Top.Mail.Ru

Дэпутат Уладзімір Падабед — аб праблемах, з якімі ідуць да яго выбаршчыкі, і аб іх вырашэнні

«Калі чалавек падыдзе і скажа дзякуй — гэта найлепшы крытэрый»


Уладзімір Падабед — член Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў, дэпутат па Магілёўскай-Прамысловай выбарчай акрузе № 87. Дэпутацкая работа ў акрузе, як лічыць Уладзімір Рыгоравіч, — гэта штодзённае сутыкненне з рэальнымі праблемамі выбаршчыкаў. Парламентарый добра ведае гэтыя праблемы не па паперах: ён прайшоў шлях ад кіраўніка брыгады электраманцёраў да старшыні прафсаюзнага камітэта аднаго з найбуйнейшых прадпрыемстваў рэгіёна — ААТ «Магілёўхімвалакно», дзе штодзённа вырашаў пытанні людзей. Менавіта гэты вопыт дазваляе яму выбудоўваць дэпутацкую дзейнасць не фармальна, а па сутнасці. Мы пагаварылі з Уладзімірам Рыгоравічам пра тое, як прафсаюзны досвед дапамагае ў парламенце, з якімі праблемамі прыходзяць да яго выбаршчыкі і што для дэпутата з’яўляецца галоўным крытэрыем паспяховай работы.


— Уладзімір Рыгоравіч, вы доўгія гады працавалі на буйным прадпрыемстве ў розных статусах. Як гэты досвед дапамагае вам сёння ў Палаце прадстаўнікоў?

— Я свядома выбіраў Пастаянную камісію па працы і сацыяльных пытаннях. Ахова працы, заканадаўства аб працы — гэта тое, чым займаўся прафесійна шмат гадоў. Калі ты ведаеш заканадаўства знутры, разумееш, як яно працуе на прадпрыемстве, у калектыве, то і ў парламенце можаш больш прадметна ўдзельнічаць у падрыхтоўцы законаў. Я ўваходзіў у рабочую групу па падрыхтоўцы новага Закона «Аб ахове працы». Гэта вельмі складаны дакумент, бо з яго выцякаюць усе падзаконныя акты — правілы, інструкцыі. Таму ў самім законе многія нормы сфармуляваны так, каб потым можна было без змяненняў у законе карэкціраваць лакальныя дакументы. Кіраўнік дзяржавы ставіў задачу, каб закон быў стабільны мінімум на пяць гадоў, а ўжо падзаконныя акты могуць пераглядацца — жыццё ж не стаіць на месцы.

— Вы доўгі час узначальвалі прафсаюзную арганізацыю прадпрыемства, дзе было пяць тысяч чалавек. Што з таго вопыту аказалася найбольш запатрабаваным у дэпутацкай дзейнасці?

— Найперш гэта камунікабельнасць: уменне размаўляць з людзьмі, чуць іх і дапамагаць знаходзіць рашэнні. Калі я толькі прыйшоў на працу, у маім падпарадкаванні была брыгада ўсяго з 5 чалавек, далей — цэх на 180 супрацоўнікаў. Па лініі службы аховы працы і прамысловай бяспекі зона адказнасці пашырылася — ужо болей за тысячу спецыялістаў. А калі ўзначаліў прафсаюзны камітэт — гэта пяць тысяч работнікаў, плюс ветэраны працы, якія ўжо на заслужаным адпачынку, але засталіся на прафсаюзным уліку. За кожнай гэтай лічбай — велізарная колькасць чалавечых лёсаў, праблем і пытанняў, якія патрабавалі штодзённай увагі.


— З якімі пытаннямі да вас найчасцей прыходзяць выбаршчыкі ў акрузе?

