Top.Mail.Ru

Дэпутат Юлія Волкава — аб спецыфіцы работы з выбаршчыкамі

«Самі ідзём да людзей»


Асабістыя прыёмы грамадзян, сустрэчы ў сельскіх Саветах і працоўных калектывах для члена Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Юліі Волкавай застаюцца аднымі з асноўных форм работы ў выбарчай акрузе. Гэта магчымасць абмеркаваць пытанні, што хвалююць людзей сёння, і вяртацца да зваротаў, праца па якіх застаецца на кантролі дэпутата.

Пытанні ад жыцця

— Нягледзячы на тое, што ў райвыканкамах рэгулярна праводжу прамыя тэлефонныя лініі, людзі па-ранейшаму аддаюць перавагу асабістаму камунікату і чакаюць жывога дыялогу, — звяртае ўвагу Юлія Аляксандраўна.

Яе Гомельская сельская выбарчая акруга № 37 аб’ядноўвае Добрушскі раён і чатырнаццаць сельскіх Саветаў Гомельскага раёна. Як падкрэслівае дэпутат, значная частка населеных пунктаў акругі — прыгранічныя тэрыторыі з Украінай, таму адчуваецца асабліва адказная пазіцыя жыхароў, калі падчас сустрэч гаворка заходзіць аб каштоўнасці міру ў нашай краіне.

— Людзі асабліва адгукаюцца на гэтую тэму і цэняць гарантаваную ў нас стабільнасць і бяспеку, — падкрэслівае дэпутат. — Радуе, што беларусы з упэўненасцю глядзяць у будучыню. Напрыклад, не так даўно менавіта жыхары прыгранічча звярталіся з пытаннямі, як рэалізаваць грамадзянскія ініцыятывы і адкрыць у іх населеных пунктах фітнес-зал, кафэ, акультурыць мясцовае возера, — падзялілася Юлія Аляксандраўна.

Асаблівасць выбарчай акругі Юліі Волкавай — буйныя прамысловыя прадпрыемствы на тэрыторыі — Добрушская папяровая фабрыка «Герой працы» і Добрушскі фарфоравы завод. Таму падчас сустрэч у працоўных калектывах вельмі часта гучаць пытанні аб прадукцыйнасці і ўмовах працы, укараненні новых тэхналогій.

— І на такіх сустрэчах, дарэчы, можна на практыцы пабачыць, як звароты людзей становяцца асновай для ўдасканалення заканадаўства. Вядома, у час сустрэч, асабістых прыёмаў і наведвання працоўных калектываў людзі выказваюць заўвагі, прапановы, задаюць пытанні. Гэта інфармацыя аналізуецца і выкарыстоўваецца ў далейшай заканатворчай рабоце, — падкрэслівае Юлія Волкава. — Напрыклад, на адной з сустрэч з калектывам Добрушскага фарфоравага завода работнікі пацікавіліся, ці магчыма на заканадаўчым узроўні павялічыць максімальна дапушчальную колькасць звышурочных гадзін працы. Такая неабходнасць узнікала летам, калі частка супрацоўнікаў ішла ў водпускі, а прыцягваць часовых работнікаў было складана і не заўсёды мэтазгодна. Пытанне безумоўна важнае, але цалкам адназначнае ў сваім рашэнні, не патрабавала ўсебаковых, шматэтапных разглядаў, таму было ўрэгулявана выданнем іншага нарматыўнага акта. І гэты прыклад не адзінкавы, калі пытанне не змяшчае непасрэдна заканадаўчай ініцыятывы, але патрабуе нарматыўнага рэгулявання, дэпутаты абавязкова давядуць яго да адказнага дзяржаўнага органа, — звяртае ўвагу парламентарый.

Падчас сустрэч, як падкрэслівае Юлія Аляксандраўна, для яе важна не толькі расказаць аб заканатворчай дзейнасці, але і абавязкова сабраць зваротную сувязь. Так, пры падрыхтоўцы новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі яна праводзіла шмат сустрэч у педагагічных калектывах. Цяпер, калі ў цэнтры ўвагі знаходзіцца праект Указа Прэзідэнта аб садоўніцкіх таварыствах, у час работы ў акрузе Юлія Волкава правяла сустрэчу са старшынямі сельскіх Саветаў, каб выслухаць меркаванні дэпутатаў пярвічнага ўзроўню па гэтым дакуменце.

— Выслухала і меркаванні па прапанове забараніць здачу садовых домікаў у арэнду для правядзення шумных забаўляльных мерапрыемстваў. Пры гэтым старшыні сельсаветаў звярнулі ўвагу на прававое становішча так званых індывідуальных садаводаў. Размова ідзе аб грамадзянах, якія атрымалі зямельныя ўчасткі яшчэ ў 1990-я гады. Сёння іх статус у дзейным заканадаўстве застаецца нявызначаным, — прыводзіць цікавыя прыклады аналізу зваротнай сувязі дэпутат.

Сацыяльныя аб’екты — на кантролі

Адно з пытанняў, якім цяпер Юлія Аляксандраўна займаецца вельмі актыўна, датычыцца жыхароў рабочага пасёлка Бальшавік Гомельскага раёна. Тут увесь час пражывае каля 2700 чалавек, а ўлетку, калі прыязджаюць дзеці і ўнукі мясцовых жыхароў, насельніцтва значна павялічваецца. Пры гэтым у рабочым пасёлку да гэтага часу няма банкамата.

— Пытанне неаднаразова ўзнімалася на ўзроўні райвыканкама. Звароты асабіста накіроўвала ў банк. Адмову ўсталяваць банкамат матывуюць тым, што існуючая інфраструктура — маецца на ўвазе аддзяленне банка, пошта — выкарыстоўваецца недастаткова эфектыўна. На практыцы, як сцвярджаюць жыхары рабочага пасёлка, карыстацца гэтымі магчымасцямі яны не могуць, бо банкаўскае аддзяленне і пошта закрываюцца яшчэ да заканчэння працоўнага дня людзей. Таму па наяўныя грошы ім даводзіцца выязджаць у Гомель, — тлумачыць дэпутат.

Яшчэ адзін довад банка, што ёсць магчымасць зняць наяўныя грошы ў мясцовай краме. Аднак, як пераконваюць людзі, там наяўных сродкаў часта не хапае, а пасля замены тэрмінальнага абсталявання ў краме з такой аперацыяй толькі адны праблемы.

— Па гэтым пытанні ўжо накіравала зварот у цэнтральны апарат Беларусбанка. Дамовіліся яшчэ раз вярнуцца да яго восенню. Пакуль праблема застаецца на кантролі, — звяртае ўвагу Юлія Волкава.

Адзін з прыкладаў паслядоўнай работы дэпутата па пытаннях, што хвалююць жыхароў акругі, датычыцца і стану Прыбыткаўскай участковай бальніцы.

— Людзі звярнулі ўвагу на ганкі, якія знаходзіліся ў нездавальняючым стане. Для пажылых пацыентаў гэта было асабліва важна, і гэты момант улічылі. Але вельмі сур’ёзнай праблемай аказаўся стан падвальнага памяшкання. Яно падтапляецца, а з-за вільгаці ў будынку непрыемны пах. Цяпер частка праблем з рамонтам бальніцы ўжо вырашана, але рамонтныя работы працягваюцца, і, на жаль, стан бальніцы ўсё яшчэ не задавальняе. Таму пытанне, безумоўна, застаецца на кантролі, — падкрэслівае дэпутат.

Нязначных тэм — няма

Так, дадае Юлія Аляксандраўна, далёка не кожную праблему ўдаецца вырашыць адразу. Аднак кожны зварот яна абавязкова накіроўвае ў кампетэнтныя арганізацыі і, як паказвае практыка, па многіх пытаннях рашэнне знаходзіцца аператыўна.

Адным з такіх прыкладаў стала сітуацыя ў пасёлку Чонкі. Мясцовы жыхар звярнуў увагу на неабходнасць устанавіць дарожныя знакі «Галоўная дарога» і «Рух без прыпынку забаронены» на скрыжаванні вуліц паблізу школы. Звярнуўся па гэтым пытанні чалавек з інваліднасцю, якога асабліва хвалюе бяспека на дарозе, бо сам ён перамяшчаецца на інваліднай калясцы і не можа хутка перасякаць праезную частку, хвалюецца таксама і за бяспеку землякоў.

— Пасля абследавання ўчастка дарогі ДАІ аператыўна разабралася ў сітуацыі і ўсталявала знакі. Гэта адзін з тых выпадкаў, калі, здавалася б, дзякуючы звароту аднаго чалавека ўдалося павысіць дарожную бяспеку ў пасёлку. Таму заўжды дзякую жыхарам населеных пунктаў сваёй выбарчай акругі за актыўную грамадзянскую пазіцыю, і людзі, сапраўды, удзячны за ўвагу да іх, — рэзюмуе дэпутат.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота з архіва дэпутата

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю