ўдзелена пятаму па ліку Беларуска-ўзбекскаму жаночаму бізнес-форуму, які запланаваны на жнівень. Мерапрыемства прадоўжыць традыцыю ўмацавання дзелавых і культурных сувязяў, забяспечыўшы жанчын-прадпрымальніц дзвюх краін пляцоўкай для дыялогу і пошуку новых магчымасцяў. Традыцыйны міжнародны форум «Размова аб важным: шчаслівая сям’я — моцная дзяржава», які ў рамках тыдня бацькоўскай любові праводзіцца пад патранатам Савета Рэспублікі, стане пляцоўкай для абмеркавання фундаментальных каштоўнасцяў, ролі жанчыны ў захаванні сямейнага ўкладу як асновы ўстойлівага развіцця грамадства. Будзе рэалізаваны таксама сацыяльна-адукацыйны праект «Тэрыторыя РОСТу». На працягу года паспяховыя жанчыны, якія сумяшчаюць кар’еру і мацярынства, будуць дзяліцца вопытам, выступаючы ў ролі настаўніц і экспертаў. Савет Рэспублікі таксама ўзяў на сябе каардынацыю сацыяльнага праекта «Рука дапамогі», мэта якога — падтрымка жанчын, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.
«Дапамога жанчыне ў быце вельмі важная»
Старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч адзначае, што з аб’яўленнем кіраўніком дзяржавы тэматыкі года адразу пайшоў станоўчы водгук у грамадстве — і ў кожнай сям’і. А рэспубліканскі план мерапрыемстваў па правядзенні ў 2026-м Года беларускай жанчыны — важны, сістэмны дакумент, які змяшчае больш за шэсцьдзясят мерапрыемстваў, накіраваных на папулярызацыю ролі жанчыны і яе ўнёску ў развіццё грамадства, а таксама дасягненне канкрэтных вынікаў па падтрымцы жанчын і сем’яў з дзецьмі.
Асаблівая ўвага народных выбраннікаў, адзначыла Кацярына Зенкевіч, будзе ўдзелена дапамозе жанчынам, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі. «У Гомельскай вобласці ў студзені быў праведзены выязны практычны семінар для старшынь Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню аб стане бытавога абслугоўвання насельніцтва і мерах, што прымаюцца па яго паляпшэнню, у тым ліку ў сельскай мясцовасці, — расказала кіраўнік абласнога дэпутацкага корпуса. — Бо дапамога жанчыне ў быце вельмі важная. Дэпутаты таксама актыўна ўдзельнічаюць у напаўненні рэгіянальных планаў па правядзенні ў 2026-м Года беларускай жанчыны канкрэтнымі мерапрыемствамі».
«Даведацца больш пра зямлячак»
Святлана Язерская, старшыня Слаўгарадскага райсавета дэпутатаў, упэўнена, што кожнае мерапрыемства, якое пройдзе ў рамках плана, будзе накіравана на разуменне таго, што наша беларуская жанчына мужная, клапатлівая, моцная духам, працавітая. «Будзем вырашаць пытанні дабрабыту, сацыяльнага клімату. Вельмі важна своечасова працягнуць руку дапамогі — гэта той кірунак, які анансаваў Савет Рэспублікі і які падхапілі ў раёнах пад назвай „Рука дапамогі“, — гаворыць старшыня райсавета. — Гэта датычыцца і падтрымкі жанчын, якія аказаліся ў складаным жыццёвым становішчы. На раённым узроўні для раскрыцця патэнцыялу жанчын і ў той жа час вырашэння праблем, якія існуюць, будуць праводзіцца сустрэчы, конкурсы, канферэнцыі, дыялогавыя пляцоўкі. Будзем разам шукаць шляхі вырашэння складаных задач».
У мерапрыемствах на ўзроўні раёна не абмінуць і гістарычны складнік. «Сёлета Слаўгарад адзначае 890 гадоў, і ў нас праходзяць мерапрыемствы, накіраваныя ў тым ліку на тое, каб даведацца больш пра жанчын-зямлячак, прааналізаваць, як яны ў розныя гады гісторыі спраўляліся з цяжкасцямі, знаходзілі выйсце са складаных становішчаў, фарміравалі сябе як палітыкі, як кіраўнікі, яшчэ раз падкрэсліць самую важную місію жанчыны на зямлі — быць маці. Праект „Слаўныя імёны зямлі слаўгарадскай“ — адзін з кірункаў, па якім будзе працаваць Слаўгарадскі раённы Савет дэпутатаў, — дзеліцца планамі Святлана Язерская. — Нашы зямлячкі займаліся сям’ёй і ў той жа час выконвалі работу, якая дазваляла раёну, вобласці, краіне развівацца і мацнець».
«Гэты год аб’яўлены нашым, мы не падвядзём!»
Старшыня Смілавіцкага сельскага Савета дэпутатаў і сельскага выканаўчага камітэта Ірына МАРЦІНОВІЧ адзначыла, што Год беларускай жанчыны, аб’яўлены Прэзідэнтам Беларусі, натхніў яе на стварэнне і ўвасабленне новых ідэй і праектаў, звязаных з дапамогай і падтрымкай прадстаўніц прыгожага полу.
Напрыклад, правесці марафон творчых ідэй «Рукі маці, вам усё падуладна»: «Удзельнічаць у ім будуць мамы розных узростаў і прафесій разам з дзецьмі. Плануецца, што вынікам гэтага мерапрыемства стане выстаўка творчых дасягненняў, якія прадставяць нашы жанчыны-маці».
Акрамя таго, на тэрыторыі Смілавіцкага раёна запланавана правядзенне агляду-конкурсу прыдамавых тэрыторый, акультураных рукамі мясцовых жыхарак.
«Мы распрацавалі мерапрыемства, якое таксама плануецца правесці ў гэтым годзе, — „Жанчына Смілавічаў у імя дабра і любові“, — расказала аб планах Ірына Марціновіч. — Пакуль не вызначаны фармат, верагодна, гэта будзе дыялогавая пляцоўка або круглы стол. У ходзе гэтага мерапрыемства мы зробім акцэнт на гісторыях жанчын — захавальніц сямейнага ачага, любові да свайго дома, дзяцей, Радзімы».
Нашы жанчыны — вялікія малайцы, адзначыла Ірына Пятроўна. «Мы пра гэта памятаем, мы гэта бачым і сваіх суайчынніц усяляк гатовы падтрымліваць, — запэўніла яна. — Мы не абдзелім увагай жанчын-доўгажыхарак нашага раёна, шматдзетных мам і ў цэлым усіх — і дарослых, і маленькіх. Гэты год быў аб’яўлены нашым, мы не падвядзём!»
Паводле нашых карэспандэнтаў