— Калі разбіць пытанні ад грамадзян па прафесійных кірунках або ўзроставых групах, то атрымліваецца даволі паказальная карціна. Напрыклад, уладальнікаў аўтатранспарту найбольш хвалюе стан дарог. Доўгі час востра стаяла пытанне якасці дарожнага палатна на праспекце Шмідта ў Магілёве, і сёлета дзякуючы ўдзелу гарадскіх улад яго нарэшце адрамантавалі. У сваю чаргу, людзі перадпенсійнага ўзросту вельмі часта хвалююцца пра сацыяльныя льготы і гарантыі для пенсіянераў. Моладзь жа цікавіцца іншым: якія прэферэнцыі мае малады спецыяліст, як стаць на чаргу на жыллё альбо атрымаць арэнднае, якія льготы дае калектыўны дагавор. Людзі сярэдняга ўзросту, 35–50 гадоў, пытаюцца пра развіццё рэгіёна: што будзе будавацца, якія прадпрыемствы плануюцца, як будзе развівацца Задняпроўе. А ветэраны працы хвалююцца за лёс горадаўтваральнага прадпрыемства. Яны пытаюцца: што будзе з «Магілёўхімвалакном», ці вернецца яно да былой магутнасці, якая з-за санкцый цяпер не такая, як была.

— А што з больш простымі, бытавымі пытаннямі?

— Іх таксама шмат. Дом на вуліцы Куцепава, напрыклад: людзі месяцамі звярталіся ў ЖКГ, ім усё абяцалі, але праблема з трэшчынамі ў стыках не вырашалася. Я пісьмова звяртаўся, тэлефанаваў — паабяцалі да канца года зрабіць. Сёння пытанне на асобным кантролі. Бываюць зусім асабістыя гісторыі. Прыходзіла жанчына — яе муж з’яўляецца інвалідам першай групы, яны хочуць пераехаць у спецыяльны дом суправаджальнага пражывання ў г. Магілёве. На дадзены момант разам з сацыяльнай службай адміністрацыі Кастрычніцкага раёна рыхтуем дакументы. Гэта складана, але, калі атрымаецца, — вельмі важна. Ёсць пытанні з барадой. Была жанчына, якая судзіцца з 90-х гадоў. Яна выйграла суд, але хоча менавіта тую кааператыўную кватэру, якую калісьці страціў яе муж. Улады прапаноўвалі ёй іншае жыллё, у новабудоўлях, але яна стаіць на сваім. Ужо некалькі ўласнікаў змянілася, а яна ўсё судзіцца. Я разумею, што тут складана нешта змяніць.


— Вы таксама дапамагаеце людзям з іншых акруг?

— Бывае. Прыходзіць жанчына: «Я з Карэліцкага раёна, у мяне там застаўся дом ад бацькі, ветэрана вайны, трэба касіць траву, глядзець за тэрыторыяй. Не магу туды ездзіць», — расказвае яна. Я патэлефанаваў дэпутату той акругі — Аляксандру Генрыхавічу Сангіну. Ён падключыўся, і на працягу тыдня пытанне было вырашана: знайшлі людзей, якія дапамаглі зрабіць гэта. Галоўнае — падказаць чалавеку, куды звяртацца. Мы з калегамі не адмаўляем. Не кажам: «Гэта не мая акруга, ідзіце туды». Усё роўна размаўляем, накіроўваем.

— А што для вас асабіста галоўны крытэрый таго, што дэпутацкая праца ідзе правільна?

— Я не лічу, што чым больш зваротаў, тым лепш. Можна засяродзіцца на колькасці, але гэта не паказчык. Калі ты штодня робіш сваю працу, калі ў цябе атрымліваецца вырашыць пытанне, у межах прававога поля, і чалавек потым сустракае цябе на вуліцы і кажа: «Дзякуй! Вы мне параілі, я зрабіў, і ўсё атрымалася!» — гэта самы найлепшы крытэрый. У такія моманты адчуваеш сапраўдную радасць ад таго, што змог дапамагчы і вырашыць чарговую жыццёвую праблему свайго выбаршчыка. Бо калі твая парада ці справа сапраўды дапамагла чалавеку — гэта і ёсць галоўнае ў дэпутацкай дзейнасці.

Надзея ЗУЕВА

Фота з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